У чым сакрэт Вольгі Сілівончык?

Нашу ўвагу неаднойчы прыцягвала старшая медыцынская сястра паліклінікі Вольга Сілівончык. Яна пастаянна ў руху, у працы, але заўсёды з усмешкай і ў цудоўным настроі. Захацелася даведацца, у чым жа сакрэт яе пазітыву. Таму самы час пазнаёміцца! Ды і нагода цудоўная — 12 мая адзначаўся Міжнародны Дзень медыцынскай сястры.

Вольга Сілівончык сустракае пацыентаў з усмешкай

Невыпадковая выпадковасць

Вольга мясцовая, з Бярэзіншчыны. Добра вучылася ў школе. Але з прадметаў падабаліся больш за ўсё дакладныя навукі.

– Школу скончыла з сярэбраным медалём. І збіралася стаць у будучым эканамістам. Марыла вучыцца ў “наргасе” – Беларускім дзяржаўным эканамічным універсітэце. Але не хапіла балаў. Што рабіць? Памятаю, прыехала сяброўка, якая ўжо вучылася ў медыцынскім вучылішчы ў сталіцы. Прапанавала і мне паспрабаваць паступіць туды. Я ў медыцыну? Ды не! Але падумаўшы, згадзілася. Матуля мая была такой шчаслівай. Маўляў, гэта ж так цудоўна – дапамагаць людзям. А я нават і тады не верыла, што медыцына – гэта маё.

“Зацягнула”

– Скончыла медвучылішча ў 1993. І па размеркаванні трапіла ў родную райбальніцу, – дадае Вольга. – Пачынала медыцынскай сястрой палаты нованароджаных. Менавіта там і “прачнулася” любоў да медыцыны. Цудоўны калектыў, калегі падтрымлівалі, падказвалі, вучылі. У мяне ж быў каштоўны багаж тэарэтычных ведаў, але іншая справа — прымяніць іх на практыцы. А ў радзільным аддзяленні навучылася ўсяму.

І сёння з цеплынёй, любоўю згадваю сваё першае працоўнае месца. Аказваць дапамогу цяжарным, дапамагаць нованароджаным, чуць звонкія дзіцячыя “куга-куга” – шчасце, якое ні з чым нельга параўнаць.

17 і 11

Вольга адпрацавала ў радзільным аддзяленні 17 (!) гадоў. Затым кардынальна змяніла дзейнасць.

– Прапанавалі пасаду старшай медыцынскай сястры паліклінікі, – згадвае В. Сілівончык. – Тады мне здавалася, што акрамя дапамогі нованароджаным, больш нічога не ўмею. А ў паліклініцы – зусім іншыя абавязкі. Але вырашыла паспрабаваць. І з 1 кастрычніка 2010 года працую старшай медсястрой.

Калектыў у нас даволі вялікі: разам з сёстрамі, санітаркамі і рэгістратарамі каля 70 чалавек. Мой працоўны дзень пачынаецца з размеркавання абавязкаў паміж падначаленымі. А калі здараецца, што не хапае работнікаў, з задавальненнем сама падмяняю.

– Мне цікава вучыцца новаму. Да прыкладу, раней бралі кроў шпрыцамі – зараз вакутэйнерамі, – расказвае жанчына. – У маладых спецыялістаў таксама імкнуся “запаліць” любоў да вучобы, спазнання новага. І радуюся, калі гэта атрымліваецца. Я і сёння памятаю сваіх першых “вучняў”. Юлія Арцёмчык, Аліна Жукоўская, Марына Гавядкова, Віталій Муравей, Таццяна Трапянок – “выпускнікі”, якімі ганаруся!

Год “кароны”

– Калі згадваю 2020, то здаецца, ён праляцеў як адзін вялікі дзень барацьбы з каранавіруснай інфекцыяй. Ні лета, ні вясны, ні навагодніх свят я не адчула. Праца, спёка, спецыяльныя касцюмы, стома, пацыенты… Горача! Мінулае лета, спякота невыносная, а мы ў камбінезонах у складзе мабільнай групы выязджаем на забор мазкоў. Імгненна мінула першая хваля. Здаецца, крыху “ўздыхнулі”, адпачылі. А другая хваля “кароны” значна цяжэй праходзіла. Падчас першай было шмат кантактаў, падчас другой – значная колькасць пацыентаў.

Каранавірус страшная хвароба: не ведаеш, якія органы “зачэпіць”. Нават пасля ачуньвання прысутнічае так званы “постковідны” сіндром: у кагосьці ўзнікаюць праблемы з сэрцам, лёгкімі, у іншых – пагаршаецца псіхічнае здароўе. Таму сёння мару: каб мы былі здаровымі і шчаслівымі. Хачу, каб мае дзяўчаты зноў хадзілі ў прыгожых халатах і радавалі пацыентаў усмешкай, – падзялілася Вольга.

Надзейная падтрымка

– Калі разгарнуўся на базе райбальніцы шпіталь, спраў дабавілася. Стамлялася так, што, прыйшоўшы дамоў, амаль адразу ж засынала. Ні есці не хацела, не размаўляць… Такая стома ва ўсім целе… – узгадвае жанчына. – І, шчыра прызнаюся, калі б не падтрымка мужа Леаніда і двух сыноў, не справілася б. Яшчэ раз пераканалася, што для жанчыны самае галоўнае – любячая і любімая сям’я. Дарэчы, ніхто з сыноў не абраў медыцыну. Старэйшы – Аляксандр скончыў вышэйшую навучальную ўстанову, працуе ў Мінску, малодшы Яўгеній вучыцца ў гімназіі. Кім хоча стаць, пакуль не вырашыў, але дакладна заўважыў: “Не пайду ў медыцыну!”

Пазітыўны рэцэпт

– Работы пандэмія “падкінула”, але, нягледзячы на стому, заўсёды і ва ўсім шукаю пазітыў. Аднойчы сяброўка сказала: “Крый Божа ад злых людзей, няхай на шляху сустракаюцца толькі добрыя!” Так і сталася – мяне акружаюць міласэрныя, спагадлівыя, чулыя людзі. Таму сакрэт-рэцэпт пазітыву, добрага настрою і працавітасці даволі просты: сям’я, справа, якая прыносіць задавальненне, і добрыя людзі побач, – падзялілася Вольга.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *