У школах Бярэзіншчыны праходзяць алімпіяды

У аўторак на базе СШ№3, фізкультурна – аздараўленчага комплексу “Лазурный”, раённай комплекснай дзіцяча — юнацкай спартыўный школы алімпійскага рэзерву, інтэлектуальнага цэнтра развіцця дзяцей і моладзі стартаваў другі раённы этап школьных прадметных алімпіяд. На яго традыцыйна збіраюцца юныя вундэркінды з усіх навучальных устаноў, каб не толькі вызначыць самага эрудзіраванага і здольнага, але і ў чэснай барацьбе паспрачацца за пуцёўку ў наступны этап – на абласныя спаборніцтвы.

За дзень да алімпіяды яшчэ шмат трэба запомніць і паўтарыць. Пад такім дэвізам займаюцца Людміла Цюльманкова і Алеся Букатая

— Такому запалу дзяцей паказаць свой узровень ведаў і ўменняў нават другая, больш магутная хваля каранавірусу – не перашкода, — расказвае намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце СШ №3 г. Беразіно Алена Мазнікава, – яны гатовы гадзінамі карпець над падручнікамі, даймаць пытаннямі педагогаў у час кансультацый і факультатываў. Яно і зразумела, бо кожны з нашых алімпійцаў рашуча настроены на перамогу. Хтосьці з іх толькі пачынае алімпійскі марафон, а хто ў апошні раз уключаецца ў барацьбу за запаветны студэнцкі білет.
Таму ў школьных пакоях у панядзелак да апошняга гарэла святло. Так, у класе рускай мовы і літаратуры за першай партай з Людмілай Цюльманковай сядзела Алеся Букатая.
— У гэтым годзе я заканчваю школу і маю намер у апошні раз пазмагацца за дыплом на раённай алімпіядзе, — тлумачыць дзяўчына. — У школе я вывучаю прадмет на паглыбленым узроўні з 8-га класа і ўжо стала лепшай па гэтай дысцыпліне, а цяпер павінна паказаць высокі клас ведаў сярод вучняў раёна і ні ў якім разе не страціць шанс на абласную алімпіяду. Ведаю, што будзе няпроста і давядзецца выкладацца па поўнай. Таму не прапускаю ніводнага слова педагога.
Дарэчы, сярэдняя школа №3 штогод выстаўляе прадстаўнічую алімпійскую каманду па ўсіх прадметах. Сёлета гонар школы будуць абараняць 36 вучняў. Для іх і астатніх алімпійцаў ва ўстанове будуць створаны не толькі камфортныя ўмовы, але і выкананы ўсе рэкамендацыі медыкаў па папярэджванні каранавіруснай інфекцыі.
— Веру, што аднаразовыя пальчаткі і маскі ніяк не паўплываюць на настрой алімпійцаў, — зазначыла Алена Пятроўна. – Няхай удача не пакіне самых здольных і бясстрашных!

Мілана ТРАПЯНОК.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *