Усмешлівая Яўгенія і яе мужная матуля Алена

Чарговая гераіня, а дакладней, героі нашага праекта – усмешлівая, дапытлівая Яўгенія і яе мужная, аптымістычная матуля Алена Нехаі з Новін.

Яўгенія з матуляй быццам адно цэлае, яны без слоў разумеюць адна адну. Алена Яўгенаўна робіць усё магчымае, каб дачушка ні ў чым не мела патрэбы, клапоціцца пра яе дабрабыт. А Яўгенія бясконца любіць матулю. — Так, у мяне асаблівая дачушка. Спачатку было складана гэта прыняць. Зараз я імкнуся зрабіць усё магчымае і нават больш, каб стварыць ёй максімальна камфортныя ўмовы для развіцця, разнастаіць жыццё. Што параіць іншым бацькам? У кожнага свая сітуацыя, у кожнага сваё разуменне таго, што адбываецца. Адно магу сказаць: неабходна трымацца, імкнуцца быць бадзёрымі, не губляць аптымізм, як бы складана ні было. І памятаць, што за чорнай жыццёвай паласой абавязкова будзе белая. І ўсё будзе добра! Іначай жа не можа быць

З Яўгеніяй пазнаёмілася на адным з мерапрыемстваў, якое праходзіла ў Бярэзінскім ТЦСАН. Дзяўчына гучна, выразна расказвала вершы. У гэты час вачыма, поўнымі пяшчоты, любові, на яе пазірала матуля Алена Яўгенаўна. Паміж імі быццам нябачная сувязь: яны, гледзячы адна на адну, адчуваюць падтрымку і бадзёрасць.

— Мне вельмі падабаецца наведваць заняткі ў цэнтры, — расказвае Яўгенія. – Я спяваю, вершы расказваю. Але больш за ўсё люблю плесці кошыкі з папяровых трубачак. Гатова хадзіць у цэнтр хоць кожны дзень!

Так, два разы на тыдзень Яўгенія наведвае аддзяленне дзённага знаходжання для інвалідаў. А ўсё дзякуючы матулі.

— Спецыяльна скончыла вадзіцельскія курсы, набыла машыну, каб можна было прывозіць Яўгенію ў цэнтр. Хочацца, каб дачушка не сядзела ў чатырох сценах, а мела зносіны, займалася справай, а для гэтага неабходна прывозіць у цэнтр і забіраць. А чым сябе заняць, пакуль дачушка на занятках?

Выхад знайшоўся: уладкавалася сацыяльным работнікам на даму. Пакуль Яўгенія ў цэнтры, я на – працы. Дапамагаю бабулям і дзядулям, — расказвае жанчына. – У мяне на абслугоўванні 3 чалавекі ў Мікулічах і тры – у Беразіно. Не, не складана працаваць: я люблю дапамагаць людзям, клапаціцца пра іх. Іду па жыцці з дэвізам: рабі дабро, яно абавязкова вернецца. Добрых, міласэрных людзей шмат. І нам на іх шанцуе. Да прыкладу, цудоўны калектыў у цэнтры карэкцыйна-развіваючага навучання, куды Жэня хадзіла. Там, сапраўды, людзі – прафесіяналы сваёй справы.

Яўгенія з задавальненнем наведвае аддзяленне дзённага знаходжання ў Бярэзінскім ТЦСАН. Там удзельнічае ў святах, мерапрыемствах: любіць расказваць вершы. А яшчэ ёй падабаецца ствараць розныя вырабы. — Я вельмі люблю хадзіць у цэнтр, — заўважае Яўгенія. – Там я самая малодшая: мне ўдзяляюць шмат увагі

Складана працаваць з дзеткамі, а з асаблівымі — удвайне цяжэй. Але педагогі цудоўна спраўляюцца – робяць жыццё нашых дзетак больш яркім і насычаным. Яны дапамагаюць ім у сацыялізацыі. У дачушкі – затрымка псіхічнага развіцця… Чаму так здарылася? Складана сказаць. Гэта хвароба з дзяцінства. Згадваю цяпер: цяжарнасць праходзіла нармальна, адчувала сябе станоўча, выконвала рэкамендацыі ўрачоў… Дачушка нарадзілася маленькай вагі, ляжала доўгі час пад апаратамі… Калі даведаліся пра дыягназ: адразу спужаліся! Што гэта за захворванне, што рабіць, як дапамагчы дачушцы, як жыць далей?! Ніколі з такім не сутыкаліся. Было шмат пытанняў… Але паступова, крок за крокам, мы спраўляліся з праблемамі. І зараз я не шукаю адказ, чаму ў мяне асаблівая дачушка. А радуюся, што яна ў мяне ёсць! Раблю ўсё магчымае, каб разнастаіць яе жыццё.

Яўгенія скончыла 9 класаў у карэкцыйна-развіваючым цэнтры. Там навучылася лічыць, крыху чытаць і пісаць.

— У гульнявой форме выхаванцаў вучылі і асноўным правілам бяспечнай жыццядзейнасці, — расказвае Алена Яўгенаўна. — Яўгенія ведае: нельга браць, да прыкладу, запалкі, адчыняць дзверы незнаёмым… Зараз магу на пэўны час (але так хвалююся, як мая дачушка без мяне) пакінуць дачушку дома адну. Аб правілах бяспекі нагадваю ёй пастаянна. Вучаць гэтаму і ў цэнтры. Бясспрэчна, я хвалявалася, як прымуць дачушку ў Бярэзінскім ТЦСАН, ці спадабаецца ёй у аддзяленні. Але перасцярогі былі дарэмныя.

— У карэкцыйным цэнтры я была самая старэйшая, — дадае Яўгенія. – А зараз – самая малодшая. І мне заўсёды шмат увагі.

— Так, прыемна, што Яўгенія знайшла сяброў, — заўважае Алена Яўгенаўна. — На жаль, у вёсцы дзеці не вельмі хочуць сябраваць з дачушкай. А ёй жа патрэбна ўвага! Ёй таксама хочацца сумесна гуляць, гутарыць. У мяне “душа баліць”, калі бачу, што дзеці ад яе адварочваюцца… А вось у цэнтры — сябры, агульныя інтарэсы.

Яўгенія вельмі дапытлівая дзяўчынка. Ёй цікава ўсё: задае пытанні, удакладняе. Дома любіць глядзець мультфільмы, гуляць з надзейнымі сябрамі – сабачкам і коцікамі. І дапамагае матулі.

— Мы трымаем даволі вялікую гаспадарку. Садзім агарод. І праполкай займаемся разам з Яўгеніяй.
Я вырываю траву, дачушка – выносіць, — зазначае гаспадыня. – Імкнуся, каб яна была задзейнічана па максімуме, каб не была адна, не сумавала. Разам і гатуем. Увогуле, напэўна, няма такой справы, у якой бы мне Жэня не дапамагала. Так, не заўсёды ў яе ўсё атрымліваецца. Але ж не ў гэтым сутнасць. Мы ж разам робім, падтрымліваем адзін аднаго – гэта галоўнае.

— Так, я дапамагаю матулі. А яшчэ люблю карміць коціка, сабачку! – дадае Яўгенія.

Старэйшая дачка Алены Яўгенаўна — Крысціна — скончыла фінансава-эканамічны каледж, працуе ў Мінску па спецыяльнасці. Але кожную пятніцу спяшаецца дамоў!

— Сястрычкі вельмі дружныя, любяць адна адну, падтрымліваюць, — заўважае гаспадыня.

— Так, я з нецярпеннем чакаю, калі прыедзе Крысціна, — дадае з усмешкай Яўгенія. – Люблю з ёй праводзіць час. Калі толькі Крысціна паедзе, я іду да календара, гляджу, які сёння дзень, і лічу, колькі засталося да яе прыезду.

Любяць усе разам праводзіць час: выбірацца на вуліцу, адпачываць, займацца хатнімі справамі. А яшчэ – даглядаць за кветкамі! Іх у доме вельмі шмат, прычым розныя.

— Мне падабаюцца кветкі! У нас каля дома іх з ранняй вясны да позняй восені вельмі і вельмі шмат. У доме таксама ёсць, — заўважае гаспадыня. – Больш за ўсё я люблю архідэі. Увогуле, калі стамляюся, няма сіл, прысяду, пагляджу на квітнеючыя вазоны – трывогі адпускаюць. Паглядзіце, нават зімой некаторыя расліны багата квітнеюць. Галоўнае – клопат, любоў!

Галоўнае захапленне Алены Яўгенаўны — кветкі. Дома іх вельмі шмат. Асабліва любіць гаспадыня архідэі: ёсць і чырвоныя, і ружовыя…

Гутару з Аленай Яўгенаўнай, дзіўлюся, як жанчына з усім спраўляецца, адкуль бярэ сілы?!

— Не ў маіх правілах сядзець на адным месцы, сумаваць, скардзіцца на жыццё! Раблю ўсё магчымае і немагчымае, каб мае дачушкі былі шчаслівымі. Што параю матулям, у якіх асаблівыя дзеткі? Скажу адно, не здавацца, як бы цяжка ні было, не падаць духам, змагацца, пераадольваць праблемы. Памятайце, за цёмнай паласой абавязкова будзе белая: праверана на ўласным вопыце. У любой сітуацыі неабходна шукаць і знаходзіць станоўчыя моманты, радавацца кожнаму дню. Жэня вывучыла верш, стварыла выраб, ды проста ўсміхаецца, у цудоўным настроі – радуюся! І ў нас цяжкасцей хапае, але мы спраўляемся. Бо мы разам. Адкуль чэрпаю сілы? Вельмі люблю сваіх дачушак, аберагаю іх, клапачуся. Іх усмешкі, цудоўны настрой і надаюць мне сілы!

Пакуль размаўляем, Яўгенія сядзіць каля матулі, прыціскаецца да яе, трымае за руку.

— Я люблю цябе, матуля! – дадае Яўгенія. – І вочы іскрацца шчасцем, радасцю.

— Вось такія словы, шчырыя ўсмешкі – самае галоў-нае для мяне, — дадае Алена Яўгенаўна.

Юлія БУКЕЛЬ.
Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *