У гонар героя-пажарнага Васіля Ігнаценкі

26 красавіка ўжо 35 гадоў пазначаны “чорным” колерам на календары.

Менавіта ў гэты дзень аддана і смела ўвайшоў у смяротнае ядзернае пекла баявы разлік пажарнай службы горада Прыпяць. Яны падымаліся змагацца з агнём, але не ведалі, што ідуць на сустрэчу са смерцю. У ліку першых ліквідатараў і камандзір аддзялення Васіль Ігнаценка…

Памяць пра героя-пажарнага Васіля Ігнаценку ўвекавечана ва ўсім свеце. Яго іменем названы вуліцы ў Беразіно, Брагіне і Мінску. У Беразіно на вуліцы Ігнаценка ўстаноўлена памятная дошка. Тут і прайшоў 26 красавіка мітынг-рэквіем у гонар героя-пажарнага, яго таварышаў па службе, усіх тых, хто прайшоў праз ядзернае пекла.

… Васілю Ігнаценка было 25 гадоў. Ён назаўсёды застаўся ў нашай памяці маладым юнаком.
Родныя Васіля Ігнаценкі жывуць у Беразіно. Бо праз пэўны час іх вёска на Брагіншчыне трапіла ў зону адсялення. На мітынг-рэквіем прыйшлі матуля Васіля — Таццяна Пятроўна і сястра — Наталля Сінкевіч. Дарэчы, Наталля Іванаўна шмат гадоў служыла ў раённым аддзеле па надзвычайных сітуацыях.
Менавіта да іх, Таццяны Пятроўны і Наталлі Іванаўны, у першую чаргу і звярнуўся старшыня раённага савета ветэранаў Анатоль Зябко:

— Прыміце нашы шчырыя спачуванні. Ведаем, што боль ад статы сына, брата і сёння не суціхае… Васіль Іванавіч сваім подзвігам падарыў жыццё тысячам! Мы сёння сабраліся, каб аддаць даніну павагі тым людзям, якія аддалі сваё жыццё, каб мы з вамі спакойна жылі, былі здаровымі, моцнымі і шчаслівымі. Васілю Іванавічу было толькі 25 гадоў. Нядаўна ажаніўся. Наперадзе — шчаслівае і доўгае жыццё. Столькі было мар, жаданняў. Але ўсё абарвалася 26 красавіка 1986 года.
… Урачы да апошняга змагаліліся за жыццё Васіля Ігнаценкі і яго таварышаў. Але доза радыяцыі была велізарнай і не сумяшчальнай з жыццём… Памёр мужны ліквідатар 13 мая. Яго пахавалі разам з іншымі пажарнымі і работнікамі Чарнобыльскай станцыі на Міцінскіх могілках у Маскве. Пахавалі ў закрытай труне і пад паўметровым пластом бетону.
.. Да памятнай дошкі па вуліцы Ігнаценка ўсклалі кветкі. А памяць пра подзвіг усіх ліквідатараў увекавечылі хвілінай маўчання і пранізлівым гукам сірэны пажарнай машыны. У мітынгу-рэквіеме прынялі ўдзел начальнік галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы і па справах моладзі Мінаблвыканкама Аляксандр Ільясевіч, начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама Галіна Сакалоўская, бярэзінскія выратавальнікі, члены клуба “Сірэна”, прадстаўнікі грамадскіх арганізацый, моладзь, духавенства.

Даведка. Васіль Ігнаценка — ліквідатар аварыі на Чарнобыльскай АЭС, камандзір аддзялення 6-й самастойнай ваенізаванай пажарнай часці па ахове горада Прыпяць. Ён нарадзіўся 13 сакавіка 1961 года ў вёсцы Спярыжжа Брагінскага раёна. Пасля заканчэння Гомельскага вучылішча электратэхнікі працаваў па спецыяльнасці ў Бабруйску. На службу трапіў у адну з пажарных часцей Масквы, дзе захапіўся пажарнай справай. Васіль Ігнаценка прымаў непасрэдны ўдзел у тушэнні пажару на Чарнобыльскай АЭС уначы з 25 на 26 красавіка 1986 года. Ён быў у ліку першых пажарных, якія прыбылі на чацвёрты энергаблок ЧАЭС. Памёр 13 мая 1986 года. Пахаваны ў Маскве на Міцінскіх могілках.

 

 

Юлія БУКЕЛЬ.
Фота Алены ГРОМАВАЙ.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *