Радаўніца: традыцыі продкаў

11 мая праваслаўныя вернікі будуць успамінаць родных, блізкіх, знаёмых, што пайшлі з жыцця.

Сёння мы пацікавіліся ў бярэзінцаў, якія традыцыі захоўваюцца ў іх сем’ях на Радаўніцу.

Уладзімір ПАПОЎ, афіцэр запасу:

– Штогод падчас “вербнага” тыдня, на Вялікдзень, на Радаўніцу ходзім з жонкай на могілкі. Хто, калі не мы, будзе захоўваць памяць пра продкаў? Для нас гэта — святы абавязак. Для мяне як афіцэра запасу – вялікае свята Дзень Перамогі! Абавязкова ўдзельнічаю ў мітынгу-реквіеме, што праходзіць у гарадскім скверы каля помніка загінуўшым воінам. Мы не маем права забываць пра подзвіг нашых землякоў, што змагаліся за Перамогу!

Юлія СТАРАСВЕЦКАЯ, у дэкрэтным водпуску:

– На Радаўніцу мы абавязкова наведваем могілкі. Гэта традыцыя перадаецца з пакалення ў пакаленне. Добраўпарадкоўваем месцы пахаванняў, ускладаем кветкі, па магчымасці – жывыя, каб не захламляць наваколле пластыкам. Вядома ж, узгадваем продкаў…

Анжэла РЭЗАНКОВІЧ, у дэкрэтным водпуску:

– На Радаўніцу абавязкова сям’ёй ходзім на могілкі, прыбіраем месцы пахаванняў, ускладаем кветкі. Для нас гэта традыцыя. Ды і Дзень Перамогі – сямейнае свята. Мой дзядуля быў ветэранам Вялікай Айчыннай вайны. Раней абавязкова ўдзельнічала ў мітынгах памяці. Зараз у дэкрэтным водпуску, часу не так многа, але ўсё роўна на 9 Мая імкнёмся прыйсці да помніка загінуўшым воінам і ўскласці кветкі. Пастаяць у цішыні, згадаць дзядулю, воінаў, аддаўшых жыццё дзеля нашага міру.

Таццяна ХАЛЕЦКАЯ, пенсіянерка:

– Традыцыі перадаліся ад бацькоў. Заўсёды, нягледзячы на здароўе, надвор’е, жыццёвыя цяжкасці, абавязкова перад Радаўніцай наведваем могілкі. Прыбіраем, падфарбоўваем. Гэта – наш святы абавязак. Такім чынам мы аддаём даніну павагі продкам. Ускладаем кветкі, аддаём перавагу жывым. Пастаім каля помнікаў, узгадаем блізкіх… І такая радасць на душы, такая асалода. Невыпадкова назва свята Радаўніца – ад слова радасць. У гэты дзень мы быццам зноў сустракаемся з роднымі…

Крысціна ПАЛЯНСКАЯ, у дэкрэтным водпуску:

– Муж з роднымі заўсёды перад Вялікаднем і Радаўніцай наведваюць магілы продкаў у Косаўцы, Вяшэўцы, Шавярнічах… Прыбіраюць, падфарбоўваюць. Упрыгожваюць магілы кветкамі, у большасці – жывымі. Хочацца, каб на месцах пахаванняў было мінімум пластыку. Ёсць у нас таксама няпісаная традыцыя: менавіта на Радаўніцу на могілках пакідаць па булачцы. І абавязкова самапечанай.

Юлія БУКЕЛЬ.
Фота Алены ГРОМАВАЙ.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *