Што шакіравала бярэзінскіх праваахоўнікаў?

Здаецца, што нішто і ніхто не можа здзівіць нас у наш няпросты час. Аднак яшчэ здараецца неверагоднае, ад якога ў жылах стыне кроў і моцна сціскаецца сэрца, а ў душы бясконца сеюцца сумненні і віруе думка: няўжо гэта праўда?

Яшчэ ў лістападзе мінулага года ў дзяжурную часць раённай міліцыі паступіла паведамленне ад урача-хірурга бальніцы: у прыёмны пакой дастаўлена 13-гадовая дзяўчынка-інвалід са шматлікімі цялеснымі пашкоджаннямі рознай даўнасці. Яна спачатку шчыра прызналася, што збівала яе родная матуля, аднак затым некалькі разоў адмаўлялася ад сваіх слоў і змяняла паказанні.

Разабрацца ў няпростай жыццёвай сітуацыі дапамаглі судова-псіхіятрычная экспертыза і вялікая работа па ўстанаўленні ўсіх фактаў, што пацвердзілі: дзяўчынка–інвалід у бездапаможным стане сістэматычна збівалася матуляй, цярпела здзекі, фізічную боль і пакуты.

Крымінальная справа ў адносінах да жанчыны ўзбуджана, ёй пагражае абмежаванне волі на тэрмін ад 1 да 3 гадоў альбо пазбаўленне волі ад 1 да 5 гадоў.

— Аднак наўрад ці мнагадзетная матуля рэальна ўсведамляе ўсю сутнасць крымінальнай адказнасці і абвінавачванняў, — лічыць начальнік штаба раённай міліцыі Аляксей Крывянкоў, — як і не адчула ў поўнай меры каштоўнасці мацярынства. Члены сям’і раней ні да крымінальнай, ні да адміністрацыйнай адказнасці не прыцягваліся. Дзяўчынка — інвалід па зроку, была на надомным навучанні і цалкам залежыла ад матулі, якая афіцыйна даглядала яе. Але чаму матуля перастала быць да яе ласкавай і пачала біць? На гэта пытанне цяпер адкажуць следчыя.

Застаецца дадаць, што сёння дзяўчынка знаходзіцца ў спецыяльнай установе, дзе да яе ставяцца надзвычай лагодна і ўважліва. Скардзіцца на педагогаў ёй не даводзіцца. Яна ж ім першым расказала пра здзекі матулі. Яны маўчаць не сталі і забілі трывогу, падарыўшы дзяўчынцы шанс на шчаслівае дзяцінства. Шкада, што родная маці такім яго для дачушкі зрабіць не змагла!

«Телефон доверия» Березинского территориально-го центра социального обслуживания населения – 5-55-96, телефоны врачей-психиатров-наркологов — 52-100. Также работают телефоны экстренной психологической помощи Минского областного клинического центра «Психиатрия-наркология» — (+375172020-401, +375298990401), республиканская «детская линия помощи» — 88011001611.

Мілана ТРАПЯНОК.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *