Тым, хто з маленства перабірае рухавікі

Будучы механік – Міхаіл Булойчык

Знаёмцеся: гэта Міхаіл Булойчык. Родам ён з аграгарадка Лешніца, а вучыцца на факультэце механізацыі сельскай гаспадаркі Беларускай дзяржаўнай сельскагаспадарчай акадэміі і ўжо гатовы хоць зараз працаваць з тэхнікай. А пакуль дзеліцца сваімі студэнцкімі ўражаннямі.

Толькі Акадэмія

– Я з дзяцінства рамантаваў школьны мотаблок, дапамагаў бацьку ў гаражы, перабіраў рухавікі аўтамабіляў. Таму пытання: кім стаць пасля заканчэння школы, не стаяла… Толькі – сельскагаспадарчая акадэмія.

Механік

– А факультэт механізацыі сельскай гаспадаркі выбраў, бо хачу мець вышэйшую адукацыю па тэхнічнай спецыяльнасці. Ды і як забыцца, што асабліва запатрабаваны такія спецыялісты ў сельскай мясцовасці. Я ж вясковы, маю асаблівае прыцяжэнне да тэхнікі і зямлі.

Яно цікавае

– Сваім выбарам альма-матар задаволены, бо студэнцкае жыццё ў Акадэміі цікавае і насычанае. Я стараюся браць па максімуме. Наведваю лекцыі і практычныя заняткі, актыўна ўдзельнічаю ў масавых мерапрыемствах, квэст-гульнях паміж інтэрнатамі. Але і ў забавах не забываюся пра вучобу. З упадабаных вучэбных дысцыплін – фізіка і матэрыялазнаўства. Вядома ж, вывучаць гэтыя прадметы няпроста, але ўжо ўцягнуўся.

Не школа

– Нават не ўяўляў, што ва ўстанове ёсць столькі магчымасцей для навучання, у тым ліку практычнага. Раней наіўна думаў, што Акадэмія – вялікая школа. Але на самой справе гэта не так. Ужо з першага курса вытворчая практыка. Студэнтаў размеркавалі на групы па 5 чалавек, каб навучацца па чарзе спачатку на фрэзерна-стругальным, затым зварачным аддзяленнях. Таму мы ўжо з першага дня працуем з тэхнікай і практычныя ўрокі бяром у вопытных педагогаў.

Пажывем – пабачым

– Планаў на далёкую будучыню не строю, бо ведаю, якім зменлівым можа быць лёс. Сёння галоўнае – паспяхова скончыць Акадэмію, а затым сумленна адслужыць у арміі.

Падрыхтавала Мілана ТРАПЯНОК.
Фота прадастаўлена Акадэміяй.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *