Рота ганаровага каравула – у Лешніцы

Ва ўстановах адукацыі Бярэзіншчыны склалася сістэма грамадзянска-патрыятычнага выхавання вучняў, якая рэалізуецца ў рамках адукацыйнага працэса і з’яўляецца важнай яго часткай. У яе рамках Лешніцкую школу наведалі з прадстаўнікі роты ганаровага каравула Мінскай ваеннай камендатуры. На сустрэчы прысутнічалі таксама вучні Брадзецкай, Гарэніцкай, Капланецкай школ.

Вайскоўцы расказалі дзецям пра жыццё і быт арміі, вучобу ў сувораўскіх, кадэцкіх вучылішчах і Ваеннай акадэміі Рэспублікі Беларусь, паказалі канцэрт самадзейнасці. І самае захапляльнае на думку многіх юных гледачоў было напрыканцы мерапрыемства – можна было азнаёміцца з аўтаматам Калашнікава, кулямётам, пісталетам, снайперскай вінтоўкай СВД, патрымаць зброю ў руках і сфатаграфавацца з ёй. Прыцягвала ўвагу таксама ваенная форма: госці былі ў парадных строях, а таксама ў зімнім і летнім варыянтах камуфляжу маск-халатаў.

У якасці гасцей прысутнічалі начальнік упраўлення па адукацыі, спорту і турызму Бярэзінскага райвыканкама Алеся Цітова, першы сакратар ГА “БРСМ” Кацярына Аўрамчык і начальнік абасобленай групы ваеннага камісарыята Чэрвеньскага і Бярэзінскага раёнаў Сяргей Вярбіцкі.

— Мерапрыемствы падобнага роду праводзіць абавязкова патрэбна, — зазначыў Сяргей Вярбіцкі. – У раёне няма вайсковых частак, а дзецям, школьнікам карысна і варта ведаць пра асаблівасці ваеннай службы, вучобу ў ваеннай Акадэміі, у непасрэдным кантакце пазнаёміцца з сапраўднай зброяй. Падобныя сустрэчы дазваляюць сфармавацца ў дзецях правільным светапоглядам наконт таго, што ёсць армія, хто такія вайскоўцы і людзі, якія стаяць на варце Радзіме, каб у будучым самім стаць добрасумленнымі грамадзянамі нашай краіны.

 

 

 

Аляксандр БЫЧКОЎСКІ.

Фота аўтара.

 

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *