Тры святы ў адным, альбо Дзе спявала “Радасць” на Яблычны Спас?

19 жніўня – Яблычны Спас. З яго людзі пачынаюць збіраць яблыкі, частаваць імі сяброў і суседзяў, прымаць гасцей і хадзіць у госці самі. Вось і вакальная група аўтаклуба “Радасць” разам з работнікамі Пагосцкага СДК традыцыі паважае, таму і завітала ў вёску Гацец. Сюды на мерапрыемства прыехалі на веласіпедах, аўтамабілях і прыйшлі пешшу яшчэ адны «віноўнікі» свята – жыхары вёсак Стайчанка і Вярхлёўка.

Не сядзіцца на пенсіі дома Івану Шугалею

Чаму гэтыя невялічкія вёсачкі на ўскрайку раёна так завуцца? Па версіі мясцовых жыхароў, “Стайчанка” паходзіць ад аднайменнага прозвішча, што належыла ча-лавеку, ад якога ўсё пачалося. Вёска Вярхлёўка завецца так, бо размешчана ўверсе ракі Клявіца. А Гацец — ад слова “гаць”. Яе ладзілі тут, каб было зручней сплаўляць лес па Клявіцы да Беразіно.
Даўно жывуць тут людзі. На памяці многіх з іх час, калі вуліцы поўніліся дзіцячымі галасамі, залівіс-тым смехам моладзі, працавалі пачатковая школа, пошта, клуб, ферма і магазін… Бяжыць час і ўсё мяняецца, няма больш гэтых устаноў, але засталіся людзі сціплыя, працавітыя, жыццелюбівыя. Усіх іх на свяце шчыра вітаў старшыня Пагосцкага сельскага Савета Аляксандр Цыбулька.
У гэтых трох вёсках не заблукаеш: вуліц тут няшмат. Але як шчымліва гучаць іх назвы: у Гатцы – Кляновая, у Вярхлёўцы – Гвардзейская, завулкі Лясны ды Азёрны, а ў вёсцы Стайчанка — вуліца Ігната Сабчука. Жыў тут такі чалавек, які працаваў у лясной гаспадарцы, а душу меў творчую. Беражліва захоўвае памяць пра бацьку Людміла Клініцкая, якая з’яўляецца дэпутатам Пагосцкага сельвыканкама.
Аднак цікавы тут кожны чалавек, і ў першую чаргу — доўгажыхары. Так, жывуць у Гатцы Марыя Салавей і Паліна Салавей. Апошняя — маці слаўнага вадзіцеля ААТ “Пагосцкі” Міхаіла Салаўя, які зараз шчыруе на жніве. У вёсцы Стайчанка з павагай ставяцца да Кацярыны Сіняк і Аляксандры Сіняк, якая 1 ліпеня адсвяткавала свой 96-ы па ліку дзень нараджэння. Найстарэйшымі жыхарамі Вярхлёўкі з’яўляюцца Марыя Маркевіч, Ганна Вярбіцкая, а Сафія Сіняк і Іван Шугалей ужо размянялі дзясяты дзясятак.
Многія з гэтых людзей у свой час працавалі ў саўгасе “Камунар”, які цяпер завецца ААТ “Пагосцкі”. Прафсаюзны камітэт гэтай гаспадаркі падзякаваў за сумленную працу і перадаў памятныя падарункі Паліне Салавей, Марыі Маркевіч, Аляксандры Сідаровіч, Кацярыне Сіняк. Выказалі словы шчырай падзякі і Івану Шугалею, які шмат гадоў адпрацаваў на мясцовых землях аграномам. У свае 90+ ён застаецца жвавым і ўсмешлівым чалавекам, трымае ў парадку падворак і імкнецца дарыць людзям прыгажосць. Яго сядзіба літаральна патанае ў кветках, што круглы год квітнеюць дзякуючы руплівым рукам гаспадара.
Жыве ў вёсцы Гацец яшчэ адзін паважаны чалавек, а дакладней Алена Грыгаровіч. У маладосці яна спрабавала ўладкаваць сваё жыццё ў сталіцы, але ўсё ж вярнулася на радзіму, працавала ў мясцовым магазіне, а зараз абслугоўвае пакупнікоў у Васілеўшчыне. Паважаюць Алену Міхайлаўну не толькі аднавяскоўцы, але і калегі з райспажыўтаварыства.
Прысутнічалі на свяце не толькі ўраджэнцы названых вёсак, але і тыя, хто нядаўна пачаў абжываць гэтыя маляўнічыя, амаль не кранутыя цывілізацыяй, мясціны. Мінчанін Мікалай Прыгар сем гадоў таму набыў дом у Гатцы і зараз з вясны да восені разам з жонкай Галінай атрымліваюць асалоду ад працы на зямлі.

46 гадоў крочаць разам Раіса і Анатоль Сяліцкія

Ды і нельга забыцца пра сям’ю, чый дом першым вітае гасцей і стаў месцам правядзення свята. Гэта сядзіба Раісы і Анатоля Сяліцкіх. Раіса Адамаўна родам з Барысаўскага раёна, але 35 гадоў адпрацавала фельчарам-акушэрам на ФАПе на Бярэзіншчыне. Тут яна знайшла сваё каханне і ўжо 46 гадоў жыве з суджаным у шчасці і згодзе. Разам яны выхавалі дачку і дачакаліся ўнукаў. Не сумна гэтым людзям і на пенсіі. У хаце — самаробныя дываны і сурвэткі, якія сталі выдатным упрыгожваннем на свяце, ля ганка – кветкі, а на агародзе паспяваюць агурочкі і памідоры. Растуць яны як на дражджах, бо іх даглядае мудрая і ўважлівая да людзей жанчына, якая шчодра дзеліцца станоўчай энергетыкай з мясцовымі. Нездарма ж Раісу Адамаўну памятаюць і паважаюць былыя калегі. Яны перадалі ёй падарунак ад прафсаюзнага камітэта бальніцы.
А сама жанчына ганарыцца сваім мужам. Анатолій Адольфавіч нарадзіўся ў Гатцы, у сям’і, дзе выхоўвалася 14 дзяцей, ён быў старэйшым. Калі нарадзілася яго малодшая сястра мужчына ўжо быў сам бацькам. Сёння два браты і сястрычка Святлана жывуць ад яго недалёка — у вёсцы Стайчанка. Таму і застаюцца вернымі малой радзіме. Ды і варта дадаць да партрэта А. Сяліцкага, што вернасць ён захоўвае не толькі сваім караням, але і шафёрскай справе. Усё працоўнае жыццё — за рулём!
— Дарагія нашы вяскоў-цы, заўсёды заставайцеся добрымі, шчырымі і прыгожымі знешне і душой людзьмі, — гаварылі сама-емдзейныя артысты напрыканцы мерапрыемства жыхарам вёсак, — і як бы ні змянялася наша жыццё, беражыце сваю малую радзіму.

Мілана ТРАПЯНОК.
Фота Алены ГРОМАВАЙ.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *