Сваю мару здзейсніла

Традыцыйна адзін раз у два гады для маладых педагогаў наладжваецца раённы конкурс майстэрства “Педагагічны дэбют”. І нават пандэмія не змагла перашкодзіць. На гэты раз мерапрыемства прайшло ў завочнай форме, але стала не менш хвалюючым выпрабаваннем.

— Я вельмі люблю сваю справу, — гаворыць уладальніца прэстыжнага педагагічнага тытула Валерыя Шышонак. — Праца дапамагае мне быць заўсёды ў форме – як знешне, так і духоўна! А зносіны з дзецьмі, шчырымі і непрадказальнымі, даюць магчымасць кожны дзень атрымліваць зарад энергіі і жыццёвых сіл.

Хто ў ліку канкурсантаў?

Сёлета бралі ўдзел 4 педагогі – настаўніца англійскай мовы ДУА “Бярэзінская гімназія” Настасся Умінская, настаўнік французскай і англійскай моў ДУА “Сярэдняя школа №2 г. Беразіно” Дзмітрый Якаўлеў, настаўніца пачатковых класаў ДУА “Сярэдняя школа №3 г. Беразіно” Валерыя Шышонак і настаўніца гісторыі і грамадазнаўства ДУА “Любушанскі ВПК дзіцячы садок-сярэдняя школа” Настасся Марозава.
Ад іх патрабавалася падрыхтаваць партфоліа, напісаць эсэ і прадэманстраваць відэафрагмент урока.

Чаму Валерыя Шышонак?

– Кожнае дзіця для мяне – зорка, і я імкнуся стварыць для яго сітуацыю поспеху, — гаворыць Валерыя Шышонак

Канчатковае рашэнне журы прымала пасля прагляду відэаўрокаў, дзе былі прадэманстраваны найбольш эфектыўныя шляхі педагагічнай дзейнасці, прафесійныя і асабістыя якасці канкурсантаў, іх здольнасці. І тут прадстаўніца СШ №3 аказалася на вышыні. Валерыя Шышонак узнагароджана дыпломам упраўлення па адукацыі, спорце і турызме райвыканкама.
– Гэта мая першая прафесійная ўзнагарода, – гаворыць Валерыя. – Яна для мяне асаблівая і дарагая! Я ж марыла быць настаўніцай, яшчэ калі сядзела на ўроках у пачатковых класах Паплаўскай сярэдняй школы. Натхніла мяне першая настаўніца Алена Жаўняровіч. Сваю дзіцячую мару я здзейсніла: скончыла Беларускі дзяржаўны педагагічны ўніверсітэт і цяпер сама вучу першакласнікаў чытаць і пісаць. У сваёй сям’і я – першы педагог. І перспектыва працаваць тут мяне не палохае. Падабаецца першы працоўны калектыў, гарадская школа, стаўленне старэйшых калег і адміністрацыі. Без іх дапамогі я наўрад бы так бліскуча дэбютавала. Ды і малады чалавек падтрымлівае мяне ў цікавай і любімай справе!
– Валерыя Шышонак працуе ў нас па размеркаванні другі год, – заўважае дырэктар СШ № 3 Ала Дудко. – Але здаецца, што ўжо працяглы час. Яна ж так хутка ўлілася ў калектыў, знайшла агульную мову з бацькамі і дзецьмі. Вы б бачылі, як вучні бягуць на яе ўрокі і не адыходзяць ад настаўніцы на перапынках! Таму спадзяёмся, што Валерыя працягне ўдасканальваць свой педагагічны талент і яшчэ не раз уславіць нашу ўстанову!

Мілана ТРАПЯНОК.

Фота Алены ГРОМАВАЙ.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *