Сустрэчу з жыхарамі вёскі Жорнаўка правёў старшыня райвыканкама А.М. Бабічаў

Усе пытанні, што прагучалі, датычылі камфорту і ўмоў жыцця грамадзян.

Так, вяскоўцы занепакоены дрэннай асветленасцю вуліц названа населенага пункта, у прыватнасці вуліцы Савецкай. Як патлумачылі, неабходная колькасць энергаэфектыўных ліхтароў закуплена і будзе ўстаноўлена згодна з вызначанымі нормамі. Работа ў дадзеным накірунку ўжо вядзецца – і хутка ваколіцы вёскі напоўняцца ўтульнасцю.

Выказвалі вяскоўцы незадавальненне і станам мясцовых дарог. Па іх словах, некаторыя ўчасткі, нават пасля падсыпкі, ствараюць шмат нязручнасцей. А.М. Бабічаў даручыў узяць пытанне на кантроль і разабрацца ў сітуацыі.

Маладую сям’ю, якая завяршае будаўніцтва ўласнага дома, цікавіла, ці магчыма атрымаць дазвол на выкарыстанне электракатла для ацяплення жылля. Тут патрабуецца дэтальнае вывучэнне сітуацыі з улікам усіх абставін. Пасля чаго вяскоўцы атрымаюць адказ на пытанне. Увогуле, згодна з заканадаўствам, калі грамадзянін плануе выкарыстоўваць электрычную энергію для патрэб ацяплення і гарачага водазабеспячэння ў эксплуатуемым індывідуальным жылым доме, яму неабходна звярнуцца ў мясцовы выканаўчы і распарадчы орган з заявай. Пры гэтым указаць патрабуемую велічыню магутнасці, у тым ліку для ацяплення і гарачага водазабеспячэння.

Алена МУРАЧ.

Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *