Што дапамагло сям’і Крывель здзейсніць запаветную мару?

Амаль кожны год пад бой курантаў шматдзетная сям’я Крывель з Беразіно загадвала адно і тое ж жаданне: “Хутчэй бы ў нас з’явіўся свой дом!”. І вось гэты Новы год яны сустракалі ва ўласным доме!

— Мары здзяйсняюцца. Галоўнае — не адступаць ад сваіх жаданняў, рабіць усё магчымае, каб яны ажыццявіліся, — заўважаюць Настасся і Аляксандр. – Мы доўга жылі ў інтэрнаце. Так, там таксама стварылі сабе камфортныя ўмовы. Але месца зусім было няшмат… Ды і хацелася мець сваё жыллё. Мы адразу вырашылі: будзем будаваць дом, кватэру нават не разглядалі. Хацелася прасторы! Пачалі будоўлю за ўласныя сродкі гадоў пяць таму. Тады мы яшчэ нават не былі шматдзетнай сям’ёй: толькі двое дзетак. Сказаць, што будаваць дом вельмі складана — нічога не сказаць! Гэта вельмі і вельмі дорага: усё ж неабходна набыць.

— Але мне пашчасціла з мужам, — дадае Настасся. – Ён у мяне майстар на ўсе рукі. Таму ўсе работы выконвалі самі, разам, дружна! Я сама прадумвала ўнутранае аздабленне, а разам – ажыццяўлялі. Падключыліся да будоўлі і родныя, дзякуй усім вялікі за падтрымку, дапамогу.

— Мы ўзвялі толькі сцены нашага будучага дома. Затым даведаліся, што пачалі выдаваць крэдыты пад нізкія працэнты шматдзетным сям’ям (у нас ужо нарадзіўся Дзімачка). Бясспрэчна, выкарысталі такую магчымасць. Справа пайшла значна хутчэй. Амаль усе асноўныя работы выканалі. І тут нечаканая і такая прыемная навіна, як мы кажам, дар з нябёс: можна датэрмінова выкарыстаць сямейны капітал, які мы атрымалі пасля нараджэння трэцяга дзіцяці. Хутка сабралі неабходныя дакументы. І дзесьці ў сакавіку мы выкарысталі сродкі. І нарэшце дабудавалі дом. Нашаму шчасцю не было меж. Уявіце, свой, уласны, прасторны дом. Мы ім не можам нацешыцца, як кажам, “надыхацца”. А ўсё дзякуючы падтрымцы дзяржавы: за свае сродкі мы б яшчэ не адзін год будаваліся.

З красавіка мінулага года сям’я Крывель жыве ва ўласным доме. Вядома ж, работы па добраўпарадкаванні і зараз хапае.

Нарэшце ажыццявілася самая запаветная мара шматдзетнай сям’і Крывель з Беразіно: у іх ёсць свой уласны, утульны дом. — Прыемна, што дзяржава падтрымлівае шматдзетныя сем’і! Каб не крэдыт і сямейны капітал, мы б яшчэ доўга будавалі свой дом. Дзякуй за падтрымку! – зазначаюць гаспадары

— Але самае галоўнае, што мы ўжо пераехалі, — заўважае Настасся. – Раней, калі жылі ў інтэрнаце, мала часу праводзілі дома на выхадных: больш у бацькоў. А зараз такое задавальненне: хутчэй бягу з працы дадому, штосьці разам дарабляем, дапрацоўваем. І так прыемна жыць менавіта ў доме. Захацелі шашлыкі пасмажыць – нікуды не патрэбна ехаць, усё на месцы арганізавалі. І дзецям тут раздолле: гуляюць у снежкі, на лыжах ганяюць, бегаюць, скачуць, з горак катаюцца…

Настасся і Аляксандр разам ужо больш за 10 гадоў. А знаёмы – больш за 15 гадоў

Увогуле, Настасся і Аляксандр разам ужо больш за 10 гадоў. А знаёмы – больш за 15. Мясцовыя. І пазнаёміліся ў Беразіно на працы. Тады і Настасся, і Аляксандр працавалі на тагачасным ільнозаводзе.

— І ведаеце, напэўна, гэта было каханне з першага погляду! Убачыла Сашу і адразу зразумела, як кажуць, сэрца падказала, што гэта той чалавек, з якім я хацела б пражыць усё жыццё, — расказвае Настасся. – Як кажуць, жанчына выбірае сабе мужа падобнага на бацьку. Вось і Саша мне нагадаў крыху майго тату. Доўга сустракаліся, а затым вырашылі пажаніцца.

— І я з першых хвілін зразумеў, што Настасся – мая суджаная, — дадае Аляксандр.

— У чым сакрэт сямейнага шчасця? У адзінстве! Мы сям’я, таму няма “я”, “ты”, а ёсць – мы! – заўважае Аляксандр. – Калі ў цябе ёсць сям’я, ужо нельга жыць толькі сваімі інтарэсамі, неабходна жыць інтарэсамі сям’і. Разам параіліся, вырашылі і зрабілі так, як лепш менавіта для нашай сям’і!

— Як пісалі мудрыя людзі, моцная сям’я – тая, якая перажыла хоць адзін рамонт. А мы разам, падтрымліваючы адзін аднаго, прыслухоўваючыся, імкнучыся знайсці кампрамісы, пабудавалі дом!

Падчас будоўлі праяўляюцца ўсе якасці, ты вучышся быць церпялівай, мудрай, — дадае Настасся. – І ведаеце, будоўля дома згуртавала нашу сям’ю. Мы сталі яшчэ больш паважаць адзін аднаго.

Зараз у Настассі і Аляксандра трое дзетак.

— Не! Я і не думала, што ў мяне будзе шматдзетная сям’я. Марыла, што будзе двое дзетак: сыночак і дачушка. Але Бог паслаў нам Дзімачку і мы былі гэтаму вельмі рады!

— А я, наадварот, марыў пра шматдзетную сям’ю, — заўважае Аляксандр. – Але чамусьці хацеў, каб трэцяй у нас нарадзілася дзяўчынка. Нават імя прыдумаў — Дамініка! А нарадзіўся, як мы кажам, Дзімініка.

Самая старэйшая — Аліна. Ёй 12 годзікаў. Выдатніца. Вучыцца ў гімназіі. Яна творчая, таленавітая дзяўчынка.

— Пяты год займаюся ў музычнай школе, іграю на фартэпіяна. З задавальненнем займаюся і ў танцавальным гуртку, — расказвае Аліна.

Сыночак Ванечка ходзіць у трэці клас пачатковай школы. Актыўны, не сядзіць на адным месцы, пастаянна знаходзіць сабе занятак для душы.

— Маё захапленне – футбол. Хаджу нават на заняткі ў “Лазурный”, — заўважае хлопчык.

А самаму малодшаму сыночку Дзіму чатыры годзікі, ён наведвае дзіцячы садок.

— Захапляецца ўсім! І малюе, і спявае, і лепіць…, — расказваюць гаспадары. — Адным словам, з ім не засумуеш. – Што галоўнае ў выхаванні дзетак? Каб выраслі людзьмі, добрымі, міласэрнымі, гу-маннымі. Але гэта насільна нельга ўкласці, а толькі на ўласных станоўчых прыкладах. Імкнёмся атуліць дзяцей клопатам, ласкай, любоўю.

Зараз Настасся працуе інжынерам-цеплатэхнікам у цэнтры па абслугоўванні бюджэтных арганізацый. А Аляксандр – вадзіцель у ЖКГ і выдатны будаўнік.

-Мы любім праводзіць час разам. Адзначаем шумна, весела дні нараджэння! Прадумваю усё да самых дробязей: як упрыгожыць дом, што прыгатаваць. Так, я з задавальненнем для блізкіх, родных выпякаю торцікі. Гэта маё захапленне. Здаецца, атрымліваецца няблага: усім падабаецца, — гаворыць Настасся. – Увогуле, мы любім ствараць дзецям эмоцыі: імкнёмся іх здзіўляць, радаваць, арганізоўваць сюрпрызы. Зараз рыхтуемся да святкавання Дня закаханых. Але 14 лютага для нас не свята закаханых, да прыкладу, мужа і жонкі. Гэта дзень кахання нашай сям’і, наша агульнае свята. Прыгатуем штосьці смачненькае, збяромся разам, павіншуем і абавязкова прыдумаем адзін аднаму сюрпрызы!

Юлія Букель.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *