Што захоўвае дзіцячая памяць?

Пра Вялікую Айчынную вайну напісана і сказана шмат. Аднак сучасныя палітычныя падзеі сведчаць: хапае ў нашай ваеннай гісторыі белых плям. Варта толькі глыбей капануць і робіцца зразумелым – некаторыя старонкі не дапісаны. Адна з самых змрочных і дагэтуль не да канца асэнсаваных нашчадкамі — прымусовы згон у гады Вялікай Айчыннай вайны мірнага насельніцтва на працу ў Германію.

У Ліліі Андрэеўны гады бяруць сваё, але вочы сведчаць аб адваротным. Яны па-ранейшаму гараць і ззяюць дабрынёй

Яшчэ ў канцы мінулага стагоддзя супрацоўнікі раённай бібліятэкі прыступілі да збору звестак пра вязняў. Так нарадзілася ідэя стварэння ўнікальнай кнігі ўспамінаў з асобным раздзелам «У рабства ў Германію».

Гэтыя людзі паважанага ўзросту скардзяцца на здароўе і памяць, але затое нашчадкам у спадчыну перадаюць каштоўныя ўспаміны. Апошнія спатрэбяцца для напісання даследчых работ па гісторыі і асэнсавання жудасці ваенных гадоў, бо гісторыя — гэта не толькі бітвы і перамогі, але і лёсы. Лёсы людзей, якім давялося спазнаць фашысцкі палон. Сярод іх 80-гадовая Лілія Бурымская, якой наканавана было вайной правесці некалькі гадоў у Германіі.

У сямейным архіве беражліва захоўваецца адзіны фотаздымак бацькоў, зроблены да вайны, у 1937 годзе. На ім матуля Юлія разам з бацькам Андрэем і старэйшым сынам. – Дарэчы, матуля нарадзіла мяне ў 48 гадоў, – успамінае Лілія Андрэеўна. – Калі надараецца, наведваю яе магілку. А дзе месца пахавання бацькі, дагэтуль не ведаю. Няма куды і кветкі пакласці

Альбом з асобнымі здымкамі

– Я апынулася на чужыне з бацькамі, братам i сёстрамі. А нас было ў сям’і пяцёра дзяцей. Я – самая маленькая, – успамінае Лілія Бурымская (у дзявоцтве Аніфер). – Мне ж тады было ўсяго паўгода. Немец, які фарміраваў рабочыя брыгады, гледзячы на матулю са мной, малечай на руках, пашкадаваў i адправіў да сваёй сястры ў Франкфурт-на-Майне.

Што можа захаваць дзіцячая памяць? У ёй усё, як у альбоме з асобнымі здымкамі…

Вось лавачкі ля хаты на вуліцы – на ix стаяць, без ніякага нагляду, бідоны з малаком. Ix зaбipaў гаспадар кароў, а потым прывозіў ужо гатовыя малочныя вырабы: пaчкі сметанковага масла, тварагу. Нам, малым, дарослыя строга наказвалі не чапаць без дазволу бідоны i прадукты. Мы гэта правіла ніколі не парушалі…

Дарослыя працавалі, а мы, малыя, бавілі час з суседскай дзяўчынкай Хрысцінай. Пераважна гулялі ў траншэях, за горадам.

Памятаю, як аднойчы на Каляды, якія немцы лічылі асаблівым святам, мяне пачаставалі цукеркамі – першым у маім дзяцінстве салодкім пачастункам. Дагэтуль не забыцца, як матуля вадзіла мыцца на ферму, дзе працавала. Там была падведзена цёплая вада для падмывання кароў.

Вызвалялі нас амерыканскія войскі. Памятаю, як цемнаскуры дзядзька злез з танка, пачаставаў нас, дзяцей, шакаладкамі.

У памяці застаўся пах

– У дзіцячых скупых успамінах пра вяртанне дадому застаўся толькі пах кансерваў. Імі частавалі салдаты-вызваліцелі. А таксама – пах медыкаментаў. А яшчэ памятаю пах машын: у дальніх пераездах яны выстройваліся паўкругам у час адпачынку, людзі pacпaльвaлi непадалёку вогнішчы, гатавалі ежу.

Потым, калі мы exaлі ўжо ў цягніку, у памяць урэзаўся тaкi эпізод. Два салдаты-інваліды exaлi ў адным вагоне. Адзін – без рук, другі – бязногі, i яны дапамагалі адзін аднаму. Бязногі памагаў свайму бязрукаму сябру па няшчасці рукамі: запальваў цыгарэту, пaiў з кубка вадой. А бязрукі дапамагаў бязногаму пры перамяшчэнні.

Нам пашанцавала: з Германіі вярнуліся ў родныя Максімавічы з матуляй мае старэйшыя сёстры i брат. А вось бацька памёр на чужыне, у Бухенвальдзе. Памятаю, як я, не разумеючы, з радасцю несла матулі ліст з чорнай меткай – сумнай весткай. Маці, убачыўшы канверт, ледзь не абамлела i залілася слязьмі…

Вярнуліся мы дадому, а жыць няма дзе: хата згарэла дашчэнту. Давялося пэўны час туліцца ў суседзяў. Вельмі галадалі, скублі шчаўе і збіралі падарожнік. Калгас выдзеліў нашай сям’і дзве баразны бульбы. Гэта было ў галодны час сапраўдным выратаваннем для вялікай сям’і ўдавы з дзецьмі. Цяжкая прымусовая праца i жыццё на чужыне падкасілі матуліна здароўе. Не вынеслі яе кволыя жаночыя плечы цяжкага лёсу. Матулю я страціла, калі вучылася на першым курсе Барысаўскага медвучылішча. Дарэчы, туды паступала, каб лячыць людзей, ведаючы, як цяжка пакутавала ад хвароб матуля.

Галоўнае свята ў жыцці

Сёння Лілія Андрэеўна размяняла дзявяты дзясятак, чатыры гады таму аўдавела і зараз жыве разам з дачкой. Сумесна яны рамантуюць стары дом па вуліцы Юбілейнай.

– Кожны год напярэдадні 9 Мая мяне віншуюць з Днём Перамогі былыя калегі з раённай бальніцы, – гаворыць жанчына. – Я ж усё жыццё сумленна адпрацавала ў радзільным аддзяленні і дапамагла з’явіцца на свет не адной сотні дзяцей.Усім немаўлятам і іх матулям шчыра зычыла міру і здароўя!

У сямейным альбоме Бурымскіх багата бальнічных фотаздымкаў, але яшчэ больш здымкаў з сябрамі з падарожжаў.

– Мая сям’я раз’ехалася па свеце і я да апошняга падтрымлівала з імі цесную сувязь, – расказвае жанчына. – Наведвала, прыязджала ў госці, клапацілася. Сёння ўжо нікога з сясцёр і брата няма ў жывых. Але душу грэюць успаміны пра іх, захаваліся самыя шчырыя пачуцці і яркія ўспаміны. Мы ж перажылі самую жудасную вайну, голад і разруху, выстаялі насуперак усяму, нарадзілі дзяцей і дачакаліся ўнукаў. Яны павінны быць больш шчаслівымі, чым мы!

Мілана ТРАПЯНОК.
Фота Алены ГРОМАВАЙ
і з архіва гераіні матэрыялу.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *