Што яднае беларусаў? Высвятляў наш карэспандэнт

Сёння мы пацікавіліся ў жыхароў Бярэзіншчыны, што ж яднае ўсіх нас, беларусаў?

Алена ПАДДУБСКАЯ, працуе ў Бярэзінскім вузле электрасувязі:

Дабрыня!

— Мне здаецца, што мы, беларусы, самая добрая, самая міралюбівая нацыя. Заўсёды спачуваем адзін аднаму, прыходзім на дапамогу, не пакідаем нават чужых людзей у бядзе. Хочацца, каб мы заўсёды былі адзіным цэлым. Адной вялікай дружнай сям’ёй. Каб у нашай краіне не было разладу, расколу –дружна жылі, працавалі, заставаліся такімі ж міралюбівымі, міласэрнымі, дабрадушнымі заўсёды.

Вольга і Сяргей РАКІТА з сынам Іванам, жыхары Беразіно:

Вольга:

Талерантнасць.

— Паглядзіце, колькі на тэрыторыі нашай краіны, нават нашага раёна пражывае іншых нацыянальнасцей. Але мы, беларусы, з дабрынёй ставімся да кожнага чалавека!

Сяргей:

Працавітасць.

— Я па родзе дзейнасці шмат езджу за мяжу. Калі даведваюцца, што з Беларусі, з радасцю гутараць! І заўсёды кажуць, што мы, славяне, самыя добрыя і працавітыя. Ды і як з гэтым не пагадзіцца?! Сапраўды, беларусы ніколі не бываюць раўнадушнымі да чужога гора, імкнуцца падтрымаць па меры магчымасцей таго, хто трапіў у бяду. Вядома ж, і плённа шчыруем, не шкадуючы сіл. Бо, толькі той, хто працуе, той мае. Мы, беларусы, не ўмеем і не можам ленавацца.

Таццяна БАРЫСЕВІЧ, жыхарка Мікуліч:

Мір і згуртаванасць.

— Беларусы заўсёды былі, як мне здаецца, самай міралюбівай нацыяй. З павагай адносімся да іншых людзей, іх меркаванняў, светапоглядаў. Але. Мне падаецца, што раней мы былі больш добрымі, згуртаванымі. Зараз – кожны сам сабе. Я жыву ў Мікулічах. Аграгарадок даволі вялікі. Як я кажу, “старажылаў” добра ведаю, а вось прыезджых – не так. А раней жа як было: вяскоўцы добра ведалі адзін аднаго, заўсёды разам, талакой, працавалі і адпачывалі. Хочацца, каб мы ўсе крыху сталі дабрэйшымі: больш увагі ўдзялялі адзін аднаму. Тады мы і зможам захаваць нашы галоўныя каштоўнасці – мір і згуртаванасць.

Марыя ТРУС, пенсіянерка:

Ветлівасць.

— Я беларуска, тут нарадзілася, тут жыву і ганаруся сваёй краінай. І хачу, каб і надалей беларусы былі адзінай нацыяй. Каб і надалей жылі дружна! Няўжо мы зараз дрэнна жывём?! Цудоўна! Галоўнае, не ленавацца, працаваць, тады ўсё будзе. А інакш, вядома ж, нічога само сабой не з’явіцца. Яшчэ хачу пажадаць усім нам, беларусам, моцнага здароўя. Будзе здароўе – будзе і шчасце!

Уладзімір АЛЬШЭЎСКІ, работнік вытворчага ўчастка “Здравушка-мілк”:

Сяброўства.

— Беларусы – напэўна, самая дружная нацыя. Мы імкнёмся заўсёды знайсці мірны выхад з любой сітуацыі. З усімі імкнёмся пад-трымліваць сяброўскія адносіны. Хочацца, каб так было заўсёды. Бо мы, беларусы, заўсёды былі добрымі, справядлівымі, міралюбівымі, дружнымі людзьмі.

Юлія БУКЕЛЬ.
Фота Алены ГРОМАВАЙ.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *