Урокі бяспекі ад бярэзінскіх выратавальнікаў

“На вытворчым участку “Здравушка-мілк” — выкід аміяку”. Такой была легенда, згодна з якой супрацоўнікі Бярэзінскага РАНС правялі вучэнні з прадстаўнікамі раённай улады, кіраўнікамі прадпрыемстваў і арганізацый раёна. Сітуацыя, на шчасце, была ўмоўная, але створаныя абставіны цалкам нагадвалі рэальнае надзвычайнае здарэнне, падчас “ліквідацыі” наступстваў якога ўсе службы спрацавалі аператыўна і зладжана.

Абвальванне будаўнічай канструкцыі, зноў жа па легендзе, прывяло да разгерметызацыі трубаправода з аміякам у аб’ёме каля 0,1 тоны, утварыліся аблокі заражанага паветра, узнікла пагроза атручвання людзей і хімічнага забруджвання тэрыторыі. Аміяк – вельмі небяспечнае рэчыва, пры ўдыханні якога адразу церпяць паражэнне лёгкія, адбываецца іх ацёк і наступае імгненная смерць. Невялікая колькасць аміяку ўтрымліваецца ў нашатырным спірце, таму можна ўявіць, як адаб’ецца на самаадчуванні значная яго канцэнтрацыя. Бачыць гэта прысутныя маглі навідавоку, калі з кампрэсарнай вынеслі ўмоўнага пацярпелага і пасля аказання першай дапамогі перадалі яго медыкам. Рухаўся персанал перпендыкулярна напрамку ветру, як і патрэбна ў дадзенай сітуацыі. Трэба адзначыць, што добраахвотная пажарная і санітарная дружыны прадпрыемства зрэагавалі аператыўна і зладжана. Затым у барацьбу ўключыліся выратавальнікі: з дапамогай перфараваных рукавоў стварылі вадзяны заслон, каб не дапусціць далейшага распаўсюджвання атрутнага воблака і абясшкодзіць наступствы выкіду аміяку.

Разам з тым, у рамках вучэнняў удзельнікі пазнаёміліся з работай раённага міні-цэнтра бяспекі для дзяцей і падлеткаў, які адным з першых у Мінскай вобласці адкрыў свае дзверы. Тут рабяты навучаюцца правілам паводзін на вадаёмах, балотах, пясчаных кар’ерах, дарозе, у лесе і, зразумела, у экстрэмальных сітуацыях. Не застаюцца па-за ўвагай і прынцыпы аказання першай медыцынскай дапамогі.

У завяршэнні мерапрыемства прысутныя наведалі цэнтральную пажарную аварыйна-выратавальную часць, дзе супрацоўнікі аддзела па надзвычайных сітуацыях прадэманстравалі магчымасці спецтэхнікі і сваю фізічную падрыхтоўку.
Вынікі падвялі ў актавай зале пасля прагляду навучальнага фільма, кадры якога яскрава адлюстравалі сумныя наступствы бяспечных паводзін дарослых і дзяцей.

Алена МУРАЧ.
Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *