“Усё жыццё работачку рабіла”

Калі Марыі Крывашэй споўнілася 55 гадоў і яна зазбіралася на пенсію, старшыня мясцовага калгаса асабіста звярнуўся да яе з просьбай не спяшацца ісці на заслужаны адпачынак, а яшчэ хоць на колькі гадоў застацца ў гаспадарцы і папрацаваць на ферме: надта ж там былі патрэбны яе нястомныя рукі і багаты вопыт. Пагадзілася, і яшчэ тры гады запар ранкамі бегала да сваіх рагуль, прысвячаючы сябе прывычнай з маладосці справе.

На гэтым фотаздымку, зробленым у 1950 годзе, Марыі Крывашэй 30 гадоў

— А работа тая – не з лёгкіх, — расказвае жанчына. – На той час выконваць даводзілася ўсё ўручную – і даіць, і гной выдаляць, і кармы разносіць, камбікорм раздаваць, стойлы чысціць. Бывалі выпадкі, што і за касу бралася пасля дойкі, каб кароўкам свежай травы нарыхтаваць. Што і казаць, цяжка было. У статку – 25 каровак, і кожную ўручную трэба выдаіць. Дзеці дапамагалі. І нягледзячы на тое, што ў мяне адны хлопцы, з дзяцінства таксама даіць умелі.
Сёння ў жывёлаводаў умовы працы зусім іншыя: працаёмкія працэсы механізаваныя, за працэсам аўтаматычнай дойкі сочаць камп’ютары… Шмат чаго памянялася таксама ў жыцці і ў свеце за гэтыя гады – з 1978 года, калі М. Крывашэй стала паўнапраўнай пенсіянеркай і ў 58 гадоў канчаткова выйшла на заслужаны адпачынак. За гэты час цэлае пакаленне паспела вырасці. Дык колькі ж у такім выпадку жанчыне гадоў, запытаецеся вы. Першага ліпеня яна адзначыла стагадовы юбілей!
Колькі ўсяго адбылося за гэты доўгі час! Нават не ўзгадаеш. Успаміны аб мінулым сёння часткова пераблыталіся, некаторыя факты наогул сцёрліся з памяці. Але асноўныя факты сваёй біяграфіі Марыя Якаўлеўна ўсё ж прыводзіць, штосьці, па ранейшых расказах матулі, штосьці падказваюць дзеці.
У самастойнае жыццё Марыя ўступіла яшчэ да вайны, калі разам з цёткай паехала з роднага Міхалёва ў Карэла-Фінскую АССР. Там і пачала працоўную дзейнасць. Адпрацавала два ці тры месяцы, але зарплату на рукі так і не паспела атрымаць – пачалася вайна. Добраахвотніцай хадзіла капаць абарончыя акопы, трапляла пад абстрэлы і бамбёжкі. Аднаго разу пры пераправе цераз возера толькі цудам уцалела: два з трох плытоў, на якіх перабіраліся людзі, тады разбамбілі, плот, на якім была жанчына, аказаўся непашкоджаным.
Потым была эвакуацыя. Марыя Хахол аказваецца ў Валагодскай вобласці. Дзе і кім працавала там – дакладна ўзгадаць не можа, памятае, што ў сельскай гаспадарцы, і што калі за ёй прыехалі сваякі, каб забраць дамоў у вызваленую Беларусь, адпускаць яе не хацелі.

Далейшы лёс Марыі Якаўлеўны таксама быў звязаны з сельскай гаспадаркай. Спачатку гэта была работа на сепаратарным пункце ў Багушэвічах, куды звозілі для перапрацоўкі малако з суседніх гаспадарак. Тут жа дзяўчына сустрэла і свайго суджанага – Мікалая Крывашэя з вёскі Дамашкі, будучага бацьку іх чатырох сыночкаў. Перабраліся ў Багушэвічы, пабудавалі дом. І калі сепаратарны цэх закрыўся, Марыя перайшла на мясцовую малочнатаварную ферму даяркай. Там, у тагачасным калгасе “Чырвоная Беларусь”, і працавала да выхаду на пенсію.
Не песціла жыццё Марыю Крывашэй. Спачатку муж атрымаў інваліднасць, затым памёр у 1970 годзе, праз 15 гадоў пайшоў з жыцця адзін з сыноў. Большасць работы, часта і зусім не жаночай, даводзілася браць на сябе: і па будаўніцтве дома, і па нарыхтоўцы кармоў і паліва на зіму, і па апрацоўцы зямельнага ўчастка, які складаў 60 сотак. Гэта – акрамя вядзення ўласнай гаспадаркі (як без яе на вёсцы пражывеш?), дзе былі і свінні, і куры, і гусі, і нават бараны. Асобным клопатам матулі былі дзеці: не так проста паставіць на ногі хлопцаў, выгадаваць з іх годных людзей. Але ж удалося, атрымалася, і сёння вяртаюцца яе намаганні шчырым клапатлівым доглядам, любоўю і павагай.

Пасля ўрачыстага віншавання доўгажыхаркі намеснік старшыні райвыканкама Уладзімір Навіцкі гутарыць з юбіляркай

— Які мой сакрэт даўгалецця? Ды няма яго, — паціскае плячыма Марыя Якаўлеўна. – Я ўсё жыццё работачку рабіла, яна, відаць, і сілы мне давала. Ды і божанька беражэ, падарыў доўгі век, бо з дзяцінства была прывучана да веры і сёння жыву з Богам. На здароўе не скарджуся, нічога не баліць. Адно што кепска – зрок страціла ды слабею.
А так за дзецьмі ды нявесткай жыву, як прынцэса. Любіце працу і людзей, ні-колі не кажыце пра іх кепска.

Дарэчы, гэтымі днямі віншаванні са стагоддзем прымала яшчэ адна доў-гажыхарка Бярэзіншчыны – былая працаўніца калгаса “Памяць Леніна” з вёскі Мацевічы Васіліна Камлёнак. Матэрыял пра яе чытайце ў адным з наступных нумароў газеты.

Анатоль ПАЛЫНСКІ. Фота Алены МУРАЧ і з сямейнага архіва М.Я. Крывашэй.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *