Як не засумаваць у пандэмію, ведаюць у дзіцячым садку № 7 горада Беразіно

“У пандэмію зрабіце кармушку для птушак!”

Да гэтага заклікае бацькоў і дзяцей калектыў ДУА “Яслі-сад № 7 горада Беразіно”.

Дашкольная ўстанова — самая малаколькасная ў горадзе, бо тут у чатырох групах выхоўваюцца ўсяго 80 хлопчыкаў і дзяўчынак дашкольнага ўзросту.

— У нашым садку даўно не памятаюць пытанняў з наборам дзяцей, — расказвае загадчыца Аксана Булгак. — І справа не толькі ў тым, што будынак установы знаходзіцца ў зручным месцы горада, маюцца выдатныя ўмовы для выхавання і навучання дзяцей, але і ў асаблівым творчым прафесіяналізме і вернасці дзецям нашых педагогаў. Большасць з іх не адзін дзясятак гадоў працуе ў садку і выхоўвае ўжо трэцяе пакаленне яго наведвальнікаў.

Гэта і сапраўды так, бо будынак садка ў гэтыя дні арыгінальным чынам упрыгожаны, на тэрыторыі зроблена экалагічная сцежка і маецца свой яблыневы сад. А нядаўна большасць бярэзінцаў ужо заўважыла на тэрыторыі некалькі арыгінальных яркіх кармушак для птушак.

— Для нас і нашых дзяцей — звычайная справа вітаць у сябе птушак, — заўважае Аксана Пятроўна. — Сярод нашых добрых крылатых знаёмых — жвавыя сінічкі, увішныя вераб’і, паважныя дразды, а ўзімку прылятаюць чырванагрудыя снегіры.

Ідэя хутка перарасла ў акцыю “Пакармі птушак”. Згодна з ёй бацькам разам з дзецьмі прапанавалася змайстраваць унікальную кармушку з самых розных матэрыялаў.

— Вы не паверыце, але наша ідэя сустрэла гарачы водгук практычна ва ўсіх дзяцей і бацькоў, — расказвае Аксана Булгак. — Знайшлося нямала жадаючых выратаваць птушак ад галоднай смерці.

Ужо на наступны дзень пасля абвяшчэння акцыі некалькі кармушак з’явілася на дрэвах садка.

— Амаль кожная птушыная сталовая — сапраўдны шэдэўр, – гаворыць Аксана Пятроўна, — бо старанна і з душой зроблена сіламі бацькоў і дзяцей. Нехта выкарыстаў для гэтага вялікі пакет з-пад малака, а хтосьці — пластмасавую пяцілітровую бутлю. Ды і тут ніхто не пайшоў простым шляхам, бо па-свойму ўпрыгожыў кармушку.

Бацькі і сапраўды крэатыўна падышлі да справы і зрабілі кармушкі з самага разнастайнага матэрыялу: упаковак з-пад малочных прадуктаў, сокаў, пластыкавых бутэлек, кардонных каробак, дошчачак і нават элементаў металічных агрэгатаў. Ды і выраблены яны з веданнем справы. Усе кармушкі маюць дах і борцікі, каб корм не засыпала снегам і ежа не выпадала, прадугледжаны і адтуліны, каб птушка магла лёгка заляцець і вылецець, а таксама — ахоўныя борцікі, каб у кармушку не залазілі жывёлы. Дзеці ўпрыгожылі кармушкі і пафарбавалі іх у яркія колеры, каб здалёк прыцягваць увагу птушак.

— Цяпер галоўнае — кожны дзень папаўняць кармушку ежай, — дадае Аксана Пятроўна, — ужо каторы дзень дзятва выходзіць на прагулку са жменькамі ягад і зерня. Усё гэта дзеці загадзя прынеслі ў садок.

Таму прагулкі яны чакаюць з нецярпеннем. Ды і ў садок цяпер бягуць не толькі да сваёй выхавальніцы, але і да крылатых сяброў.

— Наша акцыя працягваецца — і ў далейшым на тэрыторыі садка з’явіцца яшчэ не адна птушыная сталоўка.
Мы нават баімся: ці хопіць нам дрэў, каб іх усе размясціць! Для нас жа галоўнае, каб дзеці далучаліся да добрых спраў разам з бацькамі, цікава і карысна бавілі час у сям’і і не сумавалі ў пандэмію! — гаворыць Аксана Булгак!

Парады ад Аксаны Булгак
  • Насамрэч, зрабіць кармушку вельмі лёгка. Важна: у кармушках з «тэтрапаку» абавязкова пракалоць у дне некалькі адтулінак, каб вада ад снегу і дажджу не сапсавала «птушыны банкет».
  • Найлепшы корм для вераб’ёў – несалёныя і нясмажаныя сланечнікавыя семкі. Чысціць іх не трэба. Можна зрабіць сумесь, дадаўшы да гэтых семак проса і авёс.
  • Для сінічак і дзятлаў падыдзе свежае сала (толькі несалёнае!). Кавалачкі можна нанізаць на цвічкі па краях кармушкі, прывязаць да галінкі або падвесіць у сетачцы.
  • Вераб’і, зелянушкі, попаўзні і чыжы не адмовяцца ад арахісу (зноў жа – несалёнага і нясмажанага!)
  • Чым больш разнастайным будзе пачастунак, тым больш відаў птушак можа наведацца да вас.

Мілана ТРАПЯНОК.
Фота Алены ГРОМАВАЙ.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *