Старшакласнікі тут – частыя госці

З якой мэтай яны збіраюцца ў сектары занятасці ўпраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама?

Безумоўна, не для працаўладкавання. Хаця штогод старшакласнікі спрабуюць сябе ў той ці іншай прафесіі, запісаўшыся ў студатрад, і ўжо маюць уяўленне аб цане заробленага рубля. Супрацоўнікі сектара, якім кіруе Святлана Сайкоўская, вядуць шырокую прафарыентацыйную работу сярод выпускнікоў, накіраваную на пошук і адкрыццё свайго “я”.

Вось і ў адзін з ліпеньскіх дзён тут сабраліся прадстаўнікі гарадскіх устаноў адукацыі на чарговае мерапрыемства. Святлана Уладзіміраўна давяла прысутным інфармацыю аб рынку працы ў раёне і тых прафесіях і спецыяльнасцях, якія найбольш запатрабаваны на сённяшні дзень.

Калі ж здарыцца так, што пасля заканчэння школы не пашанцуе паступіць ва ўпадабаную ўстанову, адчайвацца не трэба: у службы сектара занятасці заўсёды ёсць выйсце. Тут прапануюць накіраванне для авалодання новымі для сябе спецыяльнасцямі. Прычым вучоба бясплатная, з атрыманнем на час заняткаў інтэрната і стыпендыі. Дапамогуць і тым, хто жадае адкрыць сваю справу.

Як паказала праведзенае ў час сустрэчы апытанне, далёка не кожны з заўтрашніх выпускнікоў уяўляе сабе будучы прафесійны шлях і тую навучальную ўстанову, якой гатовы аддаць перавагу. Пэўную дапамогу ў пошуку павінна аказаць прафарыентацыйная гульня, якую прэзентавала прысутным Святлана Сайкоўская. Аўтарам распрацоўкі з’яўляецца індывідуальны прадпрымальнік Галіна Юшкевіч – адзіны аўтар у Рэспубліцы Беларусь па распрацоўцы настольных гульняў для выпускнікоў.

У ходзе сустрэчы школьнікі мелі магчымасць вывучыць інструкцыю і правілы гульні, паспрабаваць з яе дапамогай выявіць свае нераскрытыя здольнасці.

Дарэчы, тры камплекты гульні, што закуплены ўпраўленнем, перададзены на дабрачыннай аснове выпускнікам гарадскіх школ для правядзення далейшай прафарыентацыйнай работы.

Школьнікі знаёмяцца з правіламі прафарыентацыйнай гульні

Анатоль ПАЛЫНСКІ.
Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *