Украў, прадаў, а грошы прапіў…

У дзяжурную часць Бярэзінскага РАУС паступіла паведамленне ад загадчыка па гаспадарцы ДУК “Бярэзінская цэнтральная бібліятэка”: украдзены з пустуючага бібліятэчнага будынка установы культуры кустарэз FS-450.

Трэба ўдакладніць, што больш года таму ўсе бібліятэчныя фонды, размешчаныя ў будынку, а таксама іншая маёмасць пераехалі на час рамонту і рэканструкцыі ў іншае памяшканне. Але, як аказалася, не ўсё, – у падсобным пакоі застаўся дарагі кустарэз замежнай вытворчасці. Ён і спатрэбіўся злодзею.

У ходзе правядзення аператыўна-пошукавых мерапрыемстваў міліцыяй быў затрыманы падазраваемы – нідзе не працуючы, раней неаднаразова асуджаны за маёмасныя злачынствы, бярэзінец.

— Пустуючыя будынкі з іх маёмасцю — металічнымі прадметамі, мэбляй, тэхнікай заўсёды прыцягаюць нячыстых на руку грамадзян, — падкрэсліў начальнік аддзялення крымінальнага вышуку Бярэзінскага РАУС Уладзімір Сялейка. – У іх разлік просты – будынак без аховы, стан запіраючых устройстваў, акон, дзвярэй правяраецца рэдка, можна ўкрасці і быць незаўважаным. Так адбылося і на гэты раз. Злачынца спачатку абышоў будынак бібліятэкі і ўбачыў незачыненае акно са зламанай рашоткай. Залез туды ён не тоячыся і яшчэ пэўны час блукаў па будынку пакуль не заўважыў у пакоі са старымі дзвярыма кустарэз коштам звыш тысячы рублёў.

Што было далей, здагадацца няцяжка: кустарэз мужчына прадаў за 80 рублёў і на гэтыя грошы набыў сабе спіртное. .

Таму Бярэзінскі раённы аддзел унутраных спраў нагадвае ўсім суб’ектам гаспадарання аб уважлівых адносінах да забеспячэння захаванасці маёмасці.

Мілана ТРАПЯНОК.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *