Свята вёскі Багушэвічы

 

Сёлетні год абвешчаны ў нашай краіне годам народнага адзінства. Зроблена гэта невыпадкова, бо на фоне палітычных падзей у душах людзей пасялілася нянавісць і варожасць адзін да аднаго, дапускаюцца факты грубага перапісвання гісторыі. Каб спыніць гэты няпросты працэс расколу грамадства і аб’яднаць людзей, лепшае выйсце -вярнуцца да сваіх вытокаў, на малую радзіму, бо адтуль бярэ пачатак вялікая і сапраўдная гісторыя нашай краіны і павага адзін да аднаго.

Багушэвічы — так завецца сёння аграгарадок на рацэ Вусе. Тут размешчаны цэнтр сельсавета, будынак якога годна красуецца ў вёсцы. У ім размешчана аддзяленне пошты і банка, у некалькіх метрах – вытворчая кантора адкрытага акцыянернага таварыства “Багушэвічы”. Крыху пройдзеш па вуліцы і ў буйстве розных кветак, кустоў і дрэў пабачыш школу. Тут кожны вясковец ведае: працуе краязнаўчы музей, матэрыялы і экспанаты якога сабраў краязнаўца Пётр Прыбыткін. А калі збочыш направа ад сельсавета, абавязкова пабачыш магазін і бальніцу. Ды яшчэ прымае наведвальнікаў бібліятэка, ёсць будынак лясніцтва, царква і славуты касцёл Божага цела, палюбавацца якім штогод прыязджае мноства турыстаў.

Вабіць гасцей аграгарадка не толькі славуты каталіцкі касцел, але і багатая, супярэчлівая гісторыя гэтага краю, дзе былыя падзеі арганічна мяжуюцца з сучаснасцю, памяццю людзей да сваіх аднавяскоўцаў.

 АД РЭЧЫ ПАСПАЛІТАЙ ДА САВЕЦКІХ ЧАСОЎ

Першы пісьмовы ўспамін пра Багушэвічы як маёнтак датуецца 1 чэрвеня 1501 года. Згодна з адміністрацыйна-тэрытарыяльнай рэформай 1565—1566 гадоў паселішча ўвайшло ў склад Менскага павета Менскага ваяводства.

У 1568 годзе на Багушэвічы напалі ўзброеныя сяляне Свіслацкай воласці. У 1644 годзе Рыгор Юры Друцкі-Горскі, выконваючы волю нябожчыцы-маці, заснаваў тут касцёл. Апроч таго, ужо тады ў Багушэвічах існавала прыстань і вадзяны млын, штогод праводзіліся 2 кірмашы. У розныя часы мястэчка знаходзілася ў валоданні ЗавішаўВаньковічаўСвентажэцкіх, а ў XVIII стагоддзі было нават цэнтрам графства.

У выніку другога падзелу Рэчы Паспалітай у 1793 годзе Багушэвічы апынуліся ў складзе Расейскай імперыі, у Ігуменскім павеце Менскай губерні. У 1862 годзе ў мястэчку адкрылася школа( аб гэтым сёння сведчыць знак на тэрыторыі навучальнай установы, працавала пошта, дзейнічалі касцёл, царква і 4 сінагогі.

У час нацыянальна-вызваленчага паўстання 23 мая 1863 года аддзел Ляскоўскага-Свентажэцкага ў колькасці каля 30 чалавек увайшоў у Багушэвічы, дзе прысудзіў да шыбеніцы служку Маскоўскага патрыярхату Канапасевіча, які рабіў даносы на паўстанцаў і арганізоўваў контравыпады супраць іх. Пасля падаўлення выступлення расейскія ўлады знішчылі тутэйшы палац Свентажэцкіх. Аб тых часах нагадвае мармуровы помнік Канапасевічу на тэрыторыі праваслаўнай царквы, старанна адноўлены намаганнямі славутага мясцовага краязнаўца Пятра Прыбыткіна. У 1875 годзе маскоўскі гаспадар Аляксандар II падараваў Багушэвічы Шалгунову. У XIX стагоддзі ў мястэчку працавала пажарная каманда. У 1900 годзе адкрылася двухгадавая царкоўна-прыходская школа. 14 красавіка 1910 году газета «Наша Ніва» пісала пра чуткі, што праз Багушэвічы пройдзе чыгунка, аднак яна тут так і не з’явілася. Затое ёсць звесткі, што ў 1915 годзе каля мястэчка знайшлі манетны скарб. Адкуль ён тут узяўся, невядома…

АД БССР ДА НАШЫХ ДЗЁН

У 1919 годзе Багушэвічы ўвайшлі ў склад БССР і 20 жніўня 1924 года сталі цэнтрам сельсавета. Звестак пра той час захавалася нямнога. Адзіным напамінам служыць помнік першаму камсамольцу Мікалаю Рыбачонку каля сельскай бібліятэкі. У гады вайны ён быў знішчаны, але затым адноўлены ў 1958 годзе. На ім надпіс — “Здесь похоронен комсомолец Николай Рыбачёнок, убитый кулаками в 1924 году» і заўсёды кветкі.

Не абмінула вёску і чорнае крыло Вялікай Айчыннай вайны. Непадалёк ад магазіна ў старой частцы аграгарадка ў буйной зеляніне вялікіх дрэў хаваецца помнік 340 забітым у 1941 годзе яўрэям. Мясцовыя памятаюць, што забілі людзей не на гэтым месцы, але заўсёды нясуць да помніка кветкі. Шануецца ў Багушэічах і памяць пра ўсіх загінуўшых вяскоўцаў і салдат. Нават сёння на багушэвіцкіх могілках не знойдзеш закінутых магіл вяскоўцаў, пахаваных у ваенны час. Мінулі стагоддзі, вырасла не адно пакаленне вяскоўцаў, але мясцовыя жыхары лічуць сваім абавязкам аддаць забітым землякам даніну павагі.

Вылучаюцца багушэвіцкія людзі не толькі павагай да гісторыі сваёй малой радзімы і светлай памяццю да вяскоўцаў, але і асаблівай спагадай, гасціннасцю, уменнем падтрымаць у цяжкі час. Так 35 гадоў таму Багушэвічы прынялі ў сябе некалькі сем’яў перасяленцаў з Чарнобыльскай зоны. Усе яны і сёння жывуць у вёсцы, іх дамы годна красуюцца, бо Багушэічы сталі для іх другой радзімай.

Сёння ў аграгарадку налічваецца 400 жыхароў.

АД СТАРАЖЫЛАЎ ДА НЕМАЎЛЯТ

Таму перад арганізатарамі свята вёскі стаяла няпростая задача — ушанаваць памяць і ўклад кожнага ў гісторыю аграгарадка. Так, Таццяна Воюш слыве сярод вяскоўцаў экскурсаводам, бо ей вядомы ўсе тайны каталіцкага касцёла і слаўнага роду Свентажэцкіх. На вясковае свята жанчына прыйшла не адна, а з айцом Андрэем, які блаславіў на добрыя справы кожнага.

У пашане тут не толькі асаблівае стаўленне да праваслаўнай і каталіцкай веры, але і паважаныя вяскоўцы. Гэта сапраўднае багацце багушэвіцкай зямлі.

Так, размяняла свой адзінаццаты дзясятак гадоў Марыя Якаўлеўна Крывашэй. Яе сакрэт доўгажыхарства вядомы ўсім вяскоўцам. Ён у вернасці роднай зямлі і добрым выхаванні дзяцей. Яго паважаная жанчына перадае ў спадчыну самаму малодшаму жыхару аграгарадка Багушэвічы. Гэта Ніна Касцюк. Дзяўчынка нарадзілася 11 мая ў сям’і Андрэя і Вольгі Касцюк. Шанавала маладых бацькоў і нованароджаную стараста вёскі Рэгіна Собаль. Яна — аўтарытэт для кожнага жыхара аграгарадка, бо шмат гадоў адпрацавала ў мясцовай гаспадарцы, з маладосці вылучалася актыўнай жыццёвай пазіцыяй, аптымізмам і сёння рашуча адстойвае інтарэсы вяскоўцаў. А ў такім выпадку лічыць свае гады Рэгіне Яўгенаўне не даводзіцца. Сваю неабыякавасць да ўсяго, што робіцца навокал, і бязмежную любоў да людзей і вёскі яна шчодра перадае маладым. У сакавіку зарэгістравалі свой шлюб Вольга і Ігар Раманенка. Ім жа наканавана пісаць новыя слаўныя старонкі гісторыі Багушэвіч.

Не забыліся на свяце вёскі ўшанаваць і шматдзетныя сем’і. Сямёра дзяцей гадуюць і тым самым мацуюць вёску Алена Цісецкая і Таццяна Вікторчык. Ды і з асаблівай місіяй выступіла на вясковым свяце старшыня прафкама адкрытага акцыянернага таварыства “Багушэвічы” Галіна Шагойка. Яна ўручыла падарункі мясцовым ветэранам калгаснай справы. Дарэчы, мясцовае сельгаспрадпрыемства выступіла спонсарам свята і наладзіла салодкі пачастунак для ўсіх вяскоўцаў і гасцей.

Упрыгожылі свята і выставы самадзейных майстроў. Адна з іх мае назву “Мелодыя душы”. Тут прадстаўлены прыгожыя вышыванкі мясцовай майстрыхі Галіны Шаўчэнкі. Яна валодае талентам заўважаць прыгожае, лавіць непаўторны міг хараства і ўвасабляць іх у сапраўдныя шэдэўры. Не меншым талентам гарэць, браць удзел у мерапрыемствах і дарыць людзям радасць валодае і Раіса Несцерава.

Цырымонія ўшанавання вяскоўцаў была яркім момантам свята, бо ў гонар кожнага гучалі не толькі шчырыя словы пажаданняў, але і лепшыя музычныя нумары ў выкананні вакальнай групы аўтаклуба “Рэчанька”. Задушэўныя спевы вакалістаў былі чуваць у самых розных куточках вёскі і абуджалі спакой буслоў, якія даўно ўпадабалі слупы і нават старую вежу ў аграгарадку. Думаю, зрабілі гэта паважлівыя птушкі не знарок, бо яны ніколі  не стануць сяліцца і выводзіць птушанят у закінутай вёсцы сярод нядобрых людзей…

Мілана ТРАПЯНОК.

 Фота Юліі Букель.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *