Шматдзетная сям’я Лазнюха: “Мы шчаслівыя, бо ёсць адзін у аднаго!”

Пагадзіцеся, у сучасны імклівы час большасць, асабліва маладых сямей, імкнецца пакарыць вялікія гарады. Ды і ніхто не кажа, што гэта няправільна ці дрэнна. У кожнага свае мэты, свой шлях, свае памкненні… А вось шматдзетная сям’я Лазнюха з Ушы не ўяўляе жыцця без кавалка ўласнай зямлі, без прасторы і раздолля, без свежага паветра…

Лія і Аляксей разам ужо 11 гадоў. І сёння, як у першы дзень сустрэчы, яны з пяшчотай пазіраюць адзін на аднаго

Уласны дом

Пакуль Лія, Аляксей і трое сыночкаў жывуць ва Ушы, у матулі Ліі. Але запаветная мара – уласнае жыллё. І марам наканавана збывацца: будуюць дом у Беразіно дзякуючы дзяржаўнай падтрымцы.

– У нас нават не было думкі пра кватэру. Не ўяўляем, як гэта шматдзетнай сям’і мясціцца ў двухпакаёвай кватэры. Ды і дзе дзецям бавіць час? Ім жа патрэбна раздолле… – пачынаюць гутарку Аляксей і Лія. – Свой дом – ёсць свой. Тут і дыхаецца па-іншаму. Будаваць жыллё складана і фінансава, і фізічна. Але дзякуючы падтрымцы дзяржавы крок за крокам ідзём да мары. Пачалі будоўлю ў 2019. Сёння ўжо ёсць каробка будынка: залілі фундамент, узвялі сцены.

Большасць работ Аляксей выконвае сам, бо па спецыяльнасці плітачнік-абліцоўшчык.

– Мне падабаецца будаваць уласнаручна наш дом, – заўважае мужчына. – Няхай гэта не так хутка, калі б нанялі брыгаду. Але ж больш эканомна, і сабе – робіш ўсё з душой.

Гісторыя знаёмства

…Лія мясцовая, з Ушы. А Аляксей – з вёскі Бярозавічы Брэсцкай вобласці, Пінскага раёна. Дзіўлюся, як пазнаёміліся.

– У Мінску, – расказвае Лія. – Я працавала ў адным з магазінаў кандытарам, а Аляксей –ахоўнікам. Так і пазнаёміліся. Каханне з першага погляду? Напэўна! Зразумелі, што не можам адзін без аднаго.

Пэўны час Лія і Аляксей жылі разам.

– І тут нечакана мне прыйшла павестка, – расказвае Аляксей.

Служыць давялося ў Баранавічах у 120 дывізіі.

– Бясспрэчна, перажывала, з нецярпеннем чакала, калі каханы вернецца, — расказвае Лія.

Менавіта падчас службы Лія і Аляксей вырашылі пажаніцца.

– Мяне адпусцілі на 10 сутак дамоў, а дакладней на Бярэзіншчыну, да будучай жонкі. Так і вяселле згулялі, –згадвае мужчына.

Радзіма

Пасля таго, як Аляксей адслужыў, маладыя вырашылі жыць на Бярэзіншчыне, ва Ушы.

– Чаму? Зараз складана адказаць! Нам падабаецца ўтульны, ціхі, прыгожы аграгарадок. Тут маляўнічыя краявіды, свежае паветра, раздолле, – заўважае Аляксей.

11 гадоў

І вось разам Лія і Аляксей ужо 11 гадоў. Гадуюць траіх сыночкаў.

– Шчыра прызнаюся, нават ніколі не ўяўляла, што будзе такая вялікая сям’я. Я ў бацькоў адна. Думала, што і ў мяне будзе аналагічна. Ну, сама больш – два дзіцяці! – расказвае Лія. – А сёння не ўяўляю жыцця без нашых гарэз-хлапчукоў.

– А мне чамусьці заўсёды хацелася мець вялікую, дружную сям’ю, — дадае з усмешкай Аляксей.

Кветкі шчасця

Самы старэйшы ў сям’і Яраслаў. На маё пытанне, што больш за ўсё падабаецца ў школе, з ўпэўненасцю адказвае:

– Фізкультура! Люблю бегаць, гуляць з сябрамі ў футбол, валейбол. Ды і дома не люблю сядзець за камп’ютарам, больш падабаецца праводзіць час на свежым паветры. З задавальненнем катаюся на веласіпедзе.

Першакласнік Дзмітрый таксама выбірае фізкультуру:

– І я люблю рухавыя гульні! Да прыкладу, скакаць на батуце. А яшчэ мы гуляем у даганялкі, хованкі, “стралялкі”. Зараз надвор’е радуе, амаль увесь час – на вуліцы. І з нецярпеннем чакаем канікулаў.

А самы малодшы ў сям’і Косця.

– Мне два годзікі, – расказвае хлопчык. – Дурэю з брацікамі, а таксама дапамагаю матулі і тату.
Заўважаю, што ў доме і каля яго ўсё для дзетак. І сапраўды, ім тут раздолле: можна катацца на веласіпедзе, скакаць на батуце, ганяць мячык.

– Мы робім усё магчымае, каб дзеткі ні ў чым не мелі патрэбы, – расказваюць гаспадары. – Хлопчыкі ў нас актыўныя, энергічныя, таму значную ўвагу надаём іх фізічнаму выхаванню. Усе са сваімі характарамі, са сваім “я”. І не заўсёды прыслухоўваюцца да нашых парад. Але ў любой сітуацыі знаходзім кампрамісы. Увогуле, з вопыту ведаем, што выхаваннем дзетак патрэбна займацца пастаянна. І прывучаць да працы, і гуляць з імі, і размаўляць. А галоўнае – любіць і паважаць!

Заўважаю, што падчас гутаркі дзеці “не сядзяць” у тэлефонах, як гэта звычайна бывае.

– Мы не забараняем карыстацца тэлефонамі, камп’ютарам, – зазначаюць Лія і Аляксей. – Але ўсё ў меру. Ведаеце, ніколі не караем дзяцей рэмнем. У нас дзейнічае адно простае, але эфектыўнае правіла: не даём заўвагі па некалькі разоў, не крычым. І, ведаеце, дзейнічае. Трэба гутарыць з дзецьмі. Тлумачыць, як можна рабіць, як нельга, паказваць уласным прыкладам. Калі забараняць, то патлумачыць прычыну. І як мага больш часу праводзіць разам, усёй сям’ёй.

Ён – выратавальнік, яна — матуля

Пакуль Лія ў дэкрэтным водпуску, працуе матуляй. А Аляксей – вадзіцель у Бярэзінскім РАНС.

– Работа ў мяне складаная, напружаная, — дадае Аляксей. – Страшна, калі штосьці гарыць…

– Здаецца, муж працуе не адзін год, але хвалююся. І сэрца замірае, як чую гул сірэны, – дадае Лія.

– І мы з нецярпеннем чакаем тату з дзяжурства. А калі вырасцем, таксама будзем выратавальнікамі! – запэўніваюць з усмешкай хлопчыкі.

Справы гаспадарчыя

Лазнюхі трымаюць даволі вялікую гаспадарку. Ёсць і дзве каровы, што зараз даволі рэдкая з’ява нават на вёсцы. Садзяць агарод. А гэтай зімой у іх нават жыў бусел (аб гэтым мы ўжо расказвалі на старонках газеты).

Дзіўлюся, як усё паспяваюць: і дзяцей выхоўваць, і з гаспадаркай спраўляцца…

– Ды, здаецца, сакрэт просты, – дзеляцца гаспадары. – Робім усё разам, дружна. Шчыра кажучы, няма падзелу на мужчынскую і жаночую працу. Усе ўмеюць рабіць тое, што неабходна для камфортнага жыцця. Працаваць прыходзіцца шмат. Але гэта нам толькі ў радасць. Ды і не разумеем, як жыць у вёсцы і не трымаць гаспадарку, не апрацоўваць зямлю… Працавітасці, любові, павазе да зямлі вучым і дзетак.

Дні нараджэння

На жаль, не ўсе святы Лазнюхі праводзяць разам. Здараецца, што Аляксей і ў святочныя дні – на дзяжурстве.

– Таму ў нас самыя любімыя з іх – дні нараджэння, – расказваюць хлопчыкі. – І калі, да прыкладу, тата на само свята дзяжурыць, то адзначаем, калі ён дома. Разам рыхтуем святочны стол. Віншаванні, падарункі, сюрпрызы – радасць на душы.

Рэцэпт

– Сямейнае жыццё – складаная праца. Бывала ўсяго. – Напэўна, галоўны сакрэт – быць адным цэлым, з агульнымі мэтамі, поглядамі на жыццё, усё рабіць разам, ствараць агульны дабрабыт, – зазначаюць гаспадары. – І, вядома ж, знаходзіць выйсце з любой складанай сітуацыі. Не маўчаць, не злавацца адзін на аднаго, а гутарыць, вырашаць праблемы.

– А для нас галоўнае – мы ёсць адзін у аднаго, – заўважаюць хлопчыкі. – І наш сакрэт: быць дружнымі, паслухмянымі і дапамагаць бацькам!

Юлія БУКЕЛЬ.
Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *