У Бярэзінскім райвыканкаме – новы старшыня

22 снежня на 37 пазачарговай сесіі Бярэзінскага раённага Савета дэпутатаў 28 склікання кіраўнік цэнтральнага рэгіёна Аляксандр Турчын прадставіў новага старшыню Бярэзінскага райвыканкама Дзяніса Дзішука.

— Аляксандр Мікалаевіч Бабічаў, які да гэтага ўзначальваў Бярэзінскі райвыканкам, зарэкамендаваў сябе кампетэнтным і адказным кіраўніком. Ён шмат зрабіў для раёна і я ўдзячны яму за добрасумленную працу. Дзянісу Ігаравічу трэба будзе працягнуць яго шлях і надаць новы імпульс развіццю. Беразіно ў бліжэйшы час павінна стаць узорным прыкладам развіцця раённага цэнтра. У перспектыве — удасканаленне існуючых прадпрыемстваў, развіццё малога і сярэдняга бізнесу, стварэнне спрыяльных умоў для працвітання рэгіёна. Раён — аграрны, і гэтая галіна, вядома ж, — адзін з важных накірункаў эканомікі Бярэзіншчыны. Другая немалаважная задача — павышэнне ўзроўню жыцця насельніцтва. Ужо шмат зроблена для камфорту бярэзінцаў: пабудавана станцыя абезжалезьвання, узводзяцца дамы і сацыяльныя аб’екты. Тым не менш, яшчэ і шмат чаго трэба зрабіць. У Беразіно ёсць патэнцыял, каб стаць развітым раённым цэнтрам, дзе будзе камфортна жыць нашым людзям, — падкрэсліў губернатар.

Уручаючы Дзянісу Дзішуку службовае пасведчанне, Аляксандр Турчын пажадаў новаму кіраўніку паспяхова справіцца з пастаўленымі задачамі. Пры гэтым адзначыў, што самае галоўнае – гэта кадры, людзі, гатовыя працаваць на карысць рэгіёна і краіны.

Дзяніс Ігаравіч падзякаваў за магчымасць праявіць свае сілы і кампетэнтнасць і паабяцаў прыкласці ўсе намаганні для таго, каб Бярэзінскі раён не толькі не страціў сваіх пазіцый, але і прымножыў свае дасягненні.

— Дзякуючы вашаму прафесіяналізму, паважаныя жыхары Бярэзіншчыны, мы зможам дасягнуць больш высокіх мэт і вывесці нашу эканоміку на больш высокі ўзровень развіцця, — адзначыў Дзяніс Дзішук.

Даведка. Дзяніс Ігаравіч Дзішук нарадзіўся 2 красавіка 1984 года ў пасёлку Ганусава Нясвіжскага раёна. Скончыў Беларускую дзяржаўную сельскагаспадарчую акадэмію і Беларускі дзяржаўны аграрны тэхнічны ўніверсітэт. Працаваў эканамістам, галоўным эканамістам у ЗАТ “1 Мая” Нясвіжскага раёна, дырэктарам ААТ “Радзіма Якуба Коласа” Стаўбцоўскага раёна, першым намеснікам — начальнікам упраўлення па сельскай гаспадарцы і харчаванні Стаўбцоўскага райвыканкама.

Алена МУРАЧ.

Фота Алены ГРОМАВАЙ.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *