Творчая скарбонка Уладзіміра Несцяровіча

Нядаўна выйшла ў свет яшчэ адна кніга паэта і празаіка, мастака, нашага калегі Уладзіміра Несцяровіча — “Даль моя близкая”.

Сама кніга ўключае ў сябе аповесць “Не ищи свою судьбу”, у якой аўтар, паглыбляючыся ў гісторыю, знаёміць чытачоў з радаводам свайго цёзкі па прозвішчы. Таксама ў кнізе змешчаны апавяданні і вершы пра прыроду, паляванне, дзённікавыя запісы.

– Я працаваў над напісаннем кнігі “Даль моя близкая” даволі працяглы час, – заўважае Уладзімір Несцяровіч. – Сюды ўвайшлі адны з лепшых маіх твораў. Амаль усе вобразы, пейзажы і сюжэты ўзяты з прыроды.

Чытаеш кнігу, адчуваеш, што яна, сапраўды, напісана “з душою”. Асабліва прыйшліся даспадобы апавяданні, дзе згадваецца паляванне. Настолькі ярка, эмацыянальна апісваецца працэс, што быццам сам там пабываў з аўтарам. І гэта нядзіўна, бо Уладзімір Паўлавіч – заядлы паляўнічы. Яго цікавіць усё пачутае і ўбачанае ў прыродзе, на што мы іншы раз і не звяртаем увагі. Аўтар прымушае нас думаць, разважаць.

Дзіўна, але ў кнізе нават неадушаўлёныя вобразы, да прыкладу, мароз, вецер, дрэва, выступаюць, быццам жывыя, настолькі ярка іх апісвае аўтар.

Кніга, сапраўды, “зацягвае”. Дарэчы, усе, хто жадае набыць яе ў дамашнюю калекцыю, могуць звярнуцца да Уладзіміра Паўлавіча асабіста.

– Я буду рады, калі вы, паважаныя землякі, пазнаёміцеся з кнігай, падзеліцеся са мной уражаннямі ад прачытанага, – заўважыў Уладзімір. – Спадзяюся, кніга спадабаецца гісторыкам, краязнаўцам, аматарам прыроды, ды і, увогуле, усім бярэзінцам!

Юлія БУКЕЛЬ.
Фота Алены ГРОМАВАЙ.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *