Што ўсхвалявала бярэзінскіх сышчыкаў?

У мінулую пятніцу ў дзяжурную часць міліцыі звярнулася сацыяльны работнік раённага тэрытарыяльнага цэнтра. Інфармацыя, якую яна паведаміла, не на жарт усхвалявала нават вопытных сышчыкаў.

Па словах жанчыны, ёй паскардзілася адзінока пражываючая састарэлая, амаль невідушчая пенсіянерка, якую яна абслугоўвае, на тое, што невядомы выкраў з яе веранды рогі лася і пудзіла дзіка. Дзіўным быў для сышчыкаў не толькі гэты факт, але і тая акалічнасць, што жылы дом абрабаванай жанчыны знаходзіцца ў самым ажыўленым месцы горада па вуліцы Кастрычніцкай. Няўжо ніхто не бачыў, хто заходзіў у дом? На гэтым сюрпрызы для вартавых правапарадку ў раскрыцці злачынства не скончыліся.
Па словах пацярпелай, незнаёмец упершыню пераступіў ганак яе дома яшчэ мінулым летам. Тады без следу знік радыёпрыёмнік. Гэтага нахабнаму злодзею аказалася мала і вось ужо ў студзені ён паквапіўся на рогі аленя і пудзіла дзіка. Аказваецца, злодзей зрабіў звычкай прыходзіць у дом састарэлай хворай жанчыны.
— Мы аператыўна выйшлі на след злодзеяў, — расказвае старшы оперупаўнаважаны крымінальнага вышуку Уладзімір Сялейка. — Імі аказаліся два раней асуджаныя мужчыны. Па дадзеным факце вядзецца праверка, падлічваецца ўрон, хаця для жанчыны ўкрадзеныя рэчы каштоўнасці вялікай не маюць.Куды важней для пенсіянеркі бяспека ва ўласным доме. Гэта здарэнне павінна прымусіць дзяцей больш увагі надаваць адзінока пражываючым хворым бацькам, ды і нам з вамі, звычайным грамадзянам, трэба развітацца з раўнадушшам, узмацніць пільнасць і клопат да людзей паважанага ўзросту. Нельга дапускаць, каб злодзеі крыўдзілі старых!

Мілана ТРАПЯНОК.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *