У ліпені новабудоўля Бярэзіншчыны абудзіцца галасамі навасельцаў. Што — у планах будаўнікоў, раскажа наша актуальнае інтэрв’ю

Чацвёртага ліпеня 2017 года Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь падпісаў Указ № 240 “Аб дзяржаўнай падтрымцы грамадзян пры будаўніцтве (рэканструкцыі) жылых памяшканняў” (уступіў у сілу 7 жніўня). У дадатак да дзеючай сістэмы льготнага крэдытавання жыллёвага будаўніцтва быў уведзены новы від дзяржаўнай падтрымкі грамадзян, што маюць патрэбу ў паляпшэнні жыллёвых умоў – дзяржаўныя адрасныя субсідыі. Асноўнай катэгорыяй асоб, якім субсідзіруецца пагашэнне асноўнага доўгу па крэдыту, з’яўляюцца мнагадзетныя сем’і. Многія з іх, у тым ліку і на Бярэзіншчыне, ужо выкарысталі льготы і істотна палепшылі свае жыллёвыя ўмовы.

Мікрараён ЖБК “Жамчужына”

Так, на пачатак 2019 года ў нашым раёне новыя кватэры атрымалі 30 мнагадзетных сем’яў у пабудаваным па вуліцы М. Рамановіч новым пяціпавярховым доме. Сёлета лік такіх сем’яў павялічыцца яшчэ на 70 за кошт увядзення дзвюх шматкватэрак: у ліпені будзе завершана новабудоўля па вуліцы Кастрычніцкай, 5 і да канца года — будынак па вуліцы М. Рамановіч, узвядзенне якога распачалося сёлета ў раёне школы мастацтваў.
— Будаўніцтва льготнага жылля для мнагадзетных сем’яў на гэтым не завершыцца, — адзначае дырэктар упраўлення капітальнага будаўніцтва Бярэзінскага раёна Ірына Саскавец. – Ужо сёлета ў чацвёртым квартале запланавана будаўніцтва 25-кватэрнага дома па вуліцы Кастрычніцкай, паралельна з гэтым вядуцца праектныя работы па закладцы яшчэ аднаго дома па вуліцы Красіна. Такім чынам мы вырашаем праблему забеспячэння жыллём такой катэгорыі, як мнагадзетныя сем’і. Іх колькасць у раёне пастаянна мяняецца – павялічваецца, што, несумненна, вельмі радуе. А, значыць, з цягам часу, па меры фарміравання спісаў жадаючых атрымаць камфартабельнае жыллё, будуць з’яўляцца ўсё новыя і новыя жыллёвыя аб’екты.
Жыхары першага ўзведзенага па Указе № 240 дома паспелі ўжо ацаніць атрыманае жыллё і яго камфорт. Да таго ж, новабудоўля знаходзіцца ў цэнтры горада і добра ўпісалася ў мікрараён ЖБК “Жамчужына”.

Жыхарамі гэтага дома па вул. М. Рамановіч таксама будуць мнагадзетныя сем’і

У крокавай даступнасці сацыяльныя аб’екты – школа, крамы, садок, аптэка… Даспадобы дзятве прыйшлася і гульнявая пляцоўка ў двары дома.
— Праекты кватэр, якія будуюцца для мнагадзетных сем’яў, — расказвае Ірына Аляксандраўна, — распрацаваны з улікам колькасці жыхароў. Па-першае, тут даволі вялікія кухні — па 10-12 квадратных метраў. Двухпакаёвыя кватэры маюць аб’ём не менш за 60 квадратных метраў, а аднапакаёўкі – адпаведна 40 метраў. Пакоі светлыя, прасторныя. Шырокімі і дыхтоўнымі з’яўляюцца лесвічныя пляцоўкі, калідоры і тамбуры на кожным паверсе. Паклапаціліся праекціроўшчыкі і пра стварэнне безбар’ернага асяроддзя. У прыватнасці, перад уваходам у будынак і на пешаходным пераходзе каля дома пакладзена тактыльная плітка. Для большай зручнасці матуль з каляскамі і маленькіх дзетак кожны пад’езд абсталяваны пандусамі. Перш чым закласці новы дом, мы вывучаем склад будучых яго навасельцаў і пры неабходнасці можам карэкціраваць праект (тады ён становіцца індывідуальным для кожнага дома) з мэтай устаноўкі ў пад’ездах пад’ёмнікаў для інвалідаў-калясачнікаў.
Як бачым, улічваецца ўсё, нават дробныя нюансы. Закладваюцца яны яшчэ пры праектаванні будучай новабудоўлі і ў абавязковым парадку ў адпаведнасці са стандартамі ўключаюць у сябе не толькі ўзвядзенне самой будыніны і падвядзенне да яе камунікацый, але і такія атрыбуты, як добраўпарадкаванне, азеляненне, стварэнне парковачных месцаў для аўтамабіляў, дзіцячых пляцовак, трэнажорных комплексаў.

Ужо ў ліпені гэты дом абудзіцца галасамі навасельцаў

— Прычым, — дадае Ірына Саскавец, — дзіцячыя пляцоўкі выконваюцца з выкарыстаннем гумавага пакрыцця для недапушчэння траўматызму хлопчыкаў і дзяўчынак. Гульнявыя пляцоўкі, дарэчы, каля кожнай новабудоўлі будуць індывідуальнымі і тэматычнымі. Так, каля дома, што па вуліцы Кастрычніцкай, яна прысвечана бяспецы. Арыгінальныя малыя формы закуплены і для аналагічнай пляцоўкі каля будуемага цаглянага дома паблізу школы мастацтваў.
Яшчэ адным новаўвядзеннем стане ўстаноўка ліфта ў праектуемым доме, што размесціцца ў канцы вуліцы Красіна.
— Менавіта гэты мікрараён – ад вуліцы Красіна да Перамогі – неўзабаве стане чарговым цэнтрам новабудоўляў нашага горада, — адзначае Ірына Саскавец. – Там дастаткова месца для ўзвядзення не аднаго дома. Будуць у іх ліку не толькі сацыяльныя – для мнагадзетных і іншых ільготных катэгорый грамадзян, але і долевыя, арэндныя, іншых форм уласнасці, у тым ліку, спадзяюся, і іпатэчныя дамы, умовы будаўніцтва якіх сёння распрацоўваюцца ўрадам.
Такім чынам, будаўнікам без працы сядзець не давядзецца. А чым больш прыгажэйшым будзе наш горад, тым больш ён будзе радаваць нас, яго жыхароў, і тым больш прывабным стане для інвестараў, што прынясуць нам і новыя рабочыя месцы, і далейшы ўздым эканомікі.

Анатоль ПАЛЫНСКІ.
Фота Алены ГРОМАВАЙ.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *