Што бярэзінцы рыхтуюць на навагодні стол?

У гэтым годзе медыкі рэкамендуюць правесці навагоднія святы дома, з сям’ёй. Таму, думаю, многія ўжо прадумалі, што будуць гатаваць на святочны стол. У кожнага ж, напэўна, ёсць свой фірменны рэцэпт.

Да прыкладу, я люблю гатаваць салат з вэнджанай курачкай, фасоляй і сухарыкамі. Для гэтага спатрэбяцца дзесьці 300 грамаў вэнджанай курачкі, 2 памідоры, кансерваваная фасоля, грамаў 50 сухарыкаў, соль, перац на смак, лыжкі 2 маянэзу. Курыцу і памідоры наразаю невялікімі кавалачкамі. З фасолі зліваю вадкасць. Змешваю ўсё з сухарыкамі і дабаўляю спецыі. Стаўлю ў халадзільнік на хвілін 30!
Атрымліваецца вельмі смачна.

А што будуць гатаваць бярэзінцы на свята?! Сёння мы папрасілі іх падзяліцца фірменнымі рэцэптамі.

Ірына ОСІПАВА, працуе ў цэнтры творчасці дзяцей і моладзі:

— Зараз у нас сям’я маленькая, я і муж. Таму і гатуем не так шмат страў. А раней на свята рыхтавалі абавязкова гусь з яблыкамі. Націрала гусь спецыямі (іх я заўсёды раблю сама), яна тамілася пэўны час. Дабаўляла ўнутр гусі чарнасліў, крыху грэцкіх арэхаў – “зашывала” такую начынку, каб не развалілася. Абкладвала вакол яблыкамі, абавязкова антонаўкамі. І на гадзіны тры ў духоўку. Пах неверагодны! Хапае такой гусі дзесьці на тыдзень. А на гэты Новы год будзем гатаваць больш сціплую страву: курыцу з мандарынамі. Бяром тушку курачкі. Каб яна не была “пустой”, дабаўляю ўнутр крыху фаршу, рысу, морквы, спецый (толькі ўласных!), мандарыны. Націраю курачку спецыяльнай “памазкай”. Рыхтуецца яна проста! Бяром мёд, смятану, французскую гарчыцу, крыху соевага соусу, усё перамешваем. Замотваем у фольгу ці рукаў для запякання. І дзесьці на гадзіну ў духоўку. Калі бачу, што курыца амаль гатова адкрываю фольгу, каб была духмяная “скарыначка”. Рыхтую я звычайна і торт “Напалеон”: пяку сама каржы, раблю нават заварны крэм. Адным словам, да Новага года мы рыхтуемся дасканала. Хочацца ж парадаваць і сябе, і мужа смачненькім!

Алег ПУГАЧ з дачкой Валерыяй, жыхары Беразіно:

— Так, мы ўжо прадумалі святочнае меню. Да прыкладу, нам падабаецца гатаваць мяса па-французску на “падушцы” з цыбулі. Рэцэпт вельмі просты. Цыбулю нарэзаць кольцамі, мяса (можна свініну альбо курыцу) – лустачкамі. Затым мяса адбіць кухонным малатком і пасыпаць соллю і перцам — на смак. Сыр нацерці на кухоннай тарцы. Бляху для выпечкі засцяліць фольгай, змазаць маслам і раўнамерна размеркаваць “падушку” з цыбулі. Зверху пакласці мяса, паліць маянэзам. Можна дабавіць па адным кавалачку ананаса на кожную лустачку, зверху ўсё пасыпаць сырам. І запякаць у духоўцы хвілін 30-40! Гэта вельмі смачна!

Надзея ЦЭНКЕЛЬ, працуе ў Бярэзінскай ЦРБ:

— Я працую медыцынскай сястрой у тэрапеўтычным аддзяленні. Таму даводзіцца дзяжурыць і на святы. На прыгатаванне святочнага стала не заўсёды хапае часу. Ніякіх вытанчаных страў — салаты, мясныя нарэзкі, штосьці на “гарачае”. Але ёсць у нас, можна сказаць, сямейная страва – вэнджаная рыба. Рэцэпт не складаны. Спатрэбяцца рыба (мы бяром скумбрыю), па тры сталовыя лыжкі солі і цукру, вадкі дым і куркума. Марынуем рыбу. І апетытная, духмяная страва гатова!

Надзея БЕЛЬСКАЯ, пенсіянерка:


— Я ўжо даўно прадумала святочнае меню, склала спіс неабходных пакупак. У мяне ёсць пэўныя праблемы са здароўем! Таму не ўжываю цукар, салодкага і мучнога. А вось салаты смачныя люблю гатаваць. Асабліва даспадобы мне і ўнуку (а ў яго 31 снежня дзень нараджэння) салат з фасоляй. Неабходна адварыць фасолю, пасмажыць цыбулю, моркву, пячонку. Усё перамяшаць і заправіць маянэзам!

Васіль КІСЕЛЬ, пенсіянер:

— Што буду рыхтаваць на свята? Ведаеце, я апошнім часам нічога і не рыхтую. Набываю гатовае ў магазіне. Гэта ж вельмі зручна. Купіў, што падабаецца, і смакуй!
А сёння ж у магазінах багаты выбар на розны кашалёк і густ. Свята будзем сустракаць з сынам, магчыма, ён штосьці смачнае прыгатуе.

Юлія БУКЕЛЬ.
Фота Алены ГРОМАВАЙ.

Што бярэзінцы рыхтуюць на навагодні стол?: 2 комментария

  • 01.01.2021 в 23:31
    Permalink

    Добрый вечер) Благодарим за интерес к нашему изданию)

    Рейтинг комментария:Vote +10Vote -10

  • 01.01.2021 в 19:07
    Permalink

    Спасибо! Приготовила по рецепту Ирины! Мои были в восторге, спасибо, за вкусный такой рецепт курицы, в мандарине она божественна

    Рейтинг комментария:Vote +10Vote -10

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *