Што хвалюе жыхароў Бярэзінскага раёна?

У раёне працягвае працаваць грамадская прыёмная, дзе пытанні бярэзінцаў выслухоўваюць, даюць канкрэтныя тлумачэнні і карысныя парады прадстаўнікі грамадскіх арганізацый і ўстаноў раёна. Што ж канкрэтна непакоіць бярэзінцаў?

У грамадскай прыёмнай на мінулым тыдні працавалі намеснік начальніка ўпраўлення па адукацыі, спорце і турызме райвыканкама Ала Петруковіч і першы сакратар раённага камітэта ГА «БРСМ» Кацярына Аўрамчык

У першую чаргу, пытанні пенсійнага заканадаўства. Так, людзей цікавіла, якія налічэнні прадугледжаны пенсіянерам, якія дасягнулі 80-гадовага ўзросту. Не менш актуальнае пытанне і аб налічэнні льготнай пенсіі асобным катэгорыям грамадзян па выслузе гадоў у прафесіі.

— Гэтыя пытанні не першы раз задаюць бярэзінцы нашым спецыялістам, — гаворыць начальнік упраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама Вольга Калячка. — Згодна з Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 16 студзеня 2012 года «Аб павышэнні пенсій» асобам, якія дасяг-нулі 75 гадоў, прызначаецца даплата ў памеры 75% мінімальнай пансіі па ўзросце (на 1 снежня 2020 года складае 48 рублёў 40 капеек), а асобам, якія дасягнулі 80-гадовага ўзросту, у памеры 100 працэнтаў мінімальнай пенсіі, а памер даплаты — 64 рублі 53 капейкі. Што тычыцца налічэння льготных пенсій асобным катэгорыям працуючых, дык тут лепш напрамую звярнуцца да нашых спецыялістаў, каб атрымаць дакладную і самую поўную інфармацыю.

Не абыходзіцца работа грамадскіх прыёмных і без камунальных пытанняў. Усе яны пераадрасаваны намесніку старшыні райвыканкама Сяргею Бабуру і тыя, хто звярнуўся, у самы бліжэйшы час атрымаюць адказы.

— Прыемна зазначыць, што дбаюць бярэзінцы не толькі ўласна аб сабе, але і аб зручнасці і бяспецы ўсіх жы-хароў раёна, — заўважыла намеснік начальніка ўпраўлення па адукацыі, спорце і турызме райвыканкама Ала Петруковіч, якая працавала ў грамадскай прыёмнай на мінулым тыдні. — Так, адзін з жыхароў раёна паскардзіўся на зусім нязручную і невялікую паркоўку аўтамабіляў каля магазіна «Хіт» па вуліцы Хонінава горада. Мужчына лічыць, што на гэтым участку дарогі зусім не патрэбны «спячы паліцэйскі».

А што на гэты конт думаюць у Бярэзінскай Дзяржаўтаінспекцыі?

— Адразу заўважу, што гэта скарга для нас — поўная нечаканасць, — адказвае намеснік начальніка аддзела Дзяржаўтаінспекцыі Бярэзінскага РАУС Дзмітрый Гайдук, — і мы ў складзе раённай камісіі па бяспецы дарожнага руху абавязкова вывучым і прааналізуем сітуацыю, па неабходнасці прымем меры. А вось устаноўка «спячага паліцэйскага» па вуліцы Хонінава ніяк не аспрэчваецца. Ён пабудаваны каля адзінага наземнага пашаходнага перахода на гэтым участку дарогі. дзе штодзень пераходзяць дарогу дзеці ў школу.

— Грамадская прыёмная – выдатная магчымасць у прысутнасці адказных асоб сабраць і абмеркаваць усе прапановы, вырашаць злабадзённыя пытанні і весці адрасную растлумачальную работу, — падкрэсліла намеснік начальніка аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама Валерыя Карэцкая. — Толькі ў лістападзе сюды з пытаннямі звярнуліся звыш 10 чалавек.

Мілана ТРАПЯНОК.
Фота Юліі БУКЕЛЬ.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *