Спадарожнага ветру вам, бытавікі!

У нядзелю сваё прафесійнае свята святкуюць работнікі  бытавога абслугоўвання.  Быў час,  калі кожны з нас свайго жыцця не мог уявіць без іх працы, бо да іх мы звярталіся, каб адрамантаваць вопратку ці пашыць модную  сукенку,  зрабіць прычоску альбо прыбіць набойкі на чаравікі. Сёння тыя гады бытавікі ўспамінаюць з балючай  настальгіяй,  бо цяпер за гэтымі паслугамі бярэзінцы  ідуць  да прыватнікаў і работнікаў  малога бізнесу.

— Мы працуем у няпростых умовах ужо каторы год,  — зазначае дырэктар Бярэзінскага  РКБА Сяргей Аўсянскі. – Канкурэнцыю нам складаюць некалькі прыватных структур,  мноства цырульняў і майстэрняў,  ды і  шэраг былых нашых майстроў перайшлі да іх. Таму сёння кожны работнік у нашай арганізацыі на вагу золата.

Гэта сапраўды так, бо ў раённым камбінаце бытавога абслугоўвання  заняты        43 чалавекі. Гэта толькі чацвёртая частка калектыву, які шчыраваў і радаваў нашых кліентаў у канцы ХХ-га стагоддзя. Але якая!  Усе яны  работнікі з вялікім стажам, якія захоўваюць  вернасць  сваёй справе і камбінату. Гэта таваразнаўца Наталля Баркоўская, прадавец Ніна Глазава, прыёмшчыца заказаў Любоў Кушнер, швачкі Тамара Лубянцова, Ларыса Шмарлоўская, Людміла Шынкевіч, Марына Харловіч, Святлана Бабровіч і Ніна Лапыцька, вадзіцель Вячаслаў Раманёнак. Каму з бярэзінцаў невядомы гэтыя людзі?!

Ды і гэта няпоўны спіс майстроў і спецыялістаў,  у чыёй працоўнай кніжцы  значыцца ўсяго адзін запіс – РКБА.  Летась швачка Наталля Малашкевіч адзначыла свой 40-гадовы юбілей працы ў  арганізацыі.

— Памятаю яшчэ часы, калі людзі  прыцходзілі менавіта да нас, да свайго майстра  з заказам адрамантаваць абутак альбо да закройшчыка ці швачкі пашыць касцюм па сучасным фасоне,  — гаворыць жанчына. — Таму працавалі сумленна, дбаючы пра кожнага свайго кліента і не маглі  дапусціць браку.

У калектыве “бытавікоў” яна — не адзіны  такі доўгажыхар.  Набліжаецца  да 45 –гадовага стажу працы ў арганізацыі Ганна Лянькова. Нават на заслужаным адпачынку яна не стамляецца старанна працаваць і абслугоўваць сваіх кліентаў.

— Вядома ж, магла б  ужо і адпачыць, —  смяецца жанчына, —  але моладзь не спяшаецца заняць маё месца, а  кліенты звяртаюцца са сваімі заказамі. Ды і што зробіш, калі ў маіх сэрцы дагэтуль жыве  надзея вярнуць былую славу камбінату,  які “грымеў” у савецкія часы.

Гэтую надзею у вопытнай работніцы падтрымлівае  і галоўны бухгалтар  Алена Паддубская. Яна  не толькі дбае пра кожны рубель у бюджэце бытавікоў,  але і душой хварэе за лёс прадпрыемства.

— Мы сёння робім  усё магчымае, — зазначае яна, —  каб прыцягнуць у свае рады маладых работнікаў —  мяняем сістэму аплату працы і кошт паслуг, адшукваем новыя віды паслуг.

Рупіцца пра гэта і малады кіраўнік. Сяргей Аляксеевіч  менш за тры гады узначальвае калектыў “бытавікоў”, але і ў мінулым у яго багаты вопыт прадпрымальніцкай справы.

— “Бытавікам” сёння не менш цяжка, чым мне было у свой час пачынаць уласную справу,  — падкрэслівае дырэктар,  — бо яны дбаюць не толькі пра рэнтабельнасць прадпрыемства, але і нясуць сацыяльную адказнасць перад калектывам і сваімі кліентамі. Рук мы не апускаем і прывілей да сябе асаблівых не патрабуем. Каб зменшыць страты, зарабіць і пусціць сродкі на развіццё, актыўна пашыраем вытворчыя  ўчасткі, не грэбуем ніякімі заказамі, заключаем дагаворы  і працуем на давальніцкай сыравіне. У маіх ружовых марах наладзіць сувязі з расійскімі заказчыкамі.

Калектыў сёння  не сядзіць без справы ў чаканні ажыццяўлення мар. Актыўна аказваюцца па заяўным прынцыпе паслугі на вёсцы.  Адзіны тэлефон бытавой  службы  — 167 дазваляе  прымаць заказы на аказанне таго ці іншага віду паслуг кругласутачна.  Спецыялісты і майстры РКБА  рэгулярна  выязджаюць  на раён і бесперабойна задавальняюць патрэбы вяскоўцаў.

— У цэлым па  раёне, — падкрэслівае Сяргей Аляксеевіч,  — сацыяльны стандарт па аказанні насельніцтву бытавых паслуг выконваецца. З 11 пазіцый  7 аказвае наш калектыў. Хаця і гэта не ўсё, што мы можам прадставіць нашым кліентам.

Сёння калектыў бытавікоў актыўна займаецца пошукам новых відаў  абслугоўвання насельніцтва,  вывучае попыт на паслугі,  якія б вярнулі кліентаў і заказы  на камбінат. Яны абавязкова будуць мець плён, бо калектыў “бытавікоў” выканаў у няпростых умовах задачу мінімум —  выйшаў з разраду стратных прадпрыемстваў раёна.

— Планаў у нас — на год наперад! — удакладніў дырэктар.  – Увесь наш дружны і працавіты калектыў мае намер ажыццявіць іх  у бліжэйшыя гады. Ды і як жа інакш,  бо сёння ўжо мала трымацца “на плаву”, а трэба не ісці, а бегчы, каб  пабачыць вынік  гэтага актыўнага руху.  Я спадзяюся такую пазіцыю падзяляюць члены ўсяго нашага калектыву — людзі,  якія  ўяўляюць сабой  сапраўдны гонар не толькі бярэзінскага камбіната, а і ў цэлым усёй сістэмы бытавога абслугоўвання.

Мілана ТРАПЯНОК.

 Фота Алены ГРОМАВАЙ.       

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *