Што выявіў чарговы рэйд па супрацьпажарнай бяспецы? Чытайце ў матэрыяле нашага карэспандэнта

 

Амаль дня не праходзіць у нашай краіне, каб дзе-небудзь не ўспыхнуў пажар, не загінулі людзі, ды і не была пашкоджана агнём  маёмасць.  Выратавальнікі бюць трывогу:  у 98% выпадкаў пажары ўзнікаюць па віне саміх людзей.

Згадзіцеся, гэтыя лічбы і шматлікія факты ўзгаранняў вымушаюць кожнага з нас    сур’ёзна задумацца і звярнуць увагу на тое, як можна палепшыць супрацьпажарную сітуацыю ў нашай краіне. Гучыць, вядома, занадта глабальна. Але можна пачаць з сябе, са сваёй сям’і, з блізкіх людзей, з добрых парад аб каштоўнасці нашага жыцця. А яшчэ лепш за ўсё ўстанавіць  аўтаномны пажарны апавяшчальнік.

— Нагадаю, што ў свой час згодна  з  «Рэспубліканскай комплекснай праграмай сацыяльнай падтрымкі пажылых  людзей, ветэранаў і асоб, пацярпелых ад наступстваў вайны», па якой пажарныя апавяшчальнікі бясплатна  ўстанаўліваліся ў кватэрах інвалідаў, ветэранаў працы, вайны, малазабяспечаных і шматдзетных сем’яў, —  гаворыць інспектар прапаганды Бярэзінскага раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях Вольга Данэйка, – але частка з іх не працуе з–за адпрацаваных  батарэек. Гэта асабліва небяспечны факт у час, калі яшчэ працягваецца ацяпляльны перыяд і маецца верагоднасць пажараў па прычыне няспраўных печаў. Не менш трывожна выратавальнікам і за тое, што дагэтуль нярэдкія  факты курэння ў ложках.

Таму на мінулым тыдні члены рэйдавай брыгады ў складзе супрацоўніка  Энергагазнагляду Сяргея  Казака  і спецыяліста  Капланецкага сельвыканкама Ірыны Бадуновай адправіліся праверыць супрацьпажарны стан  жылых дамоў у вёсцы Крапіўня.

— У нашым Капланецкім сельскім Савеце  налічваецца амаль 45 вёсак, —  удакладняе  Ірына Леанідаўна, — таму  без пажараў не абыходзіцца. Гэта прымушае нас больш прынцыпова падыходзіць да праверкі дамоў. Вёска Крапіўня ў гэтым спісе вызначаецца  са станоўчага боку, але яшчэ раз праверыць супрацьпажарны стан дамоў і нагадаць вяскоўцам правілы пажарнай бяспекі будзе не лішнім.

Так, ужо ў доме першай сям’і па вуліцы Цэнтральнай увагу членаў аглядавай камісіі прыцягнулі апавяшчальнік, у якім згарэлі батарэйкі, ды і небяспечны стан печы.

— Дом дастаўся ў спадчыну ад матулі, — гаворыць гаспадыня, – якая памерла шэсць гадоў таму. Таму грошай адрамантаваць жылле і прывесці ў парадак печ пакуль не хапае. Але ў нашых планах гэтым летам атынкаваць і давесці да ладу печ. А што тычыцца батарэек —  дык гэта хутка ліквідуем.

У суседнім доме паўсюдна парадак і адчуваецца працавітая рука гаспадара. Але пытанні да яго ўсё ж такі ёсць. Яму ў гэтай вёсцы належаць два дамы, адзін з якіх яшчэ з даваенных часоў  застаўся ў спадчыну ад бацькоў. Зараз ён выкарыстоўваецца пад дачу, але электраправодка патрабуе замены, а печ — рамонту. Мужчына заўвагі не аспрэчвае і пагаджаецца ў хуткім часе навесці парадак.

Большасць дамоў у вёсцы Крапіўня пабудаваны ў 60 — 70 гады і  патрабуюць ад новых жыхароў вялікіх грошай на рамонт.

— Вось толькі на рамонт падлогі ў адным пакоі спатрэбілася амаль тысяча рублёў, — гаварыў   жыхар наступнага дома,- ды і за замену электраправодкі яшчэ выклалі грошы. Таму прабачце,  на прытопачны ліст каля печы пакуль не хапіла. Але абавязкова зробім.

З гэтага дома мы не спяшаліся выходзіць, бо гаспадар імкнецца не  толькі капітальна адрамантаваць бацькоўскую сядзібу,  але і сочыць за навінкамі. Ён параіў членам аглядавай камісіі танны і дзейсны  сродак па ачыстцы комінаў.

— Не трэба пэцкаць рукі і забуджваць дом, а дастаткова засыпаць гэты парашок на гарачае паліва і яно само пачысціць ваш комін, — запэўніваў ён нас.

З печкай не мае ніякіх праблем  і жыхар наступнага дома. Затое тут патрабуе поўнай замены зношаная электраправодка.  Супрацоўнік энерганагляду Сяргей Казак пытае, калі гаспадар зможа  яе замяніць.

— Вы ўлічыце ўсе свае фінансавыя магчымасці і назавіце дату, калі  зможаце перарабіць электраправодку, —  раіў Сяргей Казак, у дапамогу вам каардынаты арганізацый,якія займаюцца гэтымі відамі работ.

Сумнявацца ў тым,  што мужчына не праігнаруе заўвагу,  не дае настрой мясцовых жыхароў на парадак на сваіх домаўладаннях і ў жылых дамах. Пэўная частка даўно наладзіла ўжо цэнтральнае ацяпленне, другія навучыліся сумяшчаць яго з печкай,  зрабіўшы сучасны рамонт. Ды і гэта на пенсійныя даходы. Сярод іх  адзначу толькі  адну жанчыну. Яна жыла і  працавала ў Санкт — Пецярбургу,  а зараз была вымушана вярнуцца на малую радзіму, каб даглядаць хворую састарэлую маці.

— Мы з сястрой удваіх клапоцімся пра яе і дбаем пра бацькоўскую сядзібу, — гаварыла яна членам аглядавай камісіі. —  Пытанні супрацьпажарнай бяспекі не ігнаруем, бо навошта рызыкаваць сваёй маёмасцю і жыццём матулі?

Члены рэйдавай групы з лёгкім сэрцам пакідалі вёску Крапіўня.                                                                                                                                                                                                                      — Члены камісіі наперад вызначаюць адрасы наведвання. Прафілактычная работа заўсёды вядзецца з тымі людзьмі, што знаходзяцца ў зоне рызыкі, —  падвяла вынікі  мерапрыемства спецыяліст сельвыканкама Ірына Бадунова.  -У такія праблемныя сядзібы  прадстаўнікі сельсаветаў  наведваюцца не адзін дзясятак разоў, каб людз,і сапраўды, задумаліся пра магчымыя наступствы ўласнай неахайнасці. Не можа не радаваць тое, што большасць грамадзян прыслухоўваюцца да рэкамендацый і ўхіляюць хібы дзеля ўласнай бяспекі.

— Мяне таксама вынікі нашага рэйду парадавалі, бо паўсюдна  ва ўсіх дамах  адчувалася, што людзі ўжо з павагай ставяцца да пытанняў сваёй уласнай  бяспекі, — зазначыла  Вольга Данэйка. —  У дамах падтрымліваецца парадак і пэўныя патрабаванні пажарнай бяспекі. людзі клапоцяцца не толькі пра свае выгоды,  але і аб іх  захаванасці ад агню. У дапамогу вяскоўцам мы раздалі кожнаму жыхару брашуры і буклеты з напамінам аб асноўных  правілах пажарнай бяспекі.

— Наша мэта  не скласці чарговы пратакол, —  дадаў  Сяргей  Казак , — а папярэдзіць няшчасце па прычыне старой праводкі. Бо пажар з -за яе можа ў лічаныя  імгненні пакінуць вас без даху над галовой і цяжкай працай нажытай маёмасці. Таму не пашкадуйце грошай і ліквідуйце праблему.      .

Застаецца нагадаць, што ацяпляльны сезон паступова набліжаецца да завяршэння і ўжо зусім  хутка руплівыя гаспадары прыступяць перад пасяўной кампаніяй  да генеральнай уборкі сваіх зямельных участкаў. Таму самы час нагадаць пра асноўныя правілы спальвання сухой раслінннасці. Выратавальнікі рэкамендуюць  рабіць гэта ў бязветранае надвор’е, касцёр  павінен знаходзіцца на адлегласці да 8 метраў ад пабудовы,   месца спальвання трэба абкапаць і побач паставіць вядро вады і вогнетушыцель.  Не менш важна  і наладзіць пастаяны пільны  кантроль з боку чалавека. Бо варта  адысці на хвіліну, як  агонь можа перакінуцца  на пабудовы,  сухую траву  і пагражаць жыццю чалавека. Таму тут лепшая рэкамендацыя ад выратавальнікаў —  калі ёсць магчымасць лепш вывезці,  а не спальваць  смецце.

Што тычыцца спальвання сухой травы,  то гэта катэгарычна заборонена, бо пагражае экалогіі. І тут пажарныя  заклікаюць курыльшчыкаў — не кідаць свае акуркі з вокнаў аўтамаібяляў  на абочыну дарогі. Камусьці гэта падасца дробяззю,  а на самой справе —    гэта злачынства, якое пагражае вялікім уронам. Памятаць пра гэта  павінны і вяскоўцы,  якім самы час адмовіцца ад курэння  альбо курыць у спецыяльна адведзеных месцах.

Мілана  ТРАПЯНОК.

         

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *