Школа бізнесу адкрылася ў Беразіно

Мы ўжо расказвалі, што ў Бярэзінскім раёне рэалізуецца Міжнародны дабрачынны праект “Yes” рэлігійнай місіі “Карытас” Мінска-Магілёўскай архіепархіі.
Калі ж стартуе навучанне, хто можа запісацца, як, у якой форме будуць праходзіць заняткі?! Аб гэтым мы пагутарылі з начальнікам упраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне Бярэзінскага райвыканкама Вольгай Калячка.

— Вольга Васільеўна, нагадайце, калі ласка, што ўяўляе сабой школа навучання “YES”?

— Дабрачыннае каталіцкае таварыства Карытас-Беларусь сумесна з партнёрамі з Германіі і Аўстрыі ў 2020 годзе пачало рэалізацыю Міжнароднага гуманітарнага праекта “YES”. Яго асноўная задача — павышэнне ўзроўню жыцця маладых людзей Беларусі ва ўзросце 18-35 гадоў. Адным словам, мы хочам падтрымаць моладзь, даць ёй шанц на развіццё ўласнай справы. Праект рэалізуецца ў Крупках і Беразіно.

— Ведаем, што рэгіянальны цэнтр сацыяльна-арыентаванага мясцовага прадпрымальніцтва адкрыўся ў Крупках. Калі чакаць адкрыцця ў Беразіно?

— Так, яшчэ летась у горадзе Крупкі адкрыўся рэгіянальны цэнтр. А ў нас, у Беразіно, у памяшканні мясцовага аддзялення “Белаграпрамбанка” адкрыты яго філіял. Менавіта тут і плануецца правядзенне заняткаў. Філіял стане кансультацыйнай пляцоўкай, месцам аказання дапамогі маладым людзям у афармленні неабходнай для адкрыцця бізнесу дакументацыі, месцам правядзення трэнінгаў, прасоўвання бізнес-ідэй. У цэнтры жадаючыя змогуць атрымаць неабходную падтрымку.

— Хто будзе праводзіць навучанне?

— Гэта спецыялісты з педагагічнай, эканамічнай, юрыдычнай адукацыяй, якія маюць досвед адкрыцця і паспяховай працы ў бізнесе. Сярод бярэзінцаў таксама сфарміравана група трэнераў. Гэта 5 чалавек: маладыя, творчыя, крэатыўныя. З 5 лютага яны праходзяць навучанне.

— А калі бярэзінцам ужо можна будзе наведаць школу бізнесу?

— Зараз сузаснавальнік стартап-школы, член савета таварыства садзейнічання інавацыйнаму бізнесу, эксперт Аляксандр Булах распрацоўвае інтэрнэт-сайт, дзе будуць змяшчацца ўсе адукацыйныя матэрыялы. Праз сайт, анлайн можна будзе і запісацца на навучанне. Увогуле, запіс пачынаецца з 1 сакавіка. Калі ў вас ёсць жаданне прайсці навучанне ў школе бізнесу, то, калі ласка, звяртайцеся. Зараз можна пракансультавацца наконт навучання, задаць пытанні па тэл.: 5-46-20, 5-54-45.

— Нагадайце, калі ласка, на каго арыентавана навучанне?

— Наш праект, у першую чаргу, скіраваны на моладзь. Але гэта не азначае, што іншыя жадаючыя не змогуць прыняць удзел у праекце. Запрашаем усіх. Вы зможаце прайсці курсы і набыць базавыя веды аб бізнесе, бізнес-планаванні, напісанні і прасоўванні ўласных бізнес-ідэй і стартапаў.

— Я разумею, што на навучанне могуць запісацца і маладыя людзі, якія працуюць? І не змогуць, да прыкладу, у рабочы час прыходзіць на курсы. Ці будзе ўлічаны і гэты момант?

— Запісвацца могуць усе: прадпрымальнікі, беспрацоўныя, людзі, у якіх ужо ёсць месца працы, адным словам, усе жадаючыя! Пры запісе адразу неабходна пазначыць, які час для вас зручны. І зыходзячы з запытаў, будуць фарміравацца групы. Разам мы прадумаем праграму так, каб усім было зручна.

— Як будзе праходзіць навучанне?

— Створым групы. Невялікія, да 15 чалавек. З імі пачнуць працаваць эксперты. Па выніках курсаў і семінараў у другі этап праекта пройдуць найбольш актыўныя і перспектыўныя маладыя людзі. Ім прапануюць распрацаваць бізнес-планы, вызначыўшы суму, неабходную для іх рэалізацыі. Найбольш значныя праекты будуць прафінансаваны. Таму запрашаем да супрацоўніцтва!

Юлія БУКЕЛЬ.
Фота Алены ГРОМАВАЙ.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *