Ударым па вірусу вакцынацыяй!

 У Бярэзінскай ЦРБ працягваецца масавая бясплатная вакцынацыя расійскай вакцынай “Гам-КОВИД-Вак” супраць “кароны”. Ужо зрабілі прышчэпку больш за 700 бярэзінцаў. Ну, што ж, адпраўляемся на вакцынацыю і мы!

 

1. Вырашылі пайсці пасля абеду, каб былі мінімальныя чэргі. У райбальніцы звяртаемся ў рэгістратуру. Там падкажуць, у які кабінет зазірнуць, каб прайсці агляд урача. Звычайна, прыём для жадаючых зрабіць прышчэпку вядзецца ў асобным кабінеце, не патрэбна стаяць у агульнай чарзе з хворымі. Калі мы рабілі прышчэпку, урач прымаў у 302 кабінеце паліклінікі. Чаргі, увогуле, не было.

2. Перад прышчэпкай вымяраюць ціск, тэмпературу цела, правяраюць насычанасць крыві кіслародам, праводзяць апытанне па самаадчуванні. Калі ўсё ў норме, падпісваеце дакумент-згоду на прышчэпку. Медыцынскі работнік папярэджвае, што пасля прышчэпкі рэкамендавана не мачыць месца ін’екцыі, не наведваць саўну, баню, не ўжываць алкагольныя напоі, пазбягаць вялікіх фізічных нагрузак. На ўсе пытанні –кампетэнтны адказ. Таксама нам уручылі памятку, калі трэба з’явіцца ў паліклініку для другога ўвядзення кампанента вакцыны.

3. “Допуск” атрыманы. Спускаемся на другі паверх – у працэдурны кабінет. Зноў жа, адзначаю, што чаргі перад кабінетам няма. Чакаем хвілін 10, пакуль рыхтуюць вакцыну.

— Сама вакцына “Гам-КОВИД-Вак” захоўваецца ў спецыяльнай маразільнай устаноўцы пры тэмпературы не вышэй за 18 градусаў, — расказвае медыцынская сястра працэдурнага кабінета Марына Жалток.

4. …Усё гатова для працэдуры. Вакцыну ўводзяць у верхнюю частку вонкавай паверхні пляча. Некалькі хвілін – і прышчэпка зроблена. Балюча? Не. Нават не турбуе месца ўколу.

5. Хвілін 30 знаходзіліся ў працэдурным кабінеце. А затым вярнуліся на працу. Вакцынацыя з усімі “падрыхтоўчымі” этапамі заняла прыблізна гадзіну.

6. Самаадчуванне пасля? Бадзёрае! Пабочных эфектаў не праявілася.

7. Пасля прышчэпкі на працягу некалькіх дзён медыцынскія работнікі тэлефанавалі, цікавіліся самаадчуваннем.

Падрыхтоўка да вакцынацыі:
— узяць бадзёры настрой,
— адмовіцца ад спіртных напояў,
— давяраць толькі праверанай інфармацыі.

Інфармацыю па вакцынацыі можна атрымаць у загадчыка паліклінікі райбальніцы па тэлефоне 69626 (Увага! Новы нумар), у
РЦГЭ — па тэлефоне 65594.

Прышчэпка робіцца ў два этапы. Другі — праз 21 дзень.

Юлия Букель.

Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *