Стаж сяброўства 40 гадоў

 

На гэты раз мы завіталі ў госці да нашага даўняга падпісчыка Канстанціна Гоцмана.

 

Віншаванне – шыкоўны падарунак

Кожную сераду і суботу Канстанцін Васільевіч з нецярпеннем чакае раёнку. Іншы раз нават па некалькі разоў падыходзіць да паштовай скрыні, каб праверыць, ці прынеслі “Бярэзінскую панараму”.

— Выпісваем газету з жонкай Надзеяй ужо больш за 40 гадоў! Часцей за ўсё адразу на паўгода, каб не забыць. Бо як жа мы пражывём месяц безмясцовых навін? – заўважае мужчына. – Пачынаю знаёміцца “з панарамай” з апошняй старонкі: што, хто прадае. Абавязкова чытаю віншаванні. Ды і сам неаднаразова віншаваў родных праз газету. Бывала, што і мяне родныя да дня нараджэяння віншавалі праз любімую газету. І, шчыра прызнаюся, гэта быў адзін з самых лепшых падарункаў.

Навіны – з газеты

— Мне здаецца, у кожнай сям’і “Бярэзінская панарама” павінна быць газетай нумар адзін, — працягвае гутарку мужчына. – Я не карыстаюся інтэрнэтам, у мяне звычайны просты тэлефон, а не навамодны смартфон. І навіны я даведваюся з газеты, тэлебачання і радыё. Некаторыя сцвярджаюць, што газетны нумар жыве адзін дзень. Маўляў, затым артыкулы не актуальныя. Мне здаецца, што гэта не так. І праз час прыемна пералістаць дарагія сэрцу нумары “раёнкі”, каб яшчэ раз перачытаць, згадаць інфармацыю. Дзякуючы “панараме” ведаю ўсе навіны раёна: якое, дзе прайшло мерапрыемства, хто з работнікаў лепшы. Падчас пандэміі асабліва карысныя для мяне артыкулы медыцынскай тэматыкі: чытаю і нават перачытваю парады ўрачоў, знаёмлюся з нашымі медыцынскімі работнікамі. З задавальненнем чытаю матэрыялы пад рубрыкамі “Асоба”, “Пасля падзеі”, “З нагоды”, “Юбіляры”, “Ваша слова, чытачы”, тэматычную старонку “Сямейная скарбонка”. Цікавяць мяне і спартыўныя навіны. Люблю знаёміцца з нашымі спартсменамі, чытаць парады па здаровым ладзе жыцця ў рубрыцы “Знайдзі свой 1 %”. Жывём ва ўласным доме. Ёсць агарод, сад.  Таму нас цікавяць і парады дачнікам. Прыйшлася даспадобы рубрыка “Ваша дача”, дзякуючы якой мы даведаліся, колькі руплівых гаспадароў, якія любяць зямлю, працуюць на ёй, ёсць на Бярэзіншчыне.

Думаю, апошнім часам усіх хвалюе і палітычная тэматыка. Прыемна, што ў раёнцы апошнім часам друкуюцца і аналітычныя артыкулы на гэтую тэму.

Экскаватаршчык

— З задавальненнем чытаю матэрыялы і пра былых калег, — працягвае гутарку мужчына. – Шмат гадоў адпрацаваў экскаватаршчыкам ў ПМК-182. Затым – на былым ільнозаводзе слесарам. Таму прыемна, калі ў раёнцы ёсць матэрыялы пра калег. Такія артыкулы перачытваю па некалькі разоў.

Былыя журналісты

— Выпісваю газету вельмі даўно, таму, бясспрэчна, памятаю і журналістаў, якія працавалі раней. Урэзаліся ў памяць артыкулы па сельскай гаспадарцы Уладзіміра Несцяровіча (і зараз чытаю яго вершы), кранальныя жыццёвыя гісторыі Ніны Федаровіч, аналітычныя артыкулы Гертруды Шчур.

Колер — падабаецца

— Як мне новы дызайн газеты? Задавальняе! Літары сталі больш буйныя: чытаць тэкст лягчэй. Ды і фотаздымкі якасныя, буйныя – можна разгледзець людзей. Памятаю, раней на ўсю газету маглі быць адзін-два здымкі і таткія маленькія, што нават і не разгледзіш, хто на іх. Ды і новы колер газеты – падабаецца. Зараз у раёнцы стала больш матэрыялаў менавіта пра людзей. І большасць я ведаю. У двайне прыемна чытаць матэрыялы пра знаёмых. Чаго не хапае выданню? Складна сказаць. Мне ўсе падабаецца: бо ў газеце закранаюцца ўсе актуальныя тэмы.

Здароўя і творчасці

— Упэўнены, кожны знойдзе ў “панараме” штосьці цікавае для сябе. Зычу калетыву газеты творчага натхнення і сямейнага дабрабыту! Хацелася б, каб нашу любімую газету выпісвалі, куплялі, чыталі, як мага больш людзей!

 

 

Юлія БУКЕЛЬ.

Фота Алены ГРОМАВАЙ.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *