Трое бярэзінцаў заплацяць па 5800 кожны

1 сакавіка ўступілі ў сілу змяненні, якія прапісаны ў новым КаАП і тычацца аўтааматараў.

Адзін з самых рэзанансных пунктаў – узмацненне адказнасці ў адносінах да вадзіцеляў, што дазваляюць сабе сесці за руль у
стане алкагольнага ап’янення.

Прайшоў месяц. Ці напалохалі змены вадзіцеляў Бярэзіншчыны? З такім пытаннем мы звярнуліся да начальніка аддзялення Дзяржаўтаінспекцыі Бярэзінскага РАУС Дзмітрыя Гайдука.

Дзмітрый Гайдук: «Пакаранне для выпівак стала больш жорсткім»

– Пакуль не напалохалі. З пачатку сакавіка затрыманы трое нецвярозых вадзіцеляў у Ляжына і на Бабруйскай шашы з ап’яненнем больш за 0,8 праміле. Ды і 1 красавіка спіс папоўнілі 3 выпівакі. Сярод іх жанчына, якая прызналася, што ўжывала спіртныя напоі з 4 да 9 гадзін раніцы. У затрыманых алкатэстар паказаў звыш 0,8 праміле.

Прадугледжана дыферэнцыяцыя пакарання ў залежнасці ад ступені ап’янення. Першы ўзровень – ад 0,3 да 0,8 праміле ўключна, другі – ад 0,8 праміле і вышэй. І пакаранні сталі больш сур’ёзныя.

Згодна з новым КаАП, вадзіцелям з такой ступенню ап’янення пагражае штраф у 200 базавых велічынь і пяць гадоў пазбаўлення права кіравання аўтамабілем. Такім чынам, кожны з гора-вадзіцеляў павінен заплаціць штраф у памеры 5800 рублёў.

Супрацоўнікі ДАІ нясуць службу

– Што яшчэ павінны ведаць вадзіцелі, што дапускаюць думку аб магчымасці сесці за руль у стане алкагольнага ап’янення?

– Пакаранне стала больш жорсткім. Тым, хто знаходзіцца ў ступені ап’янення ад 0,3 да 0,8 праміле давядзецца заплаціць 100 базавых велічынь і на тры гады развітацца з вадзіцельскім пасведчаннем. За перадачу права кіраваць аўто п’янаму – штраф ад 50 да 100 базавых велічынь і пазбаўленне вадзіцельскага пасведчання на тры гады.

– Толькі жорсткімі мерамі можам уздзейнічаць на сітуацыю?

– Не згодзен. Змены ў КаАП прадугледжваюць і сістэму папярэджанняў. Рухаецеся без святлоадбівальнага элемента ў цёмны час сутак? Першы раз інспектар папярэдзіць, але прозвішча занясе ў базу дадзеных. І калі на працягу года вы зноў будзеце спынены без флікера, – штраф. Таму не магу сказаць, што новы КаАП цалкам стаў больш жорсткім.

– На якія яшчэ моманты варта звярнуць увагу?

– Перавышэнне хуткасці, размова вадзіцеля па мабільным тэлефоне, рух без тэхагляду, парушэнне правілаў манеўравання… Але калі вы з павагай ставіцеся да Правілаў, баяцца няма чаго. Адзінае новаўвядзенне датычыцца падачы гукавога сігналу ў месцы правядзення масавага мерапрыемства. За гэта прадугледжаны штраф да 10 базавых велічынь з пазбаўленнем вадзіцельскага пасведчання на тэрмін да года або без пазбаўлення яго.

Гутарыла Мілана ТРАПЯНОК.
Фота Алены ГРОМАВАЙ.

 

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *