Тамара Канкудовіч: “З нецярпеннем чакаю кожны нумар!”

З чарговай пераможцай рэдакцыйнага розыгрышу Тамарай Канкудовіч мы сустрэліся якраз у сераду. Жанчына з нецярпеннем чакала чарговы нумар газеты.

– Выпісваю газету больш за 60 гадоў! – заўважае Тамара Канкудовіч

Больш за 60 гадоў

– На Бярэзіншчыну з Рэчыцы я прыехала ў 1959 годзе па размеркаванні. Думала, адпрацую і з’еду. Ды атрымалася не зусім так: выйшла замуж і засталася! І вось з таго часу не прапусціла ніводнага нумара любімай раёнкі, – пачынае гутарку Тамара Фёдараўна. – Апошні час афармляю падпіску адразу на паўгоддзе. Так зручна: не забудзешся пра падпіску. Прыемна, што калектыў раёнкі клапоціцца пра сваіх чытачоў.

І можна падпісацца нават дома. Чарговы раз так і афармляла. І дзіва: я сярод пераможцаў! Прыемная навіна.

– Чытаю ўсе матэрыялы, – працягвае Тамара Фёдараўна. – Да прыкладу, трымаю ў руках нумар. Ужо прывычна мільгаюць думкі, якія навіны раскажа сёння газета. Многіх у горадзе і раёне ведаю, таму з задавальненнем чытаю артыкулы пра людзей. І, ведаеце, некаторыя нават перачытваю.

Так, падабаюцца матэрыялы пра сельскую гаспадарку. Асабліва ўдала яны атрымліваюцца ў Міланы Трапянок. Сапраўды, талент. Памятаю, як і яе матуля Надзея Пантус ярка, трапна пісала на гэтую тэматыку. Ды і калонка журналіста бярэ за “душу”. З асаблівай асалодай чытаю публікацыі пра пажылых людзей, ветэранаў, юбіляраў. Крануў матэрыял Паўла Салаўёва пра дзядулю аўтара. Гэтага чалавека я добра ведаю. Але ў артыкуле быццам пазнаёмілася з ім па-новаму. Перачытваю па некалькі разоў і матэрыялы пра нашых медыцынскіх работнікаў. Усе яны героі, дастойныя павагі. Падабаецца рубрыка пра падпісчыкаў. Многія мае суседкі таксама выпісваюць раёнку. І нам разам ёсць што абмеркаваць.

Ад “Сцяг Леніна” да “Бярэзінскай панарамы”

– Заўважаю, як газета мяняецца з кожным днём – і гэта не можа не радаваць, – дадае Тамара Фёдараўна. – Раней моцныя тэксты, якія, сапраўды, краналі, на розныя тэмы (ад жаночых гісторый да эканамічнай, палітычнай тэматыкі) пісала Гертруда Шчур. Не менш шчырымі былі жыццёвыя гісторыі Ніны Федаровіч.

Сёння газета “патаўсцела”, з’явілася шмат новых рубрык і праектаў. Ды і каляровае афармленне памянялася: мне падабаецца. Люблю буйныя, якасныя здымкі, на якіх “свецяцца” знаёмыя вочы і ўсмешкі. Радуе, што “панарама” дае практычныя парады, як клапаціцца пра здароўе, вырасціць добры ўраджай. Друкуецца гараскоп – і гэта цудоўна, можна тэлевізар не глядзець. Сустракаюцца ў газеце і гумарыстычныя, жыццёвыя гісторыі, карыкатуры. Некаторыя заўважаюць, што больш
стала рэкламы. А мне падабаецца: цікава даведацца, хто, што прадае, якія паслугі аказвае.

Усё жыццё – бухгалтар

Тамара Фёдараўна амаль усё жыццё шчыравала бухгалтарам у сельгасхіміі.

– Па размеркаванні прыехала на Бярэзіншчыну ў землеўпарадкавальную службу. Затым адвучылася на бухгалтара. І ўсё жыццё прысвяціла лічбам.

Увогуле Тамара Фёдараўна – працавітая жанчына. Яна і на пенсіі не сумуе. Яшчэ на падыходзе да дома заўважыла, як усё каля яе сядзібы добраўпарадкавана – вока радуецца.

– Мне ўжо 81 год, але не магу без працы. Вясной, летам з задавальненнем завіхаюся на агародзе, у кветніку. Трымаю і невялікую “гаспадарку”: куры і пеўнік, – дадае гаспадыня

Шматдзетная матуля, бабуля і прабабуля!

Аказваецца, Тамара Канкудовіч – шматдзетная матуля, бабуля і прабабуля: шасцёра ўнукаў і чацвёра праўнукаў.

– Я, сапраўды, шчаслівая, у мяне такая вялікая, а самае галоўнае – дружная сям’я. Дзеці, унукі і праўнукі не забываюць. Яны ж дапамагаюць з добраўпарадкаваннем і агародам. А калі мне раптам становіцца сумна, я ведаю надзейны спосаб узняць настрой: чытаю і перачытваю артыкулы раёнкі!

Юлія БУКЕЛЬ.
Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *