Ступені поспеху. У чым сакрэт добрага настрою доктара Гурыновіча з Беразіно?

Падзякай міністра аховы здароўя Рэспублікі Беларусь за плённую, добрасумленную працу, высокі прафесіяналізм адзначаны ўрач-эндакрынолаг Бярэзінскай ЦРБ Андрэй Гурыновіч. Думаем, самы час пазнаёміцца з Андрэем Уладзіміравічам – прафесіяналам сваёй справы і інтэлігентным, усебакова развітым чалавекам.

Падзякай міністра аховы здароўя Рэспублікі Беларусь за плённую, добрасумленную працу, высокі прафесіяналізм адзначаны ўрач-эндакрынолаг Бярэзінскай ЦРБ Андрэй Гурыновіч

Аказваецца, у сям’і Андрэя Уладзіміравіча амаль усе звязалі сваё жыццё з медыцынай. Бацька, браты, жонка, дачка і нават зяць – урачы. Такая вялікая дынастыя!
— Калі мы збіраемся разам на сямейныя святы, як бы ні хацелася накіраваць гутарку ў іншае рэчышча, абмяркоўваем у большасці толькі медыцынскую тэматыку, — з усмешкай дадае доктар.
Шчыра прызнаюся, была здзіўлена, калі даведалася, што Андрэй Уладзіміравіч пчаляр з велізарным стажам: дзесьці каля 30 гадоў займаецца пчалярствам. Так, доктар жыве ва ўласным доме, побач – пасека.
— Пчалярства для мяне найлепшы адпачынак, — заўважае Андрэй Гурыновіч. – А жонка любіць папрацаваць у агародзе. Бясспрэчна, я ёй дапамагаю – перакапаць, пасадзіць. Але праполка, догляд за агародам, садам – гэта яе справа. Ёсць і вялікая бібліятэка. Люблю чытаць папяровыя кнігі. Але зараз чытаю і ў электронным варыянце. Гэта зручна. Можна ўзяць гаджэт з сабой у дарогу, закачаць некалькі выданняў і атрымліваць асалоду ад чытання. Ды і дома ўжо няма куды ставіць кнігі! А яшчэ люблю слухаць вінілавыя дыскі. А зімой, калі больш вольнага часу, выходжу на прагулкі з любімай сабачкай Эльбачкай. Так, у нас ёсць і хатнія любімцы: сабака і тры коцікі. Адным словам, ёсць чым заняцца дома, каб правесці час з карысцю.
Андрэй Гурыновіч не мясцовы — з Чэрвеньскага раёна. У 1993 годзе скончыў Мінскі медыцынскі інстытут.
— Пачынаў сваю працоўную дзейнасць участковым тэрапеўтам, затым быў загадчыкам тэрапеўтычнага аддзялення, эндакрынолагам. Давялося папрацаваць і ў Чэрвеньскай райбальніцы, і ў медцэнтры, — заўважае доктар. Зараз шчырую ў Бярэзінскай ЦРБ.
Калі на базе райбальніцы разгарнуўся шпіталь, Андрэй Уладзіміравіч шчыраваў загадчыкам трэцяга інфекцыйнага аддзялення, урачом-інфекцыяністам.
— Я ўжо перажываў такі прыступ “інфекцыйнага хаосу”, калі ў 2009 годзе “хадзіў” свіны грып. Працаваў загадчыкам тэрапеўтычнага аддзялення ў Чэрвеньскай ЦРБ. Памятаю, было шмат хворых. Проста не столькі “шуміхі” вакол хваробы. Мы тады разгубіліся, не ведалі, што дакладна рабіць, бо ніхто з такой інфекцыяй не сутыкаўся. Калі параўноўваць каранавірус і свіны грып, то, мне здаецца, што апошні меў больш сур’ёзныя маштабы.
— Бясспрэчна, і падчас каранавіруснай пандэміі спачатку ў шпіталі працавалася складана і напружана, як фізічна, так і псіхалагічна, — дадае доктар. — Кожны дзень неабходна было шчыраваць у спецыяльных сродках індывідуальнай аховы. Ці было боязна? Ведаеце, у 2009-ым ніхто аб сродках індывідуальнай аховы і не гаварыў: працавалі ў звычайных медыцынскіх халатах, максімум — апраналі меды-цынскія маскі, шчыткі… А зараз у нас былі надзейныя сродкі аховы. Проста неабходна было не слухаць міфы пра каранавірус, давяраць толькі праверанай інфармацыі. На мой погляд, каранцін – не спыняе распаўсюджванне інфекцыйных захворванняў. Проста расцягваецца час пандэміі, а колькасць захварэўшых ад гэтага не скарачаецца.
У шпіталі працаваў крыху больш за месяц, — дадае А. Гурыновіч. — За гэты час у нашым аддзяленні прайшлі лячэнне больш за 50 чалавек. Прыходзіў каля васьмі гадзін раніцы на працу. Апранаў сродкі індывідуальнай аховы. І ішоў шчыраваць: да 15.00 з перапынкам у адну гадзіну. А пасля вёў прыём у паліклініцы. Мы працавалі адной дружнай камандай, таму і справіліся са складанай эпідэміялагічнай сітуацыяй.
Цяпер Андрэй Уладзіміравіч вярнуўся да звыклых абавязкаў – шчыруе ў райбальніцы ўрачом-эндакрынолагам.
— Прыём пацыентаў, назначэнне, калі неабходна, лячэнне, правядзенне ультрагукавых даследаванняў. Зараз у дзень прыходзіць каля 20 чалавек. Заўважыў, у райбальніцах невялікіх гарадоў назіраецца “сезоннасць” наведванняў. Да прыкладу, летам пацыентаў менш, бо людзі занятыя на прысядзібных участках, ягады, грыбы, сад… А затым, калі больш вольнага часу, згадваюць пра хваробы, вырашаюць абследавацца. Таму восенню-зімой – асноўны наплыў пацыентаў.
Бачна, што Андрэй Гурыновіч любіць справу, якой займаецца. Таму пра медыцыну можа расказваць шмат, а вось пра сябе не любіць гаварыць. Вельмі сціплы чалавек.
— Калі даведаўся, што адзначаны Падзякай міністра, нават крыху разгубіўся, — дадае доктар. – Здаецца, як звычайна, працую, імкнуся дапамагчы кожнаму пацыенту палепшыць стан здароўя! Імкнуся заўсёды быць у добрым настроі. А яго мне ствараюць і падтрымліваюць сям’я, праца, хобі.

Юлія БУКЕЛЬ.

Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *