Самы малады кіраўнік аддзялення аховы

На мінулым тыдні начальнікам Бярэзінскага аддзялення Дэпартамента аховы быў прызначаны лейтэнант міліцыі Данііл Тарацін. Цырымонія прайшла ў прысутнасці ветэранаў падраздзялення і сённяшняга атрада ахоўнікаў, якія не шкадавалі новаму кіраўніку шчырых і цёплых слоў наказаў на будучую службу. Яны не стануць лішнімі для 27-гадовага Данііла.

Данііл Тарацін прыступіў да службы ў якасці міліцыянера страявога падраздзялення ўсяго тры гады таму.

– Ужо тады гэты малады чалавек звяртаў на сябе ўвагу сваёй сур’ёзнасцю і адказнасцю, уменнем удумліва выконваць даручэнні і самааддана ставіцца да сваіх абавязкаў, – гаворыць былы начальнік падраздзялення Сяргей Вальчэўскі. – Прыемна зазначыць, што я першым запрыкмеціў гэтага юнака і накіраваў на курсы першапачатковай падрыхтоўкі Цэнтра павышэння кваліфікацыі кіруючых работнікаў і спецыялістаў Дэпартамента аховы. Пад маім наглядам Данііл спраўна адслужыў радавым міліцыянерам і менш за год – старшым інспектарам групы міліцэйскай, ваенізаванай і вартавой аховы.

Сам Данііл пра міліцэйскую службу і не марыў. Пасля школы закончыў “Прыватны інстытут кіравання і прадпрымальніцтва” і сумленна выканаў грамадзянскі доўг – адслужыў тэрміновую службу. Вось толькі рэалізаваць сябе ў правазнаўстве ніяк не ўдавалася, а сядзець на шыі ў бацькоў не прывык. Таму ён ахвотна адгукнуўся на прапанову выбраць міліцэйскую прафесію.

– Ды я і сёння не ўяўляю сабе, як бы жыў і чым займаўся па жыцці, калі б тады адмовіўся, — гаворыць міліцыянер, — бо ў калектыве знайшоў сваё прызванне і справу па душы, сярод таварышаў па службе цяпер шмат сяброў і аднадумцаў, ды і ў поўнай меры спазнаў і ўсвядоміў, што такое міліцэйскі гонар.

Сёння калектыў Дэпартамента аховы – адно з самых маладых падраздзяленняў раённай міліцыі: сярэдні ўзрост супрацоўнікаў не дасягае 30 гадоў. На змену сталым работнікам прыходзяць маладыя, адукаваныя, амбіцыйныя афіцэры, якія беражліва захоўваюць старыя традыцыі і ўкараняюць новыя. Так, калектыў вартаўнікоў ужо ганарыцца сваімі спартыўнымі перамогамі, а сёння набірае моц пярвічная арганізацыя ГА “БРСМ”.

– Запал у маладых людзей ёсць не толькі сумленна служыць, падтрымліваць імідж ахоўніка, а яшчэ быць карыснымі роднаму раёну, — зазначае Данііл. — А з ім нам любыя задачы па сілах!

Данііл Тарацін — усебакова адораны чалавек. Сябры адзначаюць і яго блогерскі талент. Хочацца спадзявацца, што аўтарскія матэрыялы юнака абудзяць у чытачоў патрыятычныя пачуцці і прымусяць застацца служыць і працаваць, як Данііл, у родным Бярэзінскім раёне.

Мілана ТРАПЯНОК.
Фота Алены ГРОМАВАЙ.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *