“Раёнка – сямейная газета”

З упэўненасцю сцвярджае Іна Хвашчэўская. Менавіта яна першай завітала на Дзень падпісчыка — аформіла падпіску на раёнку адразу на квартал. І атрымала галоўны прыз – сертыфікат на манікюр у студыю прыгажосці «COSMOPOLITAN».

Падчас Дня падпісчыка калектыў рэдакцыі “Бярэзінская панарама” праводзіў розыгрыш прызоў сярод сваіх падпісчыкаў

— Нечакана! Выпадкова па справах зазірнула ў паштовае аддзяленне, заўважыла, што праходзіць акцыя рэдакцыі. Згадала, што яшчэ ж не аформіла падпіску на раёнку на ІV квартал, — заўважае Іна Валянцінаўна. – Мы з мужам вельмі даўно выпісваем газету. Афармляем падпіску адразу на некалькі месяцаў. Я ў першую чаргу знаёмлюся з матэрыяламі культурнай тэматыкі. Бо сама ж працую ў сферы культуры, таму гэта тэма для мяне родная. Асабліва падабаюцца “жывыя” матэрыялы, рэпартажы з розных свят. З нецярпеннем чакаю штомесяц і аўтарскую калонку Міланы Трапянок. Журналіст ярка разважае на розныя тэмы, як кажуць, раскладвае ўсё па палічках. Увогуле, мне падабаецца як, піша гэты журналіст. У яе цудоўныя матэрыялы абсалютна на розныя тэмы: сельская гаспадарка, культура, адукацыя, спорт. Свой, асаблівы, індывідуальны стыль. У зусім простых рэчах яна бачыць “изюминку”. З задавальненнем чытаю артыкулы, у якіх “раёнка” расказвае пра родных, знаёмых. Не раз і пра мяне пісала “Панарама”. Дома ўжо ёсць нават своеасаблівы архіў, дзе змяшчаюцца асабліва дарагія сэрцу матэрыалы.

Іна Хвашчэўская — пераможца розыгрышу рэдакцыі на Дні падпісчыка

Падпісана я на “Бярэзінскую панараму” і ў сацыяльных сетках. Падабаецца, што там аператыўна дабаўляецца інфармацыя пра ўсе падзеі, што адбываюцца ў раёне. Шмат яркіх здымкаў. Асабліва з задавальненнем праглядваю фотаздымкі са свят. Хоць я і сама бываю ўдзельнікам розных раённых мерапрыемстваў, але калі затым праглядаю здымкі, быццам адкрываю мерапрыемствы для сябе па-новаму. Радуе, што ў сацыяльных сетках дабаўляюцца і відэа, вядуцца прамыя эфіры.

Але, нягледзячы на тое, што з многімі навінамі знаёмлюся праз сацыяльныя сеткі “раёнкі”, усё роўна ў сераду і суботу чакаем з мужам “жывую” газету, — дадае Іна. — На наш погляд, друкаваную газету ніколі не заменіць анлайн-версія.

Практычна ўсе, хто зазірнуў у гэты дзень у паштовае аддзяленне, падыходзілі да начальніка паштовага аддзялення Беразіно-1 Наталлі Сіняк.

Начальнік паштовага аддзялення Беразіно-1 Наталля Сіняк афармляе падпіску адразу на тры месяцы даўняй падпісчыцы раёнкі Алене Касцюкевіч

— Прачытала ў раёнцы, што сёння можна без чаргі, хуценька падпісацца на газеты і часопісы, ды яшчэ, магчмыма, атрымаць падарункі, — зазначае яшчэ адна наша даўняя сяброўка Наталля Паджарая. – Вядома ж, вырашыла паўдзельнічаць у гэтым мерапрыемстве. Мне, калі ласка, выпішыце раёнку адразу на тры месяцы. З “Панарамай” сябрую вельмі-вельмі даўно. Чытаю ўсё – пачынаю з віншаванняў, аб’яў, затым – матэрыялы пра людзей, прафесіяналаў сваёй справы, святы, што прайшлі ў горадзе і раёне, вобласці. Што падабаецца? Бясспрэчна, публікацыі пра людзей, лепшых працаўнікоў.

— І я з раёнкі даведалася, што сёння Дзень падпісчыка, — дадае Алена Касцюкевіч. – Таму і завітала ў гарадское аддзяленне. Без “раёнкі” мне б ужо было жыць сумна. А адкуль бы я ведала, што адбываецца ў раёне. У маю паштовую скрыню трапляюць і іншыя газеты і часопісы. Адзін месяц выпісваю адно, другі – другое. “Панараму” – пастаянна, вось ужо шмат гадоў. Падабаюцца рубрыкі “Крымінал”, новая — “Вы тэлефанвалі 102?”, “Юбіляры”… Заўважыла, што ў апошні час газета змянілася: і дызайн, і змест. І гэта мяне вельмі радуе.

— Я выпісваю раёнку даўно, — заўважае Тамара Красоўская. – Афармляю падпіску адразу на некалькі месяцаў

Працягнула падпіску і Тамара Красоўская. Жанчына пражывае ў Дзмітравічах. Сёння па справах была ў Беразіно і зазірнула ў гарадское аддзяленне.

— Прыемна атрымаць падарункі ад любімай раёнкі, — заўважае жанчына. – Выпісваю “Бярэзінскую панараму” даўно. Пачынаю знаёмства з чарговым нумарам з аб’яў, віншаванняў. Чытаю, без перабольшвання, усё: афіцыйныя навіны, пра людзей і святы. Асаблівую цікавасць артыкулы да прафесійных свят, пра знаёмых, сяброў, калег… Яркі, незвычайны атрымаўся нумар да свята “Дажынак”! З задавальненнем чытала і рэпартаж з мерапрыемства. Люблю знаёміцца і са шматдзетнымі сем’ямі, як яны жывуць, выхоўваюць дзетак. Цікавяць навіны медыцыны. Вось даведалася, што ўжо распачалася вакцынацыя супраць грыпу. Неабходна таксама зрабіць прышчэпку. Чытаю з задавальненнем і пра нашых урачоў, іх парады, як захаваць здароўе! Адным словам, раёнка для мяне — газета нумар адзін. Раю яе выпісваць многім, каб ведаць, чым жыве раён!

Дзякуй усім, хто завітаў на Дзень падпісчыка, хто пастаянна сярод мноства выданняў выбірае родную “Бярэзінскую панараму”. Дзякуй нашым партнёрам за дапамогу ў арганізацыі мерапрыемства.

Нагадаем, што працягваецца падпіска на апошні квартал бегучага года. Хто яшчэ не паспеў, паспяшайцеся: падпісацца можна ў паштальёнаў, аддзяленнях сувязі, а таксама ў нас у рэдакцыі (пошта, 2 паверх). Мы заўсёды радуем нашых падпісчыкаў рознымі конкурсамі, розыгрышамі. Зараз, да прыкладу, праходзіць фотаконкурс “Ураджай-2020”. Дасылайце да 5 кастрычніка здымкі вашага багатага ўраджаю. Па выніках анлайн-галасавання, лепшыя здымкі будуць надрукаваныя ў газеце. А пераможцаў чакаюць падарункі.

І яшчэ адзін розыгрыш! Выпісвайце газету адразу на тры месяцы, прыносьце ці дасылайце ў рэдакцыю (пошта, другі паверх) падпісны квіток. Кожнага дзясятага падпісчыка (з тых, што прадаставяць квіток) чакаюць сюрпрызы ад нашых спонсараў і сувенірная прадукцыя.

Заставайцеся, калі ласка, з намі! Будзем сябраваць і надалей.

 

Юлія БУКЕЛЬ. Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *