Разам — 45 гадоў!

Ларыса Адамаўна СЯЛІЦКАЯ, пенсіянерка:

— Выбраліся з сяброўкай у горад. Вось выпадкова зазірнулі на другі паверх пошты — трапілі ў рэдакцыю. Убачылі на адным з кабінетаў аб’яву, што “тут можна падпісацца на раёнку” і ўзрадаваліся — не патрэбна ж стаяць у чарзе ў касе. Хуценька аформілі падпіску. А як жа іначай?!
Ведаеце, я прыехала на Бярэзіншчыну, у вёску Гацец у 1974 годзе. Тады ж упершыню і выпісала раёнку. І вось ужо амаль 45 гадоў “сябрую” з “Бярэзінскай панарамай”.
Шчыра кажучы, чытаю ўсе матэрыялы. Па традыцыі пачынаю знаёміцца з апошняй старонкі: віншаванні, аб’явы, хто ў каго нарадзіўся…  Дарэчы, і сама часта віншую родных, да прыкладу, з днём нараджэння менавіта праз газету. Зусім нядаўна павіншавала ўнука.
А больш за ўсё ў раёнцы люблю чытаць пра людзей, асабліва пра сваіх калег, нашых медыцынскіх работнікаў. Я ж доўгі час, больш за 40 гадоў, працавала загадчыцай Гацецкага фельчарска-акушэрскага пункта. Дачушка Таццяна працуе фельчарам-лабарантам у нашай ЦРБ.
Даспадобы мне артыкулы і пра раённыя святы. Цікавіць школьная тэматыка — лепшыя настаўнікі, вучні, новаўвядзенні ў галіне адукацыі. Чытаю і крымінальныя навіны. З задавальненнем знаёмлюся з парадамі садаводам. У нас жа ёсць агарод, нават невялікая хатняя гаспадарка.
Чаго не хапае ў газеце? Я вельмі люблю разгадваць крыжаванкі, хацелася б, каб, магчыма, і ў “Панараме” з’явіліся некаторыя з іх.
Муж Анатолій таксама любіць раёнку. Іншы раз нават сварымся, хто ж першы будзе знаёміцца з чарговым нумарам газеты. Яму даспадобы артыкулы пра працаўнікоў вёскі, вадзіцеляў, матэрыялы сельскагаспадарчай тэматыкі. Летам будзем з ім адзначаць юбілей — 45 гадоў разам. Думаем, што дачушка абавязкова нас павіншуе праз любімую раёнку.
Вось так дзіўна атрымліваецца, што з мужам у нас сапфіравае вяселле і з раёнкай мы таксама разам 45 гадоў.
Дзякуй калектыву рэдакцыі за тое, што расказваеце пра раён, людзей працы, святы, якія ладзяцца. Дзякуючы раёнцы, мы ў курсе падзей.

Фота Юліі БУКЕЛЬ.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *