Сюрпрызы ад “Бярэзінскай панарамы”

Напярэдадні 23 лютага рэдакцыя праводзіла розыгрыш сярод падпісчыкаў-мужчын. Неабходна было выпісаць газету адразу на паўгоддзе і прынесці падпісны квіток у рэдакцыю. Першым зрабіў гэта Станіслаў Андрыевіч.

Чарговы пераможца розыгрышу Станіслаў Андрыевіч: — Прыемна, што і я сярод шчасліўшчыкаў. Атрымаўся такі нечаканы, але вельмі прыемны сюрпрыз да свята. Дзякуй калектыву рэдакцыі за цікавую газету і карысныя бонусы

“Выпісваем газету 45 гадоў і адразу на паўгоддзе!”

— Прачытаў пра розыгрыш у раёнцы і вырашыў абавязкова прыняць удзел! — пачынае гутарку С. Андрыевіч. – Як прыехаў з Гомеля ў Беразіно, так і пачаў выпісваць раёнку. Дзесьці гадоў 45 сябруем і заўсёды афармляем падпіску на паўгоддзе. За столькі часу ўжо прывыклі, што ў сераду і суботу прыходзіць родная “панарама”. А з ёй — свежыя навіны пра нашу Бярэзіншчыну. Падабаюцца артыкулы пра сельскую гаспадарку (зараз сачу за “гарачымі” навінамі пасяўной кампаніі), медыцыну (цікава ж пачытаць пра нашых медыцынскіх работнікаў, парады па прафілактыцы каранавіруснай інфекцыі), гістарычнай і краязнаўчай тэматыкі (пра ветэранаў Вялікай Айчыннай вайны, юбіляраў, гісторыю Бярэзіншчыны). З задавальненнем чытаю артыкулы пра людзей, асабліва пра камунальнікаў.

Нічога дзіўнага няма. Зараз мужчына на заслужаным адпачынку. А да гэтага гадоў 10 аддана працаваў у ЖКГ майстрам на водаканале.

— Я пасля выхаду на пенсію гады 4 працаваў у камунгасе. І зараз падтрымліваю сувязь з родным прадпрыемствам, —
заўважае мужчына. – Таму з асаблівым пачуццём чытаю матэрыялы пра калег. Радуюся іх поспехам. Увогуле, у газеце я часта “сустракаю” знаёмых. Бо давялося папрацаваць на сплаў-участку, у камбінаце бытавога абслугоўвання, дарожнай арганізацыі.

Як бачна, у Станіслава Андрыевіча — багаты працоўны стаж.

— Не люблю сядзець без справы, скардзіцца на жыццё. Заўсёды аддана працаваў. Як толькі выйшаў на пенсію, адразу было цяжка на душы. Але з часам прывык. Чым займаюся? З дзяцінства ёсць захапленне – рыбалка. Люблю падоўгу сядзець з вудай у любую пару года! Прыемна, калі вяртаюся з багатым уловам. Летам гэта ў асноўным карп, карась, зімой – лешч. Вуджу на Бярэзіне, езджу ў іншыя месцы. Таксама люблю праводзіць час з сям’ёй. Жонка Валянціна таксама на пенсіі. Яна шмат гадоў адпрацавала бухгалтарам у ПМС. У нас двое ўжо дарослых дзяцей, сын і дачушка. А яшчэ я – шчаслівы дзядуля: трое ўнукаў. І “Бярэзінская панарама” – наша сямейная газета.

“Дзякуй за падарунак!”

У падарунак Станіслаў Андрыевіч атрымаў сертыфікат на бясплатную стрыжку ў цырульню да Таццяны Халецкай і Алены Бурай

У падарунак Станіслаў Іванавіч атрымаў сертыфікат на бясплатную мужчынскую стрыжку. Зазірнём разам з ім і яго ўнукам Раманам (яму Станіслаў Іванавіч падарыў сертыфікат) у цырульню да майстроў Алены Бурай і Таццяны Халецкай.
Адразу адзначаем, што ў цырульні ўдалае месцазнаходжанне: гасцініца, другі паверх.

І яшчэ адна «изюминка»: цырульня не змешаная, як звычайна бывае, а цалкам для мужчын.

Пакуль пераможцу робяць стрыжку, мы гутарым.

— Сёлетні год – юбілейны! Нашай цырульні – 10 гадоў, — расказваюць Алена і Таццяна. – А займаемся мы цырульніцкай справай больш за 30 гадоў. Працавалі ў камбінаце бытавога абслугоўвання, а затым вырашылі рызыкнуць — адкрыць сваю справу. Пачынаць было боязна, але ж мы – каманда. Таму справы пайшлі няблага. Зараз у нас ужо шмат пастаянных кліентаў, з’яўляюцца і новыя. З самага пачатку вырашылі: будзе мужчынская цырульня і па “жывой чарзе”. Чаму? Уявім сітуацыю, мужчыну неабходна зрабіць стрыжку, ён прыходзіць у цырульню. Заўважае, што перад ім у чарзе жанчына, якой неабходна зрабіць стрыжку і афарбоўку – гэта больш за гадзіну, а то і дзве. Вядома ж, ніхто чакаць не будзе. А мужчынская стрыжка доўжыцца хвілін 30, таму не стомішся ў чаканні. Чаму працуем без запісу? Каб жадаючыя маглі зрабіць стрыжку адразу, калі неабходна, а не чакалі запісу некалькі дзён.

Шчыра прызнаёмся, іншы раз і мужчынам даволі складана дагадзіць. Бывае, што прыходзяць з фотаздымкамі жаданай прычоскі. Таму наша задача – знайсці падыход да кожнага наведвальніка, — заўважаюць майстры.
Праходзіць хвілін 30: стрыжка нашага героя гатова.

Юлія БУКЕЛЬ.
Фота Алены ГРОМАВАЙ.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *