Святло чароўных эмоцый ад Радаміра Аляксеева

Так называецца даследчая работа выхаванца групы № 7 дашкольнага цэнтра развіцця дзіцяці “Крынічанька” Радаміра Аляксеева. Яна ўпершыню прынесла гадаванцу ўстановы званне фіналіста ў рамках абласнога фестывалю-конкурсу “Я — даследчык” Мінскай вобласці.

— Дыплом для нашага цэнтра — гэта сапраўдны выхаваўчы і даследчы прарыў, — лічыць кіраўнік установы Алена Лабунская, — бо яго даследаванні тычацца тэмы псіхалогіі і не заўсёды могуць зачапіць унікальнасцю журы і экспертаў. Але наш Радамір справіўся! Дзякуй за гэта яму і яго бацькам, якія нямала пакарпелі, каб наладзіць даследаванне і падрыхтаваць хлапчука.

Перамогу разам з Радамірам падзяляе яго матуля Надзея Віктараўна

Радамір — першынец у сям’і Аляксеевых, дзе матуля Надзея — прафесійны псіхолаг. Яна вядзе некалькі псіхалагічных праектаў і працуе ў Нацыянальнай школе прыгажосці. Аднак і пры такой занятасці маладая матуля знайшла час, каб накіраваць сына на даследаванні.

— Я неяк заўважыў, што робат не выказвае эмоцый, — гаворыць шасцігадовы хлапчук. — А колькі іх у чалавека і якія яны?!

Гэта і паклала пачатак творчай дзіцячай рабоце, што вялася на працягу трох месяцаў. Радамір браў сапраўднае інтэрв’ю ў сваіх равеснікаў, ставіў псіхалагічныя эксперыменты, вывучаў эмоцыі, ды і працаваў над сабой.

— Наш Радамір — занадта спакойны і сарамлівы хлопчык і яму было вельмі няпроста трымацца перад аўдыторыяй, — прызнаецца Надзея. — Таму спачатку ён выступаў з даследчай работай перад лялькамі. А затым, каб ён набраўся смеласці, я брала яго з сабой на кафедру псіхалогіі Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта. Усё гэта мела свой плён — і Радамір паступова перамог залішняе хваляванне, па-новаму наладзіў адносіны з сябрамі і педагогамі. Ды і ў нас з ім цяпер пануе поўнае разуменне і давер, бо нішто так не аб’ядноўвае дзяцей і бацькоў, як агульная справа.

Радамір спыняцца на званні фіналіста даследчага абласнога конкурсу не збіраецца і мяркуе далей працягваць даследаванні. Ды і бацькі запісалі яго ў тэатральную студыю, каб ён надалей адточваў навыкі публічнага выступлення.

— Гэта было нашым сумесным з выхавальнікамі рашэннем, — зазначае матуля. — Ды і Радаміру яно прыйшлося па душы. А вось у нас з мужам цяпер будзе менш часу на ўласныя захапленні, бо давядзецца яшчэ больш часу прысвячаць сыну. Мы не супраць, бо нашы ўвага, падказкі і сумесная дзейнасць належным чынам адаб’юцца на яго характары — дапамогуць у вучобе і ў адносінах з людзьмі. Хочацца, каб наш вопыт наладжвання ўзаемаадносін з сынам стаў прыкладам і для іншых бацькоў.

Калі нумар рыхтаваўся да друку, з дашкольнага цэнтра прыйшла навіна: Радамір Аляксееў стаў лаўрэатам І ступені чацвёртага Усерасійскага і Міжнароднага конкурсаў даследчых і творчых праектаў “Я – даследчык”.

Мілана ТРАПЯНОК.
Фота Паўла САЛАЎЁВА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *