“Стаж” сямейнага жыцця і сяброўства з раёнкай – 54 гады!

Чарговая пераможца рэдакцыйнага розыгрышу – Галіна Ермалаева! У падарунак жанчына атрымала сертыфікат на мужчынскую стрыжку.

– Мы з мужам пастаянна і ўжо больш за 50 гадоў выпісваем раёнку. Гэта – сямейная газета. Без “Панарамы” не ўяўляем жыцця, – заўважае Галіна Ермалаева. – Прыемна, што раёнка дорыць сюрпрызы. Абавязкова зноў прымем удзел у чарговым розыгрышы

Разам

– Будзе цудоўны сюрпрыз мужу Міхаілу. Мы ж разам ужо 54 гады. Столькі ж прыблізна “сябруем” з раёнкай! Я мясцовая, са Святліцы. Муж – з Бялынічскага раёна. А пазнаёміліся ў сталіцы. Стаж сямейнага жыцця, як бачыце, значны! У чым сакрэт?! Напэўна, у тым, што навучыліся разумець адзін аднаго, чуць і саступаць. Любыя пытанні вырашаем разам: абмяркоўваем, знаходзім рашэнне, якое задаволіць абодвух. У нас дзве дачушкі – Ала і Таццяна, чацвёра ўнукаў і трое праўнукаў. Мы імі ганарымся. Яны – наша галоўнае шчасце і багацце, надзейная падтрымка.

100 гадоў!

Аказваецца, Галіна з мужам адпрацавалі ўсё жыццё на сырзаводзе.

– Прыйшла туды, калі толькі прадпрыемства пачынала будавацца. І адпрацавала 28 гадоў загадчыцай склада, – дадае жанчына. – Каля трыццаці шчыраваў там муж зваршчыкам. Зараз эстафету працягваюць дачка Ала і яе муж Юрый. І калі скласці наш “сямейны” працоўны стаж на заводзе, то атрымаецца больш за 100 гадоў! Вось такая дынастыя. За час працы назбіралася шмат узнагарод, бо імкнуліся шчыраваць дастойна, быць прыкладам для іншых. Гэтаму ж вучылі дзяцей, унукаў!

Завод і калонка

– Што падабаецца чытаць у раёнцы больш за ўсё?! Зразумела, пра былых калег, поспехі, перамогі роднага прадпрыемства. Матэрыялы пра завод чытаем і перачытваем па некалькі разоў. А яшчэ, як толькі пачала выходзіць аўтарская калонка Міланы Трапянок, артыкулы журналіста сталі самымі любімымі. Іх з нецярпеннем чакаю. Аўтар “бойка” і “ярка” разважае на самыя актуальныя, злабадзённыя тэмы, якія датычацца кожнага з нас. Асабліва кранаюць думкі ўслых на палітычную тэматыку. Падабаюцца артыкулы і пра сельскую гаспадарку. Ды і ўвогуле, кожны матэрыял у раёнцы чытаю. Дарэчы, віншаванні таксама. Гэта ж цікава, у каго і калі дзень нараджэння. І сама неаднаразова віншавала праз газету. Мне здаецца, гэта так прыемна: разгортваеш газету – а там цябе віншуюць з днём нараджэння!

– Што падабаецца мужу? Таксама матэрыялы пра завод, працаўнікоў, сельскую гаспадарку, медыцыну, – працягвае гутарку Галіна. – Заўважылі, што апошнім часам “Панарама” змяніла сваё аблічча. Новы колер, шрыфт, падача артыкулаў – усё задавальняе.

Я – чытач “са стажам”. Памятаю многіх журналістаў, якія працавалі ў рэдакцыі раней. Асабліва ўрэзаліся ў памяць вершы і жыццёвыя гісторыі Ніны Федаровіч, аналітычныя артыкулы Гертруды Шчур, апавяданні і вершы Уладзіміра Несцяровіча.

Гаспадыня

– Тэма сельскай гаспадаркі нам з мужам блізкая. Жывём мы ва ўласным доме. Садзім агарод, вырошчваем кветкі. Не так шмат, бясспрэчна, як раней, але працы хапае. Хаця заўсёды жартую, якая зараз у нас праца: невялікі “агародзік”… А раней так плённа шчыравалі, не шкадуючы сіл: работа, хатнія справы, гаспадарка – з усім спраўляліся. Але і тады, і цяпер праца прыносіць задавальненне. Мы не з тых, хто лянуецца, сядзіць на канапе і скардзіцца на жыццё! Працуем, радуемся кожнаму дню, імкнёмся весці актыўны лад жыцця. Спынімся – адолеюць хваробы, – заўважае гаспадыня.

З усмешкай па жыцці

І, сапраўды, Галіна – пазітыўны чалавек.

– Іду па жыцці ў добрым настроі. У кожным чалавеку імкнуся бачыць пазітыўнае. Тады і жывецца лягчэй, – дадае жанчына. – І я, чытаючы раёнку, заўсёды дзіўлюся, як журналістам удаецца ў кожным разгледзець асобу, расказаць так, што нават знаёмы чалавек “адкрыецца” па-новаму. Жадаю калектыву і надалей радаваць чытачоў “жывымі” матэрыяламі. Моцнага вам здароўя і сямейнага шчасця. Ідзіце па жыцці з усмешкай!

Юлія БУКЕЛЬ.
Фота Алены ГРОМАВАЙ.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *