Сацыяльны праект «Гармонія прыгажосці» рэалізуецца на Бярэзіншчыне

Вы пачалі рыхтавацца да Новага года?! А наведвальнікі аддзялення дзённага знаходжання для інвалідаў Бярэзінскага ТЦСАН ужо нават зрабілі навагоднія кампазіцыі. У гэтым ім дапамагла, правяла майстар-клас фларыст, гаспадыня магазіна “Букет” Наталля Кочэва.

Майстар-клас па стварэнні навагодняй кампазіцыі для наведвальнікаў аддзялення дзённага знаходжання для інвалідаў Бярэзінскага ТЦСАН праводзіць Наталля Кочэва

Нагадаем, што Бярэзінскі тэрытарыяльны цэнтр сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва, Бярэзінская раённая арганізацыя грамадскага аб’яднання «Беларуская асацыяцыя дапамогі дзецям-інвалідам і маладым інвалідам» і магазін “Букет” сумесна рэалізуюць сацыяльны праект “Гармонія прыгажосці”. У чым яго сутнасць? Адзін раз у месяц для наведвальнікаў аддзялення праходзіць майстар-клас па фларыстыцы.

— Хутка навагоднія святы, таму, вядома ж, на гэты раз вырашылі стварыць навагоднія кампазіцыі, — заўважае Наталля Кочэва. — Мы прадаставілі ўсе неабходныя матэрыялы. Зрабіць кампазіцыю можа кожны, гэта не складана. Галоўнае — жаданне. Спатрэбяцца галінкі елкі, розныя ўпрыгожванні (шарыкі, шышкі, гірлянды). Мы нават паспрабавалі аздобіць усё ягадамі рабіны – атрымалася прыгожа! Каб кампазіцыя доўгі час радавала, яе неабходна змясціць у спецыяльную губку, прамочаную вадой. А затым па меры неабходнасці паліваць!

Майстар-клас доўжыўся больш за гадзіну. Было бачна, што рабятам цікава паспрабаваць сябе ў ролі фларыстаў!

— У мяне нават няблага атрымалася, — дадае адна з наведвальніц аддзялення Марына Кароль. – Увогуле, было нескладана. Я люблю вышываць, таму з задавальненнем спрабую сябе і ў ролі фларыста. У мінулы раз, калі рабілі букеты матулям, таксама добра атрымлівалася! Дзякуй за такія заняткі, з нецярпеннем чакаем наступны майстар-клас.

Вось такія навагоднія кампазіцыі атрымаліся!

Юлія БУКЕЛЬ.
Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *