Тамара Самец: “Мы сталі больш беражліва адносіцца да здароўя!”

Пандэмія ўнесла карэктывы ў работу амаль усіх медыцынскіх работнікаў. Сёння мы зазірнём у Паплаўскі фельчарска-акушэрскі пункт, каб даведацца, як пастаўлена сёння работа яго загадчыцы. Ці стала больш пацыентаў, ды і, увогуле, як вяскоўцы адносяцца да пандэміі?

Сямейны ўрач

Загадчыца Паплаўскага фельчарска-акушэрскага пункта Тамара Самец спяшаецца да сваіх пацыентаў

Калектыў ФАПа невялікі. Санітарка Наталля Тарасёнак і загадчыца Тамара Самец. Сустракае нас Тамара Генадзьеўна. Жанчына дзясяткі гадоў дапамагае людзям. Пасля васьмі класаў падала дакументы ў Барысаўскае медвучылішча. А  паколькі мела толькі выдатныя адзнакі, была прынята без уступных экзаменаў. У 1992 годзе маладога спецыяліста размеркавалі на малую радзіму (яна мясцовая, з Багушэвіч), дзе прызначылі загадчыцай Мікуліцкага ФАПа. А з 2001 года яна ўжо працуе загадчыцай Паплаўскага.

— Пакуль не прыступіла да практычнай дзейнасці, цалкам не ўяўляла, што такое на самой справе фельчарска-акушэрскі пункт. Вучоба – вучобай, але практыка – гэта зусім іншая справа, – дадае Тамара Генадзьеўна. – З часам, з практыкай прыйшоў вопыт… Я люблю сваю справу, людзей, якія звяртаюцца за дапамогай. На абслугоўванні – жыхары 5 вёсак: Паплавы, Гута, Красны Бераг, Неганічы і Баркі. Адказны ўчастак для мяне – як маленькая планета. Да самага аддаленага населенага пункта – кіламетраў 7. Як дабіраюся? “Кручу” веласіпед альбо іншы раз — на машыне. Маім пацыентам патрэбны не столькі лекі, колькі гутарка, добрае слова, усмешка…

А яны давяраюць сястрычцы не толькі сваё здароўе, але і радасці, перажыванні… Адносяцца з павагай. Тамара Генадзьеўна для іх – сямейны ўрач, да якога імчаць (днём, вечарам, ноччу…), як толькі “заколіць у баку” або “падскочыць ціск”. Таму рэжым нармавана-ненармаваны. Ніхто ж не хварэе па графіку, напрыклад, з 8.00 да 17.00. Ды і дома ўжо звыкліся, што Тамару Генадзьеўну ў любы момант могуць выклікаць – і яна паспяшаецца туды, дзе патрэбна яе дапамога.

Медыцынскага работніка паважаюць вяскоўцы за прафесіяналізм, чуллівасць, неабыякавасць.

– Тамара наша, сапраўды, прафесіянал. Звяртаемся да яе ў любы час: ніколі не адмаўляе ў дапамозе, – заўважае мясцовы бібліятэкар Валянціна Наскавец. – Як толькі пачалася пандэмія, вяскоўцы былі перапужаны: невядомая хвароба. Але Тамара нас супакоіла, расказала пра меры прафілактыкі.

У 2017 годзе Тамара Самец адзначана медалём “За працоўныя заслугі”

Пацыентаў стала больш

– Ці змяніліся абавязкі падчас пандэміі? Кардынальна – не. Проста цяпер працуем у сродках індывідуальнай аховы. Пацыенты таксама прыходзяць толькі ў масках. Наведвальнікам пры ўваходзе вымяраем тэмпературу, – адзначае Тамара Генадзьеўна. – Заўважыла, што падчас пандэміі, асабліва першай хвалі “кароны”, людзі пачалі больш “прыслухоўвацца” да свайго самаадчування. Кашлянулі, галава забалела – адразу да нас. А раней бы цягнулі да апошняга. Мы і самі тэлефануем людзям, якія праходзяць лячэнне ад “кароны” дома, кантактам першага ўзроўню, пытаемся пра самаадчуванне. Калі яны сцвярджаюць, што стан пагоршыўся, выклікаем “хуткую” дапамогу. Нярэдка і да нас, у ФАП, прыходзяць пацыенты з “каронай” на ўколы, кропельніцы. Тады апранаю спецыяльны касцюм і праводжу агляд. Спачатку было крыху боязна, бо хвароба невядомая. Зараз жа прывыклі. Але неабходны павышаная адказнасць, увага, дакладнае выкананне мер прафілактыкі.

Зраблю прышчэпку і ўсім раю

Як расказала Тамара Генадзьеўна, многія вяскоўцы ўжо прышчапіліся ад каранавіруснай інфекцыі.

– Прайшлі імунізацыю педагогі, работнікі сельгаспрадпрыемства, сельвыканкама, – расказвае загадчыца. – Мы ім таксама тэлефануем, цікавімся станам здароўя. І я планую зрабіць прышчэпку. Увогуле, мне здаецца, што ўсе медыцынскія работнікі, калі няма супраць-паказанняў, павінны прайсці вакцынацыю. Ад гэтага ж залежыць не толькі наша здароўе, але і тых, каму мы аказваем дапамогу. Таму вяскоўцам я расказваю пра вакцынацыю, раю зрабіць укол. Як адносяцца яны да прышчэпкі?! Большасць станоўча, распытваюць падрабязна пра падрыхтоўку і супрацьпаказанні. Іншы раз і тэлефануюць. Але я не наракаю і заўсёды з радасцю імкнуся дапамагчы. У гэтым і заключаецца сутнасць работы загадчыцы ФАПа.

Юлія БУКЕЛЬ.
Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *