Таццяна ў лесе —  “Айбаліт”!

Напэўна, “Айбаліт” усім добра вядомы персанаж з дзяцінства. Любіла чытаць Карнея Чукоўскага і Таццяна Плахоціна, але не спадзявалася, што і сама стане падобнай на добрага “Айбаліта” — сапраўдным доктарам лесу. Прыйшла яна ў лясную гаспадарку невыпадкова. Больш за 30 гадоў стажу ў яе матулі Ганны Іванаўны Дайняк, яна – бухгалтар Брадзецкага лясніцтва Бярэзінскага лясгаса. Тут працуе і яе бацька Уладзімір Віктаравіч (больш за 10 гадоў ён шчыраваў лесніком, і зараз працягвае працаваць у Брадзецкім лясніцтве апальшчыкам).

Калі прыйшоў час выбіраць прафесію, Таццяна, прыслухаўшыся да парады бацькоў, без ваганняў  паступіла ў Беларускі дзяржаўны тэхналагічны ўніверсітэт на факультэт лясной гаспадаркі. Пасля заканчэння вучобы абарона лесу стала асноўным накірункам яе працоўнай дзейнасці. Яна — інжынер-лесапатолаг Бярэзінскага лясгаса з 2010 года, спецыяліст у лясной галіне ўжо таксама дастаткова вопытны.

— А спачатку было вельмі боязна: ці спраўлюся, ці атрымаецца?- прыгадвае Таццяна Уладзіміраўна.

Але з часам гэтае пачуццё саступіла месца яе прафесіяналізму, штодзённаму прымяненню атрыманых ведаў на практыцы, у жыцці лясных зялёных насаджэнняў. Таццяна ажыццяўляе пастаянны нагляд за санітарным станам лесу: выяўляе хваробы дрэў, шкоднікаў, іх колькасць і маштабы распаўсюджвання, прымае рашэнне аб неабходных мерах па абароне лесу.

Паталагічны рост шкоднікаў-насякомых — шаўкапрада, караеда-тыпографа, тлі, лубаеда, вусача і іншых можа адбыцца з-за лясных пажараў. Гэта страшнае бедства для зялёных насаджэнняў і іх насельнікаў. Прычынай гібелі дрэў могуць стаць не толькі казуркі, але і чалавечая дзейнасць па будаўніцтву дамоў ці дарог. Нават простая пешаходная дарожка ў загарадным доме на тэрыторыі лесу, ушчыльняючы глебу і тым самым парушаючы сістэму абмену рэчываў, можа прывесці да завядання дрэў…

— Мы робім усё магчымае, каб абараніць нашы лясы, — дадае Таццяна Уладзіміраўна. – Апрацоўваем культуры біятэхнічнымі сродкамі, выкарыстоўваем біялагічныя метады аховы: ствараем “сінічнікі”, агароджваем мурашнікі, развешваем пасткі з ферамонамі для кантролю за колькасцю шкоднікаў, сочым за тэрмінамі спальвання пасечаных рэшткаў і г.д. Мы, сапраўды, штодзень стаім на варце лесу…

За свае адказныя адносіны да абранай справы і добрасумленную працу летась інжынер-лесапатолаг Таццяна Плахоціна была адзначана Граматай Міністэрства лясной гаспадаркі Рэспублікі Беларусь і Дыпломам Бярэзінскага раённага выканаўчага камітэта на сёлетнім свяце ўшанавання пераможцаў спаборніцтва па выніках сацыяльна-эканамічнага развіцця раёна за 2020 год.  

Алена ГРОМАВА, фота аўтара

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *