Пытайцеся — адкажам

Ёсць кітайская вакцына

На “гарачую лінію” газеты патэлефанавала жанчына, яна цікавілася, калі ў райбальніцы з’явіцца кітайская вакцына для вакцынацыі супраць карана-віруснай інфекцыі.

Адказвае галоўны ўрач ЦРБ Крысціна КРУК:

– У Бярэзінскую ЦРБ паступіла 800 доз кітайскай вакцыны. Таму ўжо з 15 верасня можна зрабіць прышэпку кітайскай вакцынай. Ёсць у наяўнасці і расійская вакцына “Гам-КОВИД-вак” (Спутник V).

На жаль, апошнім часам назіраецца ўздым захворвання. У дзень паступае каля 10-15 чалавек з сімптомамі каранавіруснай інфекцыі. Іх мы шпіталізуем ва ўстановы аховы здароўя Мінскай вобласці. Прычым хвароба праходзіць у больш цяжкай форме, хварэюць нават дзеці.

На жаль, ёсць у Бярэзінскім раёне і лятальныя зыходы з-за каранавіруснай інфекцыі. У большасці – людзі пажылога ўзросту, пацыенты, якія маюць хранічныя захворванні.

Вельмі важна, каб як мага больш бярэзінцаў прайшлі вакцынацыю! У нас працуюць мабільныя групы. Мы можам выехаць нават у працоўныя калектывы і зрабіць прышчэпкі ўсім жадаючым.

Калі ёсць пытанні наконт вакцынацыі, тэлефануйце на «гарачую лінію» 801715-6-86-08 (з 8.00 да 16.00)

Падаткі

– Мне сваякі абяцаюць падарыць альбо завяшчаць кватэру ў сталіцы. Ці патрэбна ў гэтым выпадку выплачваць падаходны падатак?

Віталій, горад Беразіно.

Адказвае начальнік упраўлення па рабоце з плацельшчыкамі па Бярэзінскім раёне інспекцыі Міністэрства па падатках і зборах Рэспублікі Беларусь па Барысаўскім раёне Наталля Каравая:

– Адразу заўважу, што наследнікі падаходны падатак не выплачваюць. А вось калі маёмасць ці нерухомасць перадаецца ў дар дальнім сваякам альбо іншым асобам, тады з сумы перавышаючай 7 521 рубель давядзецца заплаціць 13 працэнтаў.

Пенсія

– Нядаўна даведаўся, што цяпер пенсіянера могуць пазбавіць пенсіі. Няўжо гэта справядліва — пакінуць чалавека на старасці без сродкаў існавання?

Адказвае намеснік пракурора Бярэзінскага раёна Андрэй Філончык:

– Адразу ўдакладню, што размова ў гэтым выпадку не тычыцца звычайнай працоўнай пенсіі. А пачалася гаворка з Пастановы Савета Міністраў пад нумарам 505 ад 1 верасня 2021 года. Згодна з дакументам, уносяцца змяненні ў зацверджанае Палажэнне аб пенсіях за асаблівыя заслугі. Згодна з новаўвядзеннямі цяпер беларусаў можна будзе пазбаўляць пенсій за асаблівыя заслугі.

Сацыяльная абароненасць

– У мяне бацька – інвалід першай групы і згодна з медыцынскім заключэннем ён мае патрэбу ў падгузніках. Які кошт складае сацыяльная дапамога на гэтыя мэты?

Святлана, вёска Святліца.

Адказвае начальнік аддзела матэрыяльна-тэхнічнага забеспячэння і працоўных адносін упраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама Наталля Барауля:

– Кошт матэрыяльнай дапамогі з 1 жніўня на падгузнікі складае 425 рублёў 19 капеек.

Сума напрамую залежыць ад бюджэту пражытачнага мінімуму.

Жыццёвая сітуацыя

– Мой сын – першакурснік, я і нядаўна адправіла яму грошы на карту. Аднак, напэўна, дзесьці памылілася і грошы яму не дайшлі. Што рабіць?

Кацярына, горад Беразіно.

Адказвае дырэктар цэнтра банкаўскіх паслуг №602 філіяла № 612 АСБ “Беларусбанк” Ларыса Медушэўская:

– Калі выпадкова паслалі грошы не туды, – звяртацца трэба ў банк, які выпусціў картку. Адмяніць аперацыю нельга і банк грошы не верне. Максіму, што можна зрабіць, – адправіць запыт у банк атрымальніка і ён ідэнтэфікуе кліента. Аднак аб вяртанні грошай вам давядзецца дамаўляцца самастойна.

Добраўпарадкаванне

– Я шмат гадоў жыў у кватэры шматпавярховага дома і нядаўна набыў уласную сядзібу. Таму мяне і цікавяць патрабаванні па добраўпарадкаванні індывідуальных жылых дамоў. Што канкрэтна ад мяне патрабуецца?

Ігар, горад Беразіно.

Адказвае адвакат Марына Грынкевіч-Гушчына:

– Патрабаванні да добраўпарадкавання індывідуальных жылых забудоў на тэрыторыі Мінскай вобласці дакладна прапісваюць абавязкі ўладальнікаў індывідуальных жылых дамоў.

Ім трэба ўтрымліваць у парадку, які адпавядае архітэктурна-будаўнічым і супрацьпажарным патрабаванням, жылыя дамы, гаспадарча-бытавыя пабудовы і вулічныя агароджы, своечасова рабіць іх рамонт і афарбоўку, замену прыйшоўшых у непрыгоднасць канструкцыйных элементаў;

выконваць ва ўстаноўленым заканадаўствам парадку разборку старых дамоў і пабудоў, а таксама рэштак дамоў, гаспадарчых пабудоў пасля пажараў і іншых надзвычайных сітуацый з добраўпарадкаваннем прылеглых да іх тэрыторый;

падтрымліваць чысціню і парадак на прысядзібнай і прылеглай да домаўладання тэрыторыі да восі праезнай часткі вуліцы па ўсёй даўжыні ўчастка, сістэматычна ачышчаць яе ад смецця, адходаў будаўніцтва, рабіць абкошванне пустазельнай расліннасці;

не загрувашчваць дваровую тэрыторыю і тэрыторыю агульнага карыстання, прылеглую да зямельнага ўчастка, будаўнічымі матэрыяламі, цвёрдым палівам, стагамi сена, саломы і іншымі прадметамі;

не дапускаць утварэння звалак бытавых і іншых адходаў, а таксама ўтылізаваць раслінныя рэшткі ў кампостнавых ямах, размешчаных на ўласных участках;

забяспечваць раздзяленне адходаў па відах (макулатура, пластык, шкло, метал, анучы) і перадачу іх на нарыхтоўчыя пункты або размяшчаць у спецыяльна ўстаноўленыя для гэтых мэт кантэйнеры, заключаць дагаворы на вываз камунальных адходаў;

забяспечваць выкарыстанне зямельных участкаў, прадастаўленых для вядзення асабістай падсобнай гаспадаркі, агародніцтва, у адпаведнасці з іх мэтавым прызначэннем, не дапускаць зарастання іх пустазеллем.

Мілана ТРАПЯНОК.
Фота з адкрытых крыніц.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *