Што хвалюе моладзь Міншчыны

У Вілейцы прайшоў адкрыты дыялог па актуальных пытаннях развіцця краіны і рэгіёнаў. Удзельнікі яго — маладыя лідары Міншчыны, прадстаўнікі адукацыі, аховы здароўя, прадпрымальніцтва, сродкаў масавай інфармацыі, жыллёва-камунальнай гаспадаркі і іншых сфер. А адказвалі на пытанні моладзі – намеснік старшыні Мінаблвыканкама Іван Маркевіч, першы сакратар Вілейскага РК ГА “БРСМ” Настасся Чарняўская. Мадэратарам дыскусіі выступіў намеснік начальніка ўпраўлення па справах культуры БДУ Аляксандр Ігнатчык.

Адказвалі на пытанні моладзі – намеснік старшыні Мінаблвыканкама Іван Маркевіч, першы сакратар Вілейскага РК ГА “БРСМ” Настасся Чарняўская. Мадэратар дыскусіі — намеснік начальніка ўпраўлення па справах культуры БДУ Аляксандр Ігнатчык

 

З прывітальным словам да прысутных звярнуўся Іван Маркевіч.

— Прыемна сустрэцца з вамі на вілейскай зямлі, — гаварыў Іван Станіслававіч. – Адкрыта, нефармальна пагутарыць, знайсці адказы на хвалюючыя пытанні. Думаю, ведаеце, што па ўсёй краіне наладжваюцца такія пляцоўкі. Да дыялогу далучаюцца людзі розных сацыяльных груп: моладзь, пенсіянеры, працуючыя.
І гэта радуе. Мы хочам пачуць кожнага, даведацца, што хвалюе, непакоіць. І разам вырашыць праблемы. Радуе, што на Міншчыне шмат таленавітай, адукаванай моладзі. І мы не закрыты ад вас – мы гатовы да дыялогу! Таму заклікаю і вас да гэтага.

Моладзь задавала розныя пытанні. Да прыкладу, барысаўчаніна цікавіла, ці плануецца ў будучым раздзяліць упраўленне культуры і ідэалогіі.

— Хацелася б, каб сферай культуры кіравалі прафесіяналы, людзі са спецыяльнай, “творчай” прафесіяй. А пакуль гэта складана. Бо ў нас адзін аддзел ідэалогіі і культуры, — гаварыў малады чалавек. Іван Станіслававіч адзначыў, што ідэалогія і культура аб’яднаны толькі на Міншчыне і Гомельшчыне, у астатніх абласцях – гэта два асобныя ўпраўленні.

— На мой погляд, гэта няправільна, — зазначыў Іван Станіслававіч. – Я ўнёс прапанову раздзяліць: ідэалогію і культуру.
Магчыма, з 1 лютага альбо пачатку сакавіка ўпраўленні будуць існаваць асобна.

Яшчэ адно пытанне, якое абмеркавалі прысутныя, тычылася пенсійнага заканадаўства.

— На мой погляд, патрэбна пакінуць такі ж пенсійны ўзрост, як зараз, — зазначыў Іван Маркевіч. – Але, калі і пасля выхаду на пенсію людзі хочуць і могуць працаваць, неабходна даць ім такую магчымасць.

— Так, і я падтрымліваю такое меркаванне, — гаварыла ўдзельніца дыялогу. – Працую ў сферы адукацыі. І ў нас шмат вопытных настаўнікаў, якія ўжо выйшлі на пенсію, але ў іх ёсць жаданне і сілы і далей працаваць. Яны дзеляцца з намі, маладымі педагогамі, ведамі, вопытам. Іх любяць і паважаюць дзеці за прафесіяналізм.

Гучала пытанне і пра развіццё малых гарадоў.

— Я вырасла ў Вілейцы, затым пэўны час працавала ў Мінску. Зараз выйшла замуж, вярнулася на радзіму, — гаварыла вілейчанка. – Працуем з мужам. А вечарам праводзім час дома. Бо няма куды схадзіць. Гэта адна з галоўных прычын, па якой маладыя людзі едуць у вялікія гарады.

— Мы працуем з моладдзю: было запланавана шмат сустрэч, але многія нашы планы перакрэсліла пандэмія, — гаварыў старшыня Вілейскага райвыканкама Алег Бегунец. — Цудоўная магчымасць падтрымліваць сувязь з моладдзю – дыялогавыя пляцоўкі. Мне здаецца, такія сустрэчы павінны праходзіць як мага часцей. Як і дзе адпачыць з карысцю моладзі ў Вілейцы? Да прыкладу, арганізаваць сплавы на байдарках па Віліі. У нас прыгожая, багатая прырода, ёсць на што паглядзець. Было б жаданне. Увогуле, калі гаварыць пра моладзь, хачу адзначыць, што, на мой погляд, маладыя людзі павінны пастаянна вучыцца, папаўняць свой багаж ведаў. Спынішся – складана будзе навярстаць!

Моладзь цікавілі і пытанні жылля, сацыяльныя льготы… Гаварылі і на тэму дзяржаўнага ўстройства палітычнай сістэмы, а дакладней, ці патрэбна ўзмацняць ролю Парламента ў вырашэнні дзяржаўных задач, паразважаў студэнт кафедры паліталогіі Пётр Арлоў:

— Пераразмеркаванне паўнамоцтваў паміж галінамі ўлады – задача нумар адзін. Але мы павінны разумець, што ў Парламенце ў такім выпадку павінны быць прадстаўлены інтарэсы розных сацыяльных груп людзей. І фарміраванне моцнага Парламента магчыма толькі пры моцнай партыйнай сістэме.

Дыялог працягваўся больш за дзве гадзіны.

— Атрымалася адкрытая, “жывая” гутарка, — зазначыў Іван Станіслававіч. – Я настолькі ўражаны сённяшняй сустрэчай, што гатовы і далей праводзіць дыскусію.

Так, мы не ўсе пытанні сёння змаглі абмеркаваць. Але ж гэта не апошняя наша размова. Вельмі важна, што вы неабыякавыя да жыцця краіны, цэнтральнага рэгіёна, свайго раёна.

У фінале мерапрыемства прайшло ўзнагароджанне прадстаўнікоў моладзі вобласці, адзначаных па выніках абласных конкурсаў “Малады лідар Міншчыны” і “Валанцёр года”. Прыемна, што сярод пераможцаў і прадстаўнікі Бярэзінскага раёна — індывідуальны прадпрымальнік, уладальнік грыль-бара “Мандарын” Антон Няхай і адказны сакратар раённай газеты

“Бярэзінская панарама” Юлія Букель.
Падрабязней пра пераможцаў чытайце ў навагоднім нумары газеты!

Юлія БУКЕЛЬ.
Фота з сайта МЛЫН.BY.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *