Прыём грамадзян правёў старшыня райвыканкама Дзяніс Дзішук

Рух гарадскога транспарту стаў цэнтральнай тэмай зваротаў бярэзінцаў да старшыні райвыканкама Дзяніса Дзішука.

Выязны прыём грамадзян і юрыдычных асоб кіраўніком раёна адбыўся днямі ў аграгарадку Паплавы. Звярнуцца жадаючыя маглі і на “прамую лінію”, што працавала ў час прыёму.

Так, першай патэлефанавала жыхарка вуліцы Кастрычніцкай горада Марыя Васільеўна. Жанчына ад імя пенсіянераў свайго мікрараёна выказала незадаволенасць графікам руху гарадскога транспарту. Па яе словах, летась, у снежні, былі адменены рэйсы па маршруце аўтобуса нумар адзін на 9 і 10 гадзін раніцы. Справа ў тым, што пенсіянеры жывуць амаль на ўскрайку вуліцы Кастрычніцкай. А тут, на жаль, адсутнічаюць аб’екты, дзе можна было б набыць прадукты і лекі. Ды і ў медыцынскім абследаванні на базе паліклінікі пажылыя людзі нярэдка маюць патрэбу. А для пенсіянераў 75-80-гадовага ўзросту, што ў большасці пражываюць у мікрараёне, дабрацца з аднаго канца горада ў другі – нярэдка сапраўдная праблема.

Аналагічным быў зварот і суседкі – Алены Аляксееўны. Жанчына лічыць, што без ранейшых рэйсаў цяжка даводзіцца не толькі пенсіянерам, але і шматдзетным сем’ям, што жывуць на ўскрайку Кастрычніцкай. Дзецям жа трэба наведваць садкі, школы, гуркі па інтарэсах, спартыўныя ўстановы. Таму без наладжаных транспартных сувязей ніяк не абысціся.

Дзяніс Ігаравіч у сваю чаргу паабяцаў звярнуўшымся дапамагчы разабрацца ў сітуацыі. Па даручэнні старшыні райвыканкама рашэннем агучаных праблемных пытанняў у бліжэйшы час зоймуцца адпаведныя службы.

Даведка ад “БП”

Аграгарадок Паплавы з’яўляецца цэнтрам Паплаўскага сельвыканкама. Тут пражывае 469 жыхароў. Усяго на тэрыторыі сельвыканкама знаходзяцца 33 населеныя пункты з агульнай колькасцю жыхароў – 1623.

Алена МУРАЧ.
Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *