Што непакоіць бярэзінскую міліцыю ў час пасяўной?

З 29 сакавіка па 14 красавіка вартавыя правапарадку з удзелам работнікаў райвыканкама правялі рэйдавыя мерапрыемствы на аб’ектах аграпрамысловага комплексу.

У ходзе іх асаблівая ўвага надавалася пытанням папярэджвання дробных крадзяжоў па віне нецвярозых ахоўнікаў і дрэннай тэхнічнай умацаванасці. Што ж выявілі вартавыя?

— Мы змаглі за кароткі тэрмін абследаваць усе машынна-трактарныя двары сельгаспрадпрыемстваў раёна, — зазначыў начальнік аддзела прафілактыкі і аховы правапарадку Бярэзінскага РАУС Сяргей Шкуратаў. – Тут практычна адны і тыя ж недахопы — дрэннае асвятленне, паламаная агароджа, незачыненыя вароты ў боксах і кабінах сельгастэхнікі.

Трэба нагадаць, што на недахопы тэхнічнай умацаванасці аб’ектаў не раз указвалася кіраўнікам, а некаторыя летась прыцягваліся да адміністрацыйнай адказнасці за невыкананне прадпісанняў. Аднак дагэтуль не прымаюць ніякіх мер.

— А між тым на машынных дварах захоўваюцца гаручапаліўныя матэрыялы і металалом, на якія часцей за ўсё спакушаюцца злодзеі, — заўважае Сяргей Валер’евіч. — Такія факты ў пачатку красавіка мелі месца ў “Бярэзінскім райаграсэрвісе” і “Брадцы”.

Ды і патрабуе кантролю работа вартаўнікоў у “Пагосцкім”. На адной з малочнатаварных ферм міліцыянеры так і не дачакаліся ахоўніка.

Праўда, у адрас не ўсіх гаспадарак накіравана крытыка. Са станоўчага боку ў плане тэхнічнай умацаванасці і аховы аб’ектаў адзначаюцца кіраўнікі сельгаспрадпрыемстаў “АграМАЗ”, “Уша” і “Першамайскі”.

— Вось бы і астатнім павучыцца ў іх гаспадарлівасці і дысцыпліне, каб папярэдзіць злачынствы і правапарушэнні, не дапусціць лішніх страт і не сапсаваць ход пасяўных работ, — параіў Сяргей Шкуратаў.

Падрыхтавала
Мілана ТРАПЯНОК.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *