Прэзідэнт з рабочай паездкай наведаў Добруш

Кіраўнік дзяржавы азнаёміўся з рэалізацыяй інвестыцыйнага праекта па тэхнічным перааснашчэнні Добрушскай папяровай фабрыкі «Герой працы». Тут яшчэ ў 2012 годзе пачалі будаваць завод па выпуску мелаваных і немелаваных відаў кардону з аб’ёмам вытворчасці 200 тыс. т кардону ў год, але работы так і не былі завершаны. Аб’ект закансерваваны.
У мінулым годзе Савет Міністраў зацвердзіў схему завяршэння праекта асобнымі пускавымі комплексамі з прыцягненнем спецыялізаваных арганізацый у якасці падрадчыкаў па кожным напрамку. Завод плануецца ўвесці ў эксплуатацыю ў 2020 годзе, а ў 2022-м ён павінен выйсці на праектную магутнасць.

Аб імпартазамяшчэнні

Старшыня канцэрна «Беллеспаперапрам» Юрый Назараў расказаў, што завод гатовы на 90 працэнтаў. Засталося запусціць машыннае абсталяванне і завяршыць невялікія будаўнічыя работы.

Беларускія прадпрыемствы не могуць самі зрабіць гэта, паколькі ў іх няма такіх кампетэнцый: такой вытворчасці раней не было на ўсёй постсавецкай прасторы. «Аўстрыйская кампанія — лідар у гэтай сферы. Яны гарантуюць, што мы атрымаем тое, дзеля чаго будуем завод», — адзначыў Юрый Назараў.

Аўстрыйцы ў выпадку неабходнасці таксама паставяць у Добруш тэхніку. У перспектыве наладзіць вытворчасць гэтых вузлоў можна і ў Беларусі.

«Усё гэта мы павінны вырабляць у сябе, калі нам спатрэбіцца. Нам трэба валюту зарабляць, таму пажадана не вывозіць яе, — падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка. — За імпартазамяшчэнне мы возьмемся сур’ёзна».

 

Аб сітуацыі вакол каранавіруса

Прэзідэнт Беларусі падкрэсліў, што ў Беларусі ёсць усё неабходнае для недапушчэння распаўсюджвання новага каранавіруса.

«Нам варта трывожыцца. Але толькі ў адным — мыйце рукі, менш абдымайцеся з незнаёмымі людзьмі на вуліцы. Я намякаю на асабістую гігіену. Усё астатняе — за Міністэрствам аховы здароўя, — сказаў Прэзідэнт. — Усё залежыць ад нас. Гэта элементарнае. Таму трэба засцерагчы ад небяспекі сябе, сваіх дзяцей, асабліва маленькіх дзетак. А наколькі гэта магчыма, дзяржава свае абавязкі выканае. Магчымасці такія ў нас ёсць».

Па інфармацыі БелТА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *