Са святам, паляўнічыя і рыбаловы!

Сёлета Рэспубліканскае грамадскае аб’яднанне “Беларускае таварыства паляўнічых і рыбаловаў” адзначыла сваё 100-годдзе.

У сувязі са святкаваннем юбілею 25-26 чэрвеня на Вяслярным (Гребном) канале ў г.Мінску будзе арганізавана святочнае мерапрыемства, дзе можна будзе адпачыць усёй сям’ёй і прыняць удзел у розных масавых мерапрыемствах.

Да аднаго са структурных падраздзяленняў адносіцца арганізацыя «Бярэзінская раённая арганізацыйная структура» Рэспубліканскага дзяржаўна-грамадскага аб’яднання «Беларускае таварыства паляўнічых і рыбаловаў». З 2019 года ўзначальвае арганізацыю малады адказны кіраўнік Генадзій Стральцоў.

 

— З якіх аспектаў складаецца асноўная дзейнасць Бярэзінскай арганізацыі паляўнічых і рыбаловаў?

— За нашым калектывам  замацавана тэрыторыя ў 86 тысяч гектараў, на якой размешчана шэсць паляўнічых лецішчаў. Асноўная дзейнасць арганізацыі складаецца ў падпарадкаванні паляўнічай гаспадаркі, павелічэнні колькасці жывёл, іх падкормка, правядзенне паляванняў як з грамадзянамі нашай Рэспублікі, так і з замежнымі паляўнічымі. Таксама сумесна з інспекцыяй жывёльнага і расліннага свету Бярэзінскага раёна мы праводзім рэйдавыя мерапрыемствы па выяўленні фактаў незаконнага палявання.

 

— Паляўнічыя і рыбаловы не толькі карыстаюцца дарамі прыроды, а і стараюцца іх павялічваць. Наколькі паспяхова гэта атрымліваецца?

— Паводле дадзеных статыстыкі колькасць жывёл у арганізацыі павялічваецца. Так, за перыяд 2017- 2021 гадоў нармаваныя віды жывёлаў (лось, казуля, алень) павялічыліся ў 2 разы. Таксама праводзім зарыбленні вадаёмаў.

— Што можна сказаць пра ваш калектыў і сувязь з моладдзю? Ці шмат у вас юных аднадумцаў?

— Калектыў наш невялікі  і  згуртаваны. Гэта — вядучы бухгалтар Таццяна Ізмер  і егерскі склад: Міхаіл Яблонскі, Вячаслаў Ермалюгін, Віктар Чага, Міхаіл Варанец, Аляксандр Тарасёнак. У кожнага з егераў за плячыма пэўны стаж працы, вялікі паляўнічы вопыт.

Актыўную працу мы вядзем з моладдзю, не толькі ў выглядзе штогадовых акцый «Чысты вадаём», у час якіх школьнікі нашага раёна дапамагаюць наводзіць парадак на прыбярэжных участках вадаёмаў. Праводзім конкурсы малюнкаў на тэму «Прырода і жывёльны свет Беларусі». Штогод праводзім спартыўна-масавыя мерапрыемствы па стралковым мнагаборстве і рыбалоўным віду спорту ў зімовы і летні перыяды.

Алена ГРОМАВА.

Фота аўтара. 

 

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *